Экс-кіраўніка Лоеўскага раёну пакаралі 7 гадамі калоніі


Суд Рэчыцкага раёну прызнаў вінаватым у карупцыі былога старшыню Лоеўскага райвыканкаму Сяргея Дзмітрава і пакараў яго 7 гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасці.

Сяргей Дзмітраў узначаліў Лоеўскі раён у чэрвені 2016 года. Але ўжо ў снежні 2017 года ён быў зняты з пасады і ў хуткім часе арыштаваны паводле абвінавачванне ў атрыманні хабараў і перавышэнні службовых паўнамоцтваў.

Першыя эпізоды крымінальнай справы чыноўніка тычыліся яшчэ 2014 году, калі Дзмітраў узначальваў філіял РУП «Гомельэнерга» «Дубрава-Агра» Светлагорскага раёну. Паводле следства, Дзмітраў тады заключаў кантракты з камерцыйнымі структурамі на нявыгадных умовах. Тое ж самае адбывалася, калі Дзмітраў стаў старшынёю райвыканкаму – ён загадваў дзяржпрадпрыемствам выбіраць тых пастаўшчыкоў, на якіх сам указваў.

Следства лічыць, што за гэта Дзмітраў атрымліваў хабары ад бізнесоўцаў – тыя нібыта пабудавалі на ўчастку, што належаў жонцы чыноўніка, лазню і дзіцячую пясочніцу. У 2017 годзе Дзмітраву падарылі гараж у Светлагорску, бясплатна рамантавалі ягонае аўто.

Сваю віну Сяргей Дзмітраў не прызнаў. На судзе ён заявіў, што дзейнічаў у інтарэсах дзяржаўных прадпрыемстваў раёну і не атрымліваў хабараў.

ВІДЭА
Лоеў – унікальны райцэнтр Беларусі: толькі там няма транспартнага злучэння з Менскам
2016.11.22 18:53

ІІ, belsat.eu, паводле TUT.by

Стужка навінаў