Эканаміст: ратаванне эканомікі паводле ўзору ЗША можа даць адваротны эфект

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Курс беларускага рубля падчас гандляванняў на валютна-фондавай біржы зніжаецца два дні запар. «Белсат» высветліў, якія рызыкі атачаюць нацыянальную валюту і ці пагражае ёй дэвальвацыя ў бліжэйшай перспектыве.

Долар ЗША ў абменніках ізноў наблізіўся да 2,5 рублёў. 20 і 21 красавіка нашая валюта пачала губляць пазіцыі, якія на працягу апошніх тыдняў адваёўвала на рынку. Але пакуль нагодаў для хваляванняў няма, лічыць Вадзім Іосуб, старшы аналітык «Alpari»:

«Насамрэч многае будзе залежаць ад таго, як надалей будзе развівацца сітуацыя з нафтаю і курсам расейскага рубля. Мы бачылі, што з канца сакавіка да пачатку красавіка курс беларускага рубля ўмацоўваўся. Але пасля падзення каціровак нафты да адмоўных паказнікаў у нас распачаўся рост курсу долара. Тым не менш рабіць прагнозы на падставе сённяшняга дня не варта», – распавёў ён «Белсату».

Аналітык заклікае адкласці высновы на пазнейшы час, бо двухдзённыя ваганні на рынку не з’яўляюцца нечым надзвычайным.

«Галоўнае ва ўсім – рынак нафты, на якім шмат нявызначанасці, але гэтая з’ява часовая. Але ўжо восеньскія ф’ючарсы маюць прымальныя кошты на нафту. Таму я лічу, што мы ў гэты момант перажываем пік нявызначанасці. Перадусім таму, што ў Расеі пачалі карыстацца пэўнымі рэзервамі. На расейскім валютным рынку таксама адбываецца самы пік нявызначанасці. Уся гэтая негатыўная дынаміка закладзеная ў кошты. Мы бачылі, што ўчора нафта маркі Brent абвалілася вельмі моцна, але расейскі рубель адрэагаваў вельмі спакойна. Таму нейкіх маштабных зрухаў цяпер не чакаю», – адзначыў «Белсату» Валер Палхоўскі, аналітык «Forex».

Нафта падае, а курс долара ў Беларусі расце

Пры дзейнай палітыцы Нацбанку рэзкіх абвалаў не будзе

Аналітык «Alpari» Вадзім Іосуб выказвае меркаванне, што праблемы ў эканоміцы не заўсёды вядуць да падзення курсу нацыянальнай валюты і наадварот. У большасці краінаў свету вышэйназваныя зʼявы – не звязаныя паміж сабою.

«У нас жа ў мінулым эканамічны крызіс супадаў з рэзкім падзеннем курсу нацыянальнай валюты. Але звязана гэта з той бязладнай грашова-крэдытнай палітыкай, якая праводзілася да 2015 года. Усе праблемы ў эканоміцы залівалі грашыма, уключалі друкавальны станок, стымулявалі рост намінальных заробкаў. Грошы друкаваліся і раздаваліся направа і налева нават без намёкаў, што іх калі-небудзь трэба аддаць. Пры такой палітыцы валюта цярпела ўвесь час. Цяпер у нас грашова-крэдытная палітыка больш-менш разумная. Акуратныя паводзіны з заробкамі. Цалкам не спынілі, але рэальна скарацілі дапамогу стратным прадпрыемствам», – кажа Вадзім Іосуб.

Кіраўніцтва Нацбанку падчас брыфінгу. Фота: nbrb.by

Але адная палітыка Нацбанку не можа выратаваць эканоміку краіны. Гаспадарка Беларусі, як і ва ўсім свеце, цяпер уваходзіць у востры крызіс.

«Ёсць рызыкі. Але ў нас, зазвычай, падзенне эканомікі суправаджаецца і меншым спажываннем валюты. Неабходнасць у валюце наўпрост карэлюецца эканамічным ростам. Але варта адзначыць, што ёсць і тыя галіны, якія будуць даваць рост ВУП. Гэта і ІТ, і сельская гаспадарка. Нафтавая галіна, вядома, перажывае крызіс. Я думаю, што верагодней, крызіс нас абміне, але і руху наперад чакаць не варта. Самыя вялікія змены, якія маглі адбыцца, ужо адбыліся», – прагназуе Валер Палхоўскі.

Вадзім Іосуб: адсутнасць наяўнай валюты – новы выклік у свеце

Эканамісты мяркуюць, што ў выпадку істотнага зніжэння прыбыткаў насельніцтва імпарт будзе падаць хутчэй, чым экспарт, а курсы замежных валют могуць нават зніжацца. Іншая справа, што дзеля выратавання эканомікі краіны ўлады могуць запусціць друкавальны станок. Такія размовы ўжо пачалі гучаць сярод чыноўнікаў.

Ці дасканала засвоілі ўлады ўрок 2010 года?

«Літаральна некалькі тыдняў таму на гэтую тэму выказаўся Міхаіл Мясніковіч, паводле якога цяпер крызіс і неабходна ратаваць прадпрыемствы, нягледзячы на пагрозы інфляцыі і дэвальвацыі. Я спадзяюся, што да гэтых галасоў не прыслухаюцца. Ёсць спадзяванні, што існае кіраўніцтва Нацбанку не пойдзе на такі крок. Змена палітыкі рэгулятара цяпер магчымая толькі пры змене кіраўніцтва ўстановы. Але ў цэлым гэтыя рызыкі мы не можам выключаць. Бо калі нехта пераканае кіраўніка краіны друкаваць грошы, то гэта і адбудзецца. Усе рашэнні ў нашай краіне прымае адна асоба», – кажа Вадзім Іосуб.

У Беларусі з 2015 года ўлады не злоўжывалі ўкідваннем у эканоміку незаробленых грошай. Калі б гэта адбылося цяпер, нацыянальная валюта імкліва абвалілася б.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Небяспека ў тым, што цяпер аргументам для друкавання грошай можа стацца прыклад таго, што ЗША і Еўропа пачалі друкаваць грошы ў дапамогу эканоміцы. Але трэба разумець, што там зусім іншая сітуацыя, зусім іншая эканоміка і зусім іначай друкуюцца грошы. У адрозненні ад Беларусі, на Захадзе ніхто ніколі не дапамагаў неэфектыўным, хранічна стратным прадпрыемствам на незваротнай падставе. Там дапамога ідзе праз банкаўскую сістэму. Цэнтрабанкі не крэдытуюць эканоміку, яны могуць надрукаваць грошы і аддаць банкам. А тыя ўжо крэдытуюць прадпрыемствы на ўмовах, што грошы вернуцца. І яны вяртаюцца. Параўноўваць гэта з тым, як адбываецца ў нас нельга», – нагадвае Вадзімі Іосуб.

Таму калі Аляксандр Лукашэнка пойдзе на такі крок, як Доналд Трамп, вынік будзе абсалютна іншы – робім выснову са словаў эксперта.

Крызіс на парозе. Як уратаваць свае ашчаджэнні?

СК belsat.eu

Hавiны