Што будзе з беларускай эканомікай, калі Крэмль не кампенсуе нафтавы манеўр?


Як ведаем, учора Уладзімір Пуцін з Аляксандрам Лукашэнкам хутчэй за ўсё ні аб чым не дамовіліся. Акрамя таго, што мусяць як мага хутчэй – яшчэ да канца года – сустрэцца ізноў, і таго, што Менск не атрымаў кампенсацыі за падаражэнне нафты. Чаму Крэмль не пагаджаецца даваць грошай саюзніку, ды што будзе, калі і не дасць?

Не дамовіліся. Калядная сустрэча кіраўнікоў Расеі ды Беларусі ў Маскве запомнілася журналістам толькі нервовымі жэстамі Уладзіміра Пуціна ды расейскага віцэ-прэм‘ера Антона Сілуанава. А спадзяванні былі вялікія. Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка:

«Вы толькі што сказалі, што мы можам дамовіцца. Я больш за тое скажу: мы сапраўды можам дамовіцца, бо каманды, якія з намі тут, правялі шэраг раўндаў перамоваў. Яны ведаюць праблемы, ды і мы з вамі ўжо добра азнаёмленыя з тымі праблемамі ды пытаннямі, якія трэба вырашыць».

Кошт праблемы – кампенсацыі гэтак званага падатковага манеўру, паводле Менску, дасягае нават 12-ці мільярдаў долараў. Столькі цягам шасці гадоў Беларусь мае страціць ад таго, што Расея павысіць унутраныя кошты на нафту да сусветных. Перад паездкай у Маскву Лукашэнка не хаваў крыўды:

«І было прынятае рашэнне. І заява была першага віцэ-прэм‘ера Сілуанава, які казаў, што страты Беларусі немалыя, і мы гатовыя кампенсаваць гэтыя страты коштам бюджэту. І затым раптам усё спынілася!»

«Наш падатковы манеўр – нашая ўнутраная справа, а хочаце субсідыяў – інтэгруйцеся!» – нечакана для кіраўніцтва Беларусі заявіла Масква. Віцэ-прэм’ер Расеі Антон Сілуанаў дадае:

«У нас у саюзнай дамове было напісана пра адзіную валюту, адзіны эмісійны цэнтр, адзінае заканадаўства ў галіне падаткаў і бюджэту. Давайце інтэгравацца, бо калі мы кажам, што будзем субсідаваць прадпрыемствы перапрацоўвання нафты ў Беларусі, то гэта ўжо глыбокі элемент інтэграцыі».

Дамова амаль дваццацігадовай даўніны аб стварэнні Саюзнай дзяржавы дазваляе Расеі ўзяць кантроль не толькі над беларускай эканомікай, але і над мяжой і спецслужбамі.

«Відавочна, што расейскае кіраўніцтва спрабуе развязаць унутрыпалітычныя праблемы (праблему рэйтынгу, «Праблему 2024», калі Пуцін скончыць прэзідэнцкі тэрмін) з дапамогай Беларусі», – мяркуе Арсеній Сівіцкі, Цэнтр стратэгічных і замежнапалітычных даследаванняў.

Беларусы былі б не супраць далучэння да Расеі – пра гэта адкрыта заяўлялі дэпутаты Дзярждумы ад фракцыі ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі і Міхаіл Дзегцяроў. Некаторыя з апытаных намі масквічоў таксама не супраць павялічыць прасторы сваёй радзімы коштам Беларусі:

«Канечне, трэба! Чым большая дзяржава, тым яна магутнейшая».

«Думаю, не трэба. Яны і так сябе нядрэнна адчуваюць, і мы таксама».

«Я лічу, што трэба. Мы ж усе людзі. Мы ўсе хочам жыць у міры, каб мы ўсе разам жылі, нават тая ж Украіна».

«Навошта? Сілай нікога не прымусіш».

«Навошта? У нас усё быццам бы ўстаялася. Што нам, мала свайго?»

Крэмль хоча толькі ашчадзіць грошы – пераконваюць расейскія аналітыкі. Але прадказваюць Лукашэнку праблемы на выбарах 2020 года. Па словах Дзмітрыя Салоннікава з Інстытуту сучаснага дзяржаўнага развіцця (Расея):

«Лукашэнка выбіраўся заўсёды на супрацьстаянні з Захадам і пазітыўных дачыненнях з Расеяй. Ён дэманстраваў стасункі з Расеяй як драйвер беларускай эканомікі. Калі цяпер у дачыненнях узнікнуць праблемы, то, зразумела, і ў яго ўзнікнуць праблемы ў электаральным полі».

Беларуская эканоміка адразу не абрынецца, бо субсідыі будуць знікаць паступова.

«Калі дамоўленасці, дасягнутыя ў 2017 годзе ў Санкт-Пецярбурзе, будуць працаваць, то страты будуць невялікія. Наступны год мы яшчэ зможам перацярпець нейкім чынам. А вось што будзе ў 2020-м – гэта ўжо іншае пытанне», – кажа Арсеній Сівіцкі.

Шанцы атрымаць кампенсацыю за падатковы манеўр мінімальныя, лічаць эксперты. Але яны яшчэ ёсць. Лукашэнка і Пуцін дамовіліся сустрэцца перад Новым годам. Каб дасягнуць кампрамісу, у Менску і Масквы засталося ўсяго пяць дзён.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Фота: Sergei Savostyanov / TASS / FORUM