«Дзе вашыя тапкі, беларусы?» У Горадні Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 15 содняў


Суд Ленінскага раёну Горадні 1 ліпеня правёў адміністрацыйны працэс над блогерам Сяргеем Ціханоўскім, які ўзначальвае ініцыятыўную групу сваёй жонкі Святланы.

Суд над Ціханоўскім.
Фота: belsat.eu

Ціханоўскага вінавацяць паводле артыкулу 23.4 КаАП у непадпарадкаванні міліцыі падчас перадвыбарчага пікету 29 траўня. Справу разглядаў суддзя Юрый Казакевіч.

У залі суду над Ціханоўскім.
Фота: belsat.eu

Сам блогер прысутнічаў у залі суда праз Skype.

На паседжанне прыйшлі паплечнікі Ціханоўскага, журналісты. Палову памяшкання, мяркуючы па ўсім, занялі людзі ў цывільным. Але магчыма, што сярод неабазнаных ёсць блогеры.

Суд над Ціханоўскім.
Фота: belsat.eu

Як перадае карэспандэнт «Белсату», сведкамі на судзе выступілі амапаўцы Рахунак і Буднік.

Ціханоўскі заявіў, што пры ягоным затрыманні амапаўцы ў аддзеле заламалі яго ды сарвалі з твару абарончую маску «Страна для жизни». Ён папрасіў далучыць да справы відэа са службовых рэгістратараў.

АМАПаўцы тлумачылі, што з’явіліся на плошчы, бо паступіла інфармацыя аб гвалце ў дачыненні да міліцыянта. Яна адзначылі, што прадставіліся, узялі Ціханоўскага пад рукі і павялі ў службовы аўтамабіль. Паводле іх, Ціханоўскі ўпіраўся нагамі і рукамі, крычаў пра правакацыю, не падпарадкоўваўся.

Рапарты і пісьмовыя тлумачэнні амапаўцаў слова ў слова супадаюць, разам з граматычнымі памылак.

Афіцыйна запісы затрымання Ціханоўскага з відэарэгістратараў у міліцыянтаў не захаваліся. Яны не могуць патлумачыць прычынаў гэтага.

Хоць кіраўнік краіны сам сказаў, што «даў сігнал з Ціханоўскім», міліцыянты кажуць, што затрымалі яго і іншых толькі выключна праз тое, што ў іх былі падазрэнні на конт нанясення гвалту міліцыянту.

Ціханоўскі: міліцыянты не ведалі, што рабіць

Ціханоўскі прасіў звярнуць увагу на запіс відэа, дзе бачная правакацыя супраць яго. Ён сцвярджае, што міліцыянты не прадставіліся, схапілі яго.

Калі блогера перавезлі з Горадні ў Менск, у ЦІП на Акрэсціна судмедэксперт зняў пабоі з Ціханоўскага, у яго былі сінія рукі.

Паводле Ціханоўскага, міліцыянты пасля затрымання да трэцяй гадзіны ночы не ведалі, навошта яго затрымалі, тэлефанавалі на розныя нумары і пыталіся, што ім рабіць.

Ціханоўскі падчас працэсу заявіў пра неабходнасць доўгага мірнага пратэсту.

«Дзе вашыя тапкі, беларусы?» – спытаўся ён.

Пасля перапынку суддзя пастанавіў арыштаваць Сяргея Ціханоўскага на 15 содняў. У адказ палітык паспеў выказаць: «Ганьба!»

Таксама 1 ліпеня ў Горадні пройдзе суд над іншым прадстаўніком «Страны для жизни» Змітром Фурманавым, які таксама быў затрыманы на пікеце 29 траўня і фігуруе ў крымінальнай справе Ціханоўскага.

Суд паводле крымінальнай справы пакуль не прызначаны.

29 траўня ў Горадні падчас пікету па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую адная з прысутных на пікеце жанчын стала правакаваць канфлікт з Сяргеем Ціханоўскім, які адмаўляўся адказваць на яе пытанні і хацеў спыніць размову. Міліцыя выкарыстала гэта як падставу для ўмяшання, завязалася штурханіна. У выніку адзін міліцыянт упаў.

На наступны дзень МУС заявіў, што распачатая крымінальная справа аб гвалце ў дачыненні да працаўніка органаў унутраных справаў. Яе фігурнтамі з’яўляюцца 17 чалавек, у тым ліку блогеры, 15 з якіх прызнаныя палітвязнямі.

Hавiны
Блогер Шэры Кот прызнаны палітвязнем
2020.07.01 11:09

Гэта блогеры Сяргей Ціханоўскі, Уладзімір Няронскі, Сяргей Пятрухін, Аляксандр Кабанаў, Уладзімір Цыгановіч, Зміцер Казлоў, Ігар Лосік, затрыманыя пасля інцыдэнту ў Горадні Зміцер Фурманаў, Вяргілій Ушак, Арцём Сакаў, Аляксандр Арановіч, Уладзімір Навумік, Васіль Баброўскі, Яўген Разнічэнка, Уладзімір Кніга, Андрэй Новікаў, а таксама палітык Мікалай Статкевіч.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў