На Магілёўшчыне - першы пацверджаны выпадак каронавірусу


Яго выявілі ў 33-гадовай жанчыны, якая вярнулася з Віцебску.

Пра гэта паведаміла намесніца галоўнага лекара Магілёўскай інфекцыйнай больніцы Ірына Бас, піша mogilevnews.by

«Пацыентка была ў працяглай камандзіроўцы ў Віцебску. Яна цалкам абследаваная, праведзены ўвесь спектр неабходных супрацьэпідэміялагічных мерапрыемстваў. Мы яе перавялі ў Магілёўскую інфекцыйную больніцу. На сённяшні дзень яе стан стабільны. Яна атрымлівае неабходнае лячэнне», – сказала Бас, якая таксама займае пасаду пазаштатнага інфекцыяніста ўпраўлення аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкаму.

Як раней паведамілі «Белсату» мясцовыя жыхары, у Крычаве захварэла лекарка падлеткавага кабінету дзіцячай паліклінікі. Гэта адзіная дзіцячая паліклініка ў горадзе, таму звесткі распаўсюдзіліся вельмі хутка.

Загадчыца паліклінічным аддзяленнем у Крычаве Таццяна Чупрык сказала «Белсату», што «не ўпаўнаважана размаўляць на гэтую тэму» і званіць трэба ейнаму кіраўніцтву або ў санэпідстанцыю. На пытанне, чаму яна не можа даць адказ, медык адказала: «Ну, таму..» і паклала слухаўку.

На гарачай лініі, пазначанай на сайце Крычаўскага раённага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі, нам пацвердзілі, што лекарка з Крычава шпіталізаваная ў Магілёўскую інфекцыйную больніцу з пнеўманіяй сярэдняй ступені цяжкасці.

 

«Тэмпературы ў яе ўжо няма, на штучнай вентыляцыі не была ніводнага дня», – сказалі там.

Нагадаем, па стане на 30 сакавіка ў Беларусі было зафіксавана 152 выпадкі каронавірусу. Пазней Мінздароў перастала называць агульную лічбу выпадкаў. Верагодна, агмень інфекцыі на сёння ёсць у Віцебску, дзе памерлі ўжо 2 чалавекі са станоўчым вынікам тэсту, аднак улады не прадстаўляюць інфармацыю на гэты конт.

Hавiны
Міністэрства аховы здароўя ня стала паведамляць пра колькасць пацыентаў з COVID-19
2020.03.31 18:33

КА belsat.eu

Стужка навінаў