«Дзяўчына, якая смяялася з Бога», ды іншыя ўнікальныя фота Наталлі Дораш


Наталля Дораш, легендарная гарадзенская фатографка, прэзентавала сваю выставу «Мая Горадня 1970–1979» – калекцыю здымкаў з плёнак, што некалькі дзесяцігоддзяў праляжалі ў меху на антрэсолях…

Наталля прызнаецца, што, як толькі бацька падарыў ёй «Зеніт», яна з ім фактычна не расставалася – нават выходзячы ў краму брала з сабою. Гэтак назбіраўся агромністы неверагодны архіў. Цяпер публічна выстаўленая толькі невялічкая яго частка, адзнятая ў 1970-ых.

На адкрыцці выставы. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Фактычна за кожным здымкам стаіць гісторыя – часам вясёлая, а часам і трагічная. Мы выбралі Топ-5 фота з аўтарскімі гісторыямі да іх, пераказанымі ад першай асобы.

Свіння, якая «ганьбіць савецкі лад»

Той самы здымак са свіннёй. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Здымак свінні на бруку зроблены ў цэнтры гораду – на Савецкай вуліцы. Адкуль яна збегла? Можа, з раёну Траецкай? Я пачала здымаць, чую, нехта да мяне бяжыць… Мажны такі дзядзька хапае мяне за руку, крычыць: «Зганьбіць савецкі лад захацела! Агент! У міліцыю яе! Плёнку засвяціць!» Людзі пачалі збірацца, я фотаапарат не аддаю, а страшна ж як…

Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Свіння таксама спужалася і пабегла ў бок Савецкай плошчы – ужо ў самы цэнтр! Мужык мяне адпусціў і кінуўся за свіннёй, а я, перапужаная, нейкімі падваротнямі пасля вярталася дадому.

Куды знікалі лавы ў парку?

Парк, дзе знікалі лавы. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Вось некалькі здымкаў з гарадскога парку. Цяпер ён пусты, голы, а раней было мноства зеляніны – кустоўя бэзу. І тут у парку пачалі знікаць лавы – з металічнымі ножкамі, драўлянымі сядушкамі, цяжкія… Куды? Хлопцы наўпрост перастаўлялі іх углыб зарасніку, каб запрашаць дзяўчат. Во розум! Так ідзеш побач і нават не падумаеш, што ж там, за зелянінаю робіцца…

Першая прыгажуня гораду з трагічным лёсам

Фота першай прыгажуні з трагічным лёсам. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

А гэта Іра, хоць сама сябе яна называла Ілонай чамусьці. Першая прыгажуня гораду, усе яе ведалі. На першым фота яна на катушцы будаўнічай стаіць, на другім – ужо ў вясельнай сукні. Яна выйшла за футбаліста «Нёмну», але і тут не ўсё проста… Лекары ёй сказалі: «Анкалогія, але калі народзіш – арганізм перабудуецца, можа дапамагчы…» Не любіла яна яго, але выйшла замуж. Нарадзіла дачку.

І хуценька згарэла ад раку. Бывае і такое.

Даліна, якая сталася плошчаю

Даліна, якая сталася плошчай. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Вы цяпер бачыце кавалак гораду, якога наўпрост не існуе. Не тое, што дамоў няма ці дрэвы нейкія спілавалі – нічога няма. Гэта даліна Гараднічанкі, працяг парку, з яе ў познім СССР зрабілі… плошчу Леніна! Засыпалі ўсё пяском, залілі бетонам, раку пусцілі ў трубы, зверху Леніна паставілі – гэта немалая тэрыторыя. Ці было ў якіх іншых гарадах БССР нешта падобнае?..

Дзяўчына, якая смяялася з Бога

Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Вось яшчэ адная сумная гісторыя… Гэта Ларыса на прыступках Фарнага касцёлу. Тут яна смяецца, жартам робіць выгляд, што моліцца каля скульптуры Ісуса з крыжам – гэты помнік пазнаюць усе ў горадзе. Ларыса не тое, каб сяброўка мне была, але так, знаёмая. Я пасля яшчэ пару разоў яе фатаграфавала, але на кожным здымку была ўжо нейкая «пячатка» нібы на твары… Дык вось, у хуткім часе яна памерла. Я не магу гэтага вытлумачыць – але так было.

Фотаапарат “Зеніт” на які рабіліся здымкі. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

АК, фота Васіль Малчанаў, belsat.eu

Стужка навінаў