Драма са зніклым у Горадні дзіцём закончылася шчаслівым фіналам


Людміла Якімчык, маці зніклага хлопчыка. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Больш за два месяцы маці шасцігадовага Мішы не ведала, дзе ейнае дзіця. Бацька забраў Мішу з садка і знік у невядомым кірунку. Сямейная драма нарэшце скончылася: бацьку знайшлі ў Расеі, а маці ўжо сустрэлася з сынам і вязе яго на радзіму.

28 кастрычніка 2019 году аб 11-й гадзіне Вітольд Якімчык забраў сына Мішу з дзіцячага садку. Па камерах назірання было бачна, што дзяцёнак з радасцю бег да бацькі. Выхавацелькі ў садку толькі адзначылі, што Вітольд некуды спяшаўся і не гутарыў з імі, як звычайна. Пасля след бацькі з дзяцёнкам згубіўся на доўгія два месяцы. Ніхто не ведаў, дзе яны знаходзяцца.

На старым фота сямʼя Вітольда і Людмілы яшчэ разам. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Справа ў тым, што бацькі Мішы, 44-гадовы Вітольд і 30-гадовая Людміла, былі ў разводзе. Дзяцёнак жыў разам з маці, але з бацькам рэгулярна бачыўся: той не быў пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Пры гэтым, сямейная гісторыя была даволі канфліктнай: Вітольд, паводле расповедаў жонкі, біў і абражаў яе, а пасля разводу рэгулярна сачыў, куды яна ездзіць і з кім сустракаецца.

«Афіцыйна не працаваў, ездзіў у Польшчу з цыгарэтамі»

«Яшчэ калі мы былі ў шлюбе, а я працавала выкладчыкам у каледжы, ён мне сказаў: «Сыходзь з працы», – распавядае Людміла Якімчык. – Там калектыў быў малады, студэнты па 19-20 гадоў. Рэўнаваў. Не давяраў мне. Я сышла з працы… Яму ўвесь час нешта падавалася, падазраваў мяне. Калі па тэлефоне магла назваць калегу «Дзімам» – гэта ўжо скандал. Я, маўляў, не магла так камунікаваць з калегамі».

Людміла Якімчык, маці зніклага хлопчыка. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

У 2017-м Вітольд перанёс свой першы інфаркт. Перанёс «на нагах» – заўважыў нашмат пазней. Паводле жонкі, змены ў паводзінах былога мужа пачаліся пасля гэтага. З таго часу ён кардыяхворы і патрабуе перасадкі сэрца. Любы стрэс і нават рэзкае тармажэнне за стырном можа мець сурёзныя наступствы. Паводле жонкі, Вітольд апошнім часам дрэнна сябе адчуваў і задыхаўся па хадзе.

Вітольд Якімчык разам з сынам. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Ён вельмі сябе любіць. Любіць, калі яго слухаюцца, – працягвае былая жонка Вітольда, – Гісторыю аб тым, як ён зарабіў свае першыя грошы, я магу пераказаць у дэталях, бо чула безліч разоў. Афіцыйна не працаваў, ездзіў у Польшчу з цыгарэтамі… Нейкі час стаяў на рынку з дублёнкамі, пасля – у таксі. Але асноўным бізнесам для яго была мяжа і перавозкі».

«Ты ўпэўненая, што тут наркотыкі не знойдуць?»

Прычынай разводу сталі бойкі ў сям’і. Пасля трэцяга разу Людміла нават трапіла ў лякарню са страсеннем мозгу. Паводле жанчыны, былы муж пагражаў ёй. Маўляў, «Ты ўпэўненая, што калі я сыду, тут наркотыкі не знойдуць?.». Таксама пагражаў забраць сына Мішу. Людміла не верыла, успрымала ўсё гэта як шантаж, але і жыць гэтак далей не магла. Таму на пачатку 2019-га яны разышліся. Тым не менш, бацька рэгулярна бачыўся з сынам.

Фотаздымкі і цацкі маленькага Мішы ў кватэры Людмілы. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Знікненне Мішы разам з бацькам напрыканцы кастрычніка стала для Людмілы шокам. Яна, зноў жа, не давала веры, што гэта надоўга. У Вітольда ў Горадні застаўся 11-гадовы сын ад першага шлюбу. Тым больш, былы муж меў праблемы са здароўем, яму быў патрэбны нагляд лекараў і прыём медыкаментаў. У выпадку крытычнай сітуацыі шасцігадовы Міша наўпрост мог застацца адзін невядома дзе…

Кнігі і цацкі маленькага Мішы ў кватэры Людмілы. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Адзінае, што магла зрабіць жанчына, гэта падаць заяву ў міліцыю аб знікненні сына. Падаць аналагічную заяву пра знікненне Вітольда, былога мужа, яна не магла, бо юрыдычна ўжо не была з ім ніякім чынам звязаная. Мужчына быў псіхічна здаровы і не пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Родныя былога мужа, паводле Людмілы, адмаўляліся выходзіць на кантакт і нейкім чынам дапамагаць.

Зніклых знайшлі ў Анапе, а Міша хутка вернецца дадому з маці

Адзінай зачэпкай для пошуку была інфармацыя, што Вітольд заўжды марыў жыць на поўдні. Людміла звязалася з пошукавымі атрадамі ў Расеі. Неўзабаве прыйшла звестка, што мужчыну з сынам бачылі… у Анапе. Урэшце, 5 студзеня расейская паліцыя затрымала Вітольда Якімчыка: не за выкраданне дзяцёнка, а за гвалт над былой жонкай. Апынулася, што Людміла ўсё ж такі напісала заяву ў праваахоўныя органы на гэты конт.

Вітольд Якімчык разам з сынам. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Маленькага Мішу часова змясцілі ў прытулак, але на час напісання гэтага матэрыялу маці да яго ўжо прыехала. Хутка яны разам вернуцца ў Беларусь. А вось для бацькі Мішы вяртанне на радзіму можа апынуцца зусім не радасным: яго экстрадуюць у Беларусь ды, імаверна, будуць судзіць за гвалт.

«Бацька выкарыстаў дзяцёнка – гэта не па-даросламу»

Мы спыталіся ў экспертаў, як гэтая трагічная і, адначасна, кранальная гісторыя выглядае ў юрыдычным плане ды з пункту гледжання псіхалогіі.

«Няма складу правапарушэння, калі няма рашэння суду ці дамовы, якая рэгулюе кантакты і камунікацыю з дзяцёнкам, – тлумачыць юрыст Аляксандр Жук, – То бок як выкраданне кваліфікаваць гэта нельга. Для няпэўных адно ў адным бацькоў, якія разыходзяцца, тым больш з канфліктнымі гісторыямі, я бы раіў вельмі дакладна прапісваць і месца пражывання дзяцёнка, і фармат камунікацыі з ім».

Паводле псіхолага, сітуацыя стала стрэсам і для маці, і для сына, і для бацькі. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Псіхолаг з 15-гадовым стажам Таццяна Калгіна тлумачыць, што падобная сітуацыя са знікненнем – вялізны стрэс, прычым, для ўсіх: як для маці з сынам, так і для бацькі, які вымушаны хавацца і ўвесь час нешта прыдумляць.

«У Беларусі такое бывае, але не часта, – распавядае Таццяна, – Звычайна бацькі ўсё ж знаходзяць дыялог. А тут бачна, што бацька наўпрост выкарыстаў дзяцёнка – гэта не па-даросламу. Гэта вялізны стрэс для ўсіх удзельнікаў сітуацыі, але ахвяра найперш – шасцігадовы дзяцёнак. Трэба памятаць і ўсведамляць, што адказнасць бацькоў у падобных выпадках каласальная. А галоўнае – гэта інтарэсы дзіцяці».

АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Стужка навінаў