Экс-прэзідэнта Кыргызстану Атамбаева вінавацяць агулам па 10 крымінальных справах


Былому кіраўніку Кыргызстану выставілі абвінавачванне яшчэ па двух карупцыйных справах. Пра гэта паведаміў ягоны адвакат, перадае РИА «Новости».

«Яму ўручылі яшчэ два апавяшчэнні аб абвінавачванні ў карупцыі. Абедзве справы датычаць набыцця зямельных участкаў у сяле Кой-Таш», – заявіў адвакат Атамбаева.

Такім чынам, усяго на сённяшні дзень Атамбаеву інкрымінуюць здзяйсненне 10 цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў.

Сярод абвінавачванняў супраць экс-прэзідэнта – арганізацыя масавых беспарадкаў, забойства, замах на забойства, захоп закладнікаў і ўжыванне гвалту ў дачыненні да прадстаўніка ўлады. Паводле версіі спецслужбаў, былы кіраўнік дзяржавы рыхтаваў дзяржпераварот. Акрамя таго, яго абвінавацілі ў карупцыі пры мадэрнізацыі ЦЭЦ Бішкеку і пры набыцці офісных будынкаў.

Атамбаеву можа пагражаць пажыццёвы тэрмін.

Пасля няўдалай спробы штурму рэзідэнцыі Атамбаева ў Кой-Ташы 7 жніўня пацярпелі 136 чалавек, адзін спецназавец загінуў. Пазней яго ўсё ж затрымалі.

КА belsat.eu

Стужка навінаў