Гэта не першы досвед працы на Блізкім Усходзе для Бэрнда Штанге.
Былы настаўнік футбольнай зборнай Беларусі Бэрнд Штанге стаў галоўным трэнерам зборнай Сірыі.
Нямецкі спецыяліст, якому ў сакавіку споўніцца 70 гадоў, працаваў у Беларусі з 2007 па 2011 год. Менавіта пад яго кіраўніцтвам беларуская зборная дабілася найвышэйшага дасягнення ў рэйтынгу FIFA і паднялася на 36-е месца ў 2011 годзе.
Пасля развітання з Беларуссю, Штанге два гады не займаўся трэнерскай дзейнасцю. У 2013–2016-м кіраваў зборнай Сінгапуру.
У кар’еры Штанге быў досвед працы з камандамі з Блізкага Усходу. У 2001-м ён узначаліў зборную Амана, але не пратрымаўся там і трох месяцаў. Неўзабаве Штанге пачаў трэнаваць зборную Іраку, але з прычыны вайны адмовіўся ад гэтае працы.
«Прэсбол» нагадвае, што сірыйская нацыянальная каманда спынілася ў двух кроках ад выхаду на чэмпіянат свету 2018 года: у чацвёртым раўндзе кваліфікацыі сірыйцы па суме двух сустрэч саступілі камандзе Аўстраліі (1: 1, 1: 2)
ДД