Дыктатура ўмее чакаць. А абраная ўлада тым часам бяздзее

Інтэрнэт паказвае, што ў краіне засталося тры інфармацыйныя нагоды: мітынгі, хаджэнні па вуліцах і плошчах ды забастоўкі. Больш не адбываецца нічога.

Менавіта ў гэтым зацікаўленая сёння дыктатура. Яна ведае, што не мае падтрымання большасці. Яна ўбачыла, што выкарыстанне сілы толькі ўзмацняе апазіцыйнасць і мабілізуе людзей на пратэсты. Яна разумее, што страйкі не могуць працягвацца вечна.

Таму яна чакае.

Агульны страйк работнікаў менскіх заводаў. МАЗ, МЗКЦ і інш. 17 жніўня, 2020 г. Мінск, Беларусь.
Фота: Belsat.eu

Нашая дыктатура ўмее чакаць. Наколькі б ні знасіўся за мінулыя гады Аляксандр Лукашэнка, менавіта чаканне ўдаецца яму лепш за ўсё. І ён чакае. Чакае моманту інаўгурацыі, калі атрымае пасведчанне прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і пачне прызначаць усіх. Урад. Суддзяў. Дыпламатаў. І перш за ўсё – сілавых міністраў і генералаў. Апошняе для яго асабліва важна. Свежы генерал будзе дзеяць з асаблівай лютасцю, разумеючы: параза ягонага гаспадара можа пацягнуць за сабой вяртанне яго самога ў ранейшы статус.

У гэты час абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская не робіць нічога. Наагул нічога. Адзіная інфармацыя пра тое, чым яна займаецца, – інфармацыя пра дзень нараджэння ейнага мужа, які той праводзіць у няволі. Гэта яшчэ не заява аб колькасці спечаных катлетаў, але, як мне здаецца, ужо блізка.

Каля турмы на Валадарскага Сяргея Ціханоўскага віншуюць з Народзінамі. 18 жніўня, 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Тым часам у спадарыні Святланы засталося, у найлепшым выпадку, пяць дзён – да канца гэтага тыдня. Пасля гэтага страйкавы рух пачне захлынацца, не маючы ніякіх палітычных стымулаў акрамя патрабавання сысці ў адстаўку, звернутага да Аляксандра Лукашэнкі, які імкліва страчвае легітымнасць, але не кантроль над сілавымі структурамі ды дзяржаўным апаратам.

Калі вы спытаеце мяне, ці ёсць у Беларусі сёння хоць нейкі цэнтр улады, я скажу, што – не.

Марыя Калеснікава на страйк журналістаў ОНТ і СТВ. 17 жніўня 2020 г.
Фота: Света Фар/ Vot-tak.tv / Belsat.eu

Лукашэнка не карыстаецца падтрыманнем большасці. Мы гэта бачылі ў рэпартажы з ягонай сустрэчы з супрацоўнікамі МЗКЦ. Але бліжэйшым часам ён імітуе масавае падтрыманне, збіраючы ў гарадах мітынгі бюджэтнікаў.

Ціханоўская мае гэтае падтрыманне, але не ведае, як ім распарадзіцца. У выніку створаная па ейным закліку каардынацыйная рада злёгку нагадвае грамадскую раду пры буйным тэатры: ва ўсіх будзе свой погляд, але спектакль усё ж такі павінен ставіць рэжысёр, а вось з палітычнымі рэжысёрамі там дакладна напружана. Я налічыў у найлепшым выпадку чацвёра-пяцёра чалавек, якія хаця б разумеюць, што такое кіраванне дзяржавай. Але ў гэтай структуры ўсё роўна няма статусу, няма ўплыву, няма паўнамоцтваў. Ёсць назва і спіс.

Работнікі МЗКЦ, МАЗ, маторнага завода і інш прыйшлі да будынку БТ. 17 жніўня.
Фота: Света Фар / Belsat.eu / Vot-tak.tv

Стачкамы ўяўлялі б сабой хоць нейкую ўладу на месцах, калі б аб’ядналіся ў структуры – гарадскія, абласныя, агульнанацыянальную. Але тое, што засталося ад лукашэнкаўскай улады, умее разʼядноўваць. З буйных інфармацыйных рэсурсаў практычна ніхто не напісаў, напрыклад, пра тое, што некалькі дзён таму ў Любанскім СІЗА збілі буйнога дзеяча незалежнага прафсаюзу Мікалая Зіміна. Асуджаныя вядомыя дзеячы незалежных прафсаюзаў Максім Серада і Сяргей Гурло. Гэта, вядома, менш цікава журналістам, чым звальненне калектыву Купалаўскага тэатру, але гэта паказальна: ліквідавалі тых, хто мог зарганізаваць працоўны пратэст. Стыхія ж захлынецца. Калі? Дыктатура пачакае.

Мітынг у Горадні. 17 жніўня 2020 г.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Паказальна, што ў каардынацыйную раду не ўлучылі ніводнага дзейнага прафсаюзніка або актывіста стачкаму. Мы ўступаем у царства эльфаў. Каардынаваць дзейнасць стачкамаў няма каму, а дзяржаўны апарат, зразумела, на думку кіраўнікоў гэтай незразумелай Рады, можна будзе зачараваць ігрой на флейце. Як факір зачароўвае кобру.

Прамаруджванне дэмакратычных сілаў – смяротна небяспечнае, або periculum in mora.

А дыктатура ўмее чакаць.

Аляксандр Фядута/НМ belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў