Вадзім Іосуб: адсутнасць наяўнай валюты – новы выклік у свеце


Курс еўра ў абменніках набліжаецца да трох рублёў, а долары папросту зніклі, наяўнай валюты на ўсіх ахвотных не стае.

«Цяпер не купіш валюты, няма».

«Мне трэба было за кватэру набыць 280 долараў, і я не знайшла ў трох банках: «Беларусбанк» у Фрунзенскім раёне і ў «Замку» таксама не было», – скардзяцца менчукі.

З пачатку месяца кошт долара павялічыўся больш як на 14 адсоткаў, а з пачатку года вырас амаль на чвэрць, да двух рублёў 65 капеек.

Нацбанк тлумачыць: долараў няма таму, што складана даставіць наяўныя са Злучаных Штатаў, бо праз каронавірус абмежавалі колькасць міжнародных палётаў. Эканамісты кажуць, што такому тлумачэнню можна давяраць, маўляў, у адрозненне ад крызісу 2011 года, безнаяўная валюта ў краіны і банкаў ёсць, праблема – у транспартаванні наяўных грошай.

«Сітуацыя, калі ёсць безнаяўная валюта, але складана даставіць наяўную праз каранціны, праз абмежаванні ў палётах і гэтак далей – гэта новы выклік у свеце. Сказаць дакладна, калі гэтая праблема вырашыцца, складана, але я спадзяюся, што яна вырашыцца», – тлумачыць старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.

Нацбанк прызнаў, што для падтрымання фінансавай стабільнасці ў краіне ўводзіў дадатковыя захады, але Вадзім Іосуб тлумачыць, што на кошт валюты яны паўплываць не могуць. У Беларусі захоўваецца плывучы курс рубля.

«Асноўная захада скіраваная на тое, каб зрабіць стаўкі па дэпазітах вышэйшымі, прыцягнуць грошы ў банк. Ніякага негатыву для курсу такія захады не нясуць», – адзначае Вадзім Іосуб.

Беларусы тлумачаць прычыны росту курсаў валюты сітуацыяй у свеце і рыхтуюцца да крызісу:

«Як я разумею сітуацыю, гэта з нафтай звязана, што долар скача, нафты не набываюць, і заводы стаяць».

«Падрос-падрос і на месца вернецца. Гэта часова, можа, у сувязі з каронавірусам падняўся, бо тавары, затрыманні на межах, у сувязі з гэтым».

«Мы не закупілі, але, мне падаецца, крызіс будзе, валюта будзе расці, і да лета ўсё будзе вельмі кепска».

«Крызіс ёсць, безумоўна, і я на сабе яго адчуў, бо працую ў кампаніі, што займаецца імпартам, і мы ўжо адчуваем, што наступае момант крызісу».

Крызіс адчувае і кіраўнік Беларусі ды рыхтуе да яго суграмадзянаў:

«Што датычыць фінансава-эканамічнага крызісу, мы туды ўжо адной нагой уступілі. А цяпер, паколькі валатыльнасць і хістанні па ўсіх кірунках вельмі высокія, спрабуем гэтую нагу вярнуць на месца. У чым галоўнае пытанне: удасца нам гэтую нагу вярнуць і побач паставіць ці мы туды і другую нагу ўсунем?»

У сітуацыі, калі не стае наяўных долараў, Нацбанк прапаноўвае набываць іншую валюту, якая ёсць у дастатковай колькасці, а Вадзім Іосуб раіць дыверсіфікаваць ашчаджэнні паміж рублём на дэпазіце, доларам і еўрам.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»