Міністэрства аховы здароўя ня стала паведамляць пра колькасць пацыентаў з COVID-19

Міністэрства аховы здароўя апублікавала чарговае паведамленне наконт сітуацыі з каронавіруснай інфекцыяй у Беларусі. Колькасць пацыентаў, інфікаваных каронавірусам, міністэрства не называе.

Раней у аналагічных заявах Міністэрства аховы здароўя публікавала дзве галоўныя лічбы: колькасць пацыентаў, якія выздаравелі ад каронавірусу, і колькасць пацыентаў, якія працягваюць лячэнне ў шпіталях. На падставе гэтых лічбаў журналісты рабілі выснову, колькі ўсяго ў Беларусі інфікаваных на COVID-19. Але ў заяве ад 31 сакавіка Мінздароўя гэтыя звесткі не прыводзіць.

«За апошнія содні ў лячэбныя ўстановы краіны з падазрэннем на каронавірусную інфекцыю паступілі 11 чалавек, выпісалі 128 чалавек, у тым ліку 6 пацыентаў, у якіх раней тэст на COVID-19 даў станоўчы вынік», – адзначаецца ў паведамленні.

Учора, 30 сакавіка, Міністэрства аховы здароўя паведамляла, што 47 чалавек выздаравелі (выпісаныя або чакаюць выпіскі са шпіталёў), а 105 працягваюць лячэнне (то бок агулам 152 інфікаваных). З сённяшняга прэс-рэлізу не зразумела, ці ўваходзілі 6 выпісаных пацыентаў у лік 47 ужо здаровых, пра якіх казала Мінздароўя ўчора. Таксама не патлумачылі, ці былі станоўчымі вынікі тэстаў на COVID-19 у тых, каго шпіталізавалі з падазрэннем на каронавірус у мінулыя дні.

Міністэрства 31 сакавіка таксама паведамляе, што ўсяго ў Беларусі было праведзена больш за 31 тысячу тэстаў на каронавірус. Таксама быў афіцыйна пацверджаны першы выпадак смерці пацыента з COVID-19.

«Зарэгістраваны першы выпадак смерці ўзроставага пацыента з наяўнасцю шматлікіх хранічных захворванняў, паводле папярэдніх звестак, абцяжараных каронавіруснай інфекцыяй», – падкрэсліваецца ў заяве.

Пра сітуацыю з вірусам у Віцебскай вобласці Міністэрства аховы здароўя наагул нічога не паведамляе.

Проста клімат іншы. Лукашэнка пракаментаваў сітуацыю ў Віцебску

Першаю ахвярай каронавірусу стася актор віцебскага Нацыянальнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа Віктар Дашкевіч. Яму было 75 гадоў.

Наталля Эйсмант: мы цяпер жывём ва ўмовах інфармацыйнага каронавіруса

ІІ Belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны