Дзмітрый Паўлічэнка пракаментаваў прызнанне былога спецназаўца аб забойстве апазіцыянераў


Дзмітрый Паўлічэнка. Фота – sb.by

Былы камандзір вайсковай часткі 3214 і экс-камандзір СОБРу Дзмітры Паўлічэнка ў каментары «Tut.by» назваў заяву Юрыя Гараўскага «поўнаю лухтою».

Дзмітрый Паўлічэнка заявіў, што не мае дачынення да знікнення Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоляя Красоўскага. Паводле Паўлічэнкі, Юрый Гараўскі, які распавёў «Deutche Welle», што 20 гадоў таму нібыта ўдзельнічаў у выкраданні і забойстве палітыкаў і бізнесоўцы у складзе СОБРу, ніколі ў спецпадраздзяленні не служыў.

«Гараўскі адслужыў паўтара года тэрміновай службы, а потым зганьбіў [унутраныя войскі]. Ніякага дачынення да СОБРу ён не мае. У нас [у 1998 годзе] адкрыўся штат кантрактнікаў, у яго асаблівага інтэлекту не было, хлопец здаровы, але пэўныя навыкі былі, і ў рукапашным баі, і мы яго ўзялі. Але СОБР фармаваўся ў 1999 годзе. А ён у гэты час, у 1999 годзе, трапіў пад крымінальную адказнасць – займаўся вымагальніцтвам. Яго брала ў распрацоўку Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, затрымліваў «Алмаз» – там усё было сур’ёзна. Таму, калі нейкія падзеі і адбываліся [у 1999 годзе], да якіх СОБР не мае дачынення, ён адбываў пакаранне», – распавёў Паўлічэнка.

Паводле Паўлічэнкі, Юрый Гараўскі спрабуе цяпер зарабіць такім чынам.

«Чалавек проста страціў сумленне і арыенціры. За 20 гадоў было шмат публікацыў, я ўжо нагледзеўся. Ніякіх таямнічых аперацый не было. Гэта поўная лухта нейкая. Ну, можа быць, нехта чымсьці гэтым займаўся. Мы – спецпадраздзяленне спецпрызначэння ўнутраных войскаў, гэтыя вось пытанні ў кампетэнцыі іншых органаў, калі яны гэтым займаліся», – дадаў ён.

«Белсат» спрабуе датэлефанавацца да Дзмітрыя Паўлічэнкі, але ён не адказвае.

Хто такі Дзмітрый Паўлічэнка?

У 2000 годзе Дзмітрый Паўлічэнка стаў камандзірам 3-е асобнае брыгады адмысловага прызначэння Ўнутраных войскаў МУС Беларусі.

23 лістапада 2000 года па загадзе кіраўніка КДБ Уладзімера Мацкевіча яго арыштавалі па падазрэнні ў арганізацыі шэрагу забойстваў, у тым ліку апазіцыянераў. На загад Аляксандра Лукашэнкі яго вызвалілі, пазней Мацкевіча пазбавілі пасады.

Пасля выхаду са следчага ізалятару Паўлічэнка заявіў, што «гатовы выканаць любы загад прэзідэнта».

Удзельнічаў у разгоне мітынгаў і акцыяў апазіцыі. У 2004 годзе ЕЗ унёс Паўлічэнку у спіс беларускіх службоўцаў, якім забаронены ўезд у краіны Еўразвязу і ЗША.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў