Беларуская эканоміка запаволіць рост. Прычыны і прагноз


Следам за Міжнародным валютным фондам прагноз эканамічнага росту ў негатыўны бок перагледзеў і Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця. Чаму міжнародныя фінансавыя ўстановы сталі больш скептычныя да нашай гаспадаркі?

Сёлета эканоміка Беларусі вырасце на сціплыя 2 адсоткі – мяркуе Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця. Гэта на палову адсоткавага пункту менш, чым банк прагназаваў увосень. Трывогу аналітыкаў выклікае ўзмацненне вонкавых рызыкаў, а менавіта правядзенне Расеяй падатковага манеўру ў нафтавай галіне.

«Перамовы аб кампенсацыі працягваюцца. Былі меркаванні, што Расея скампенсуе страты. Пра гэта казалі прыблізна паўгода таму, але раптоўна Расея змяніла пазіцыю», – кажа Таццяна Манёнак, інтэрнэт-выданне «Белрынак».

Расея павышае цэны чорнага золата на ўнутраным рынку да сусветнага ўзроўню. У выніку нафтавыя субсідыі для Беларусі неўзабаве знікнуць.

Цягам пяці гадоў нашая краіна страціць да 10 мільярдаў долараў – заявіў паўгода таму беларускі Мінфін. Але рост цэнаў расейскай нафты – не адзіная вонкавая пагроза для эканомікі.

«Расея паступова абмяжоўвае імпарт сельскагаспадарчых тавараў з Беларусі, бо, па-першае, Масква падазрае, што вялікая колкасць з іх – гэта кантрабанда, а, па-другое, расейцы паступова развіваюць уласную сельскую гаспадарку і паступова скарачаюць той харчовы дэфіцыт, які ў іх назіраўся з моманту распаду Савецкага Саюзу», – кажа Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату».

Адной малочнай прадукцыі на расейскім рынку Беларусь прадае больш як на паўтара мільярда долараў на год. Аднак летась «Рассельгаснагляд» стаў часцей забараняць пастаўкі харчоў з Беларусі, абвінавачваючы прадпрыемствы ў парушэннях санітарных нормаў. Сёння пад забарону трапіў чарговы малаказавод і два мясакамбінаты.

«І Расея, і Беларусь перабываюць не толькі ў Саюзнай дзяржаве (якая азначае агульныя мыты і адкрытыя рынкі), яны будуюць Еўразійскі эканамічны саюз. Гэта таксама азначае, што нейкіх унутраных перашкодаў, бар’ераў на шляху гэтай прадукцыі не павінна быць», – тлумачыць Таццяна Манёнак.

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця прадказвае запавольванне эканамічнага росту, калі Менск не пачне «глыбокіх структурных рэформаў» – іначай кажучы, калі дзяржава не перастане быць тым, хто валодае і кіруе прадпрыемствамі.

«Кіруюць імі не бізнесоўцы, якія рызыкуюць сваймі грашыма і шукаюць спосабу павелічэння прыбытку, а кіруюць імі чыноўнікі, якія рызыкуюць нашымі грашыма – грашыма падаткаплатнікаў. Яны зацікаўленыя не ў павелічэнні прыбыткаў, а часам зацікаўленыя ў павелічэнні стратаў – каб атрымаць больш субсідыяў», – гаворыць Станіслаў Івашкевіч.

Пакуль рэформаў Менск не робіць, мадэрнізуе нафтаперапрацоўчыя заводы, павышае цэны на паліва і павялічвае экспарт харчоў у Цэнтральную Азію і Кітай. Але, як падкрэслівае Таццяна Манёнак, усё менш прадказальны расейкі рынак яшчэ доўга застанецца галоўным для большасці беларускіх экспарцёраў.

Аляксандр Папко, belsat.eu