Блогер Шэры Кот прызнаны палітвязнем

Блогера Змітра Казлова (Шэры кот), які з’яўляецца фігурантам «справы Ціханоўскага», беларускія праваабаронцы прызналі палітычным зняволеным.

Праваабаронцы патрабуюць ад беларускіх уладаў неадкладнага вызвалення Змітра Казлова і спынення распачатага ў дачыненні да яго крымінальнага пераследу, паведамляе «Вясна».

Блогер «Шэры кот» стаў фігурантам крымінальнай справы

Youtube-блогер з Барані Зміцер Казлоў стаў фігурантам крымінальнай справы паводле арт. 342 КК Беларусі (арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Зміцер Казлоў быў затрыманы 10 чэрвеня разам з актывістамі «Еўрапейскай Беларусі» Арцёмам Чарняком і Міхаілам Бандарэнкам. На наступны дзень ён быў пакараны 20 соднямі арышту і, адпаведна, мусіў выйсці на волю 30 чэрвеня. Але ён і далей застаецца за кратамі – ў ІЧУ на вул. Акрэсціна ў Менску.

Такім чынам, ужо 17 чалавек знаходзяцца пад вартай у межах крымінальных спраў па арт. 342 КК РБ. Гэта блогеры Сяргей Ціханоўскі, Уладзімір Няронскі, Сяргей Пятрухін, Аляксандр Кабанаў, Уладзімір Цыгановіч, Зміцер Казлоў, Ігар Лосік, затрыманыя пасля інцыдэнту ў Горадні Зміцер Фурманаў, Вяргілій Ушак, Арцём Сакаў, Аляксандр Арановіч, Уладзімір Навумік, Васіль Баброўскі, Яўген Разнічэнка, Уладзімір Кніга, Андрэй Новікаў, а таксама палітык Мікалай Статкевіч. 15 з іх ужо прызнаныя палітычнымі зняволенымі.

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны