Доктара, які ратаваў хворых на COVID-19 і дапамагаў пацярпелым падчас пратэстаў, кінулі за краты і пакаралі штрафам


Анестэзіёлага-рэаніматолага Ігара Таболіча затрымалі на жаночым ланцугу салідарнасці на плошчы Перамогі, куды ён прыйшоў са сваёй дзяўчынай. Лекар адседзеў двое содняў на Акрэсціна і атрымаў штраф 25 базавых велічыняў – больш за ўсіх, каго судзілі разам з ім.

Доктар Ігар Таболіч. Фота даслаў герой публікацыі

«На Акрэсціна настрой быў узнёслы, разумелі, што змагаемся за вартую справу»

Ігару Таболічу 31 год. Ён скончыў Менскі медычны ўніверсітэт, аспірантуру. Быў тэрапеўтам і загадчыкам аддзялення ў медычнай роце ў вайсковай частцы ў Мар’інай Горцы. Анэстэзіёлагам працуе з 2016 года. З 2019-га – у 1-й клінічнай лякарні Менску.

Жанчыны з «ланцугу салідарнасці» на пл. Незалежнасці.
Фота: ТК / belsat.eu

Ігар выйшаў са сваёй дзяўчынай на ланцуг салідарнасці ў суботу 29 жніўня. Паводле доктара, гэта было цалкам свядомае рашэнне – ісці на мірны пратэст. Да таго ж Ігар не хацеў пакідаць сваю дзяўчыну адну. Сам лекар стаў крыху далей, метраў за дзесяць ад жаночага ланцуга. Амаль адразу да яго падышоў працаўнік міліцыі.

«Ён не меў ніякіх апазнавальных знакаў – у шэрай кофце, кепцы і ў масцы, сказаў – пройдзем. Я адразу зразумеў, хто гэта, – распавёў Ігар. – Я не супраціўляўся, спакойна пайшоў у мікрааўтобус. Там яшчэ адзін хлопец быў і чатыры амапаўцы. Яны нас не білі, але пачалі лазіць па рэчах, патрабавалі паролі ад тэлефонаў і пагражалі рознымі артыкуламі – ад непадпарадкавання да пагрозы фізічнай расправы ў дачыненні да працаўніка міліцыі».

Затрыманых прывезлі ў Першамайскі РАУС. На спадара Таболіча склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

«Пагадзіўся я з ім часткова, бо там напісалі, што я крычаў «сыходзь», «ганьба» і г. д. Хоць я абсалютна нічога не крычаў. Там увогуле ніхто не крычаў ніякіх лозунгаў – гэта быў жаночы ланцуг, які стаяў цалкам спакойна», – кажа лекар.

Праз паўгадзіны прынеслі яшчэ адзін пратакол, складзены ў дачыненні Ігара, – за непадпарадкаванне законным патрабаванням працаўніка міліцыі. З ім маладзён не пагадзіўся, пасля чаго яго пасадзілі ў камеру непасрэдна ў РУУСе, дзе ён і яшчэ два хлопцы правялі каля чатырох гадзін.

Увечары прывялі яшчэ двух хлопцаў, і ўпяцёх іх павезлі на Акрэсціна.

«Там нас закрылі ў камеры метр на метр, і мы думалі, што там ужо і застанемся, – распавядае далей Ігар Таболіч. – Але пазней сталі па адным выпускаць, правяралі рэчы, распраналі, апытвалі ды заводзілі ў іншую камеру. Умовы, у параўнанні з тым, пра што распавядалі да гэтага, даволі нядрэнныя. Камера на шэсць ложкаў, прыбіральня, вада. Выдалі пасцельную бялізну. Нас кармілі. Асабліва не чапалі. Казалі, што там ёсць нейкая бібліятэка, але кніжак не давалі, хоць мы прасілі. Кампанія сабралася даволі цікавая, усе вельмі адукаваныя, інтэлігентныя, таму мы праводзілі час нясумна. Настрой ва ўсіх быў узнёслы, мы разумелі, што змагаемся за вартую справу».

Сваякі і сябры затрыманых перад ізалятарам на Акрэсціна.
Фота: ТК / Belsat.eu

У панядзелак, 31 жніўня, мусіў быць суд праз скайп. Каля трыццаці затрыманых асобаў чакалі ў калідоры. Туды ж прыйшоў нейкі начальнік, які, паводле Таболіча, раздаваў загады і не называўся.

«Хачу падкрэсліць, што ўсе яны без апазнавальных знакаў ходзяць – у масках ці балаклавах, пагоны перавернутыя, шмат хто ў цывільным. Баяцца, што іх пазнаюць, – кажа Ігар. – І вось гэты начальнік пачаў нас выхоўваць – казаць, што яны нікога не збіваюць, а мы ўсе праплачаныя і г. д. Я не вытрымаў і выказаў яму ўсё, што думаю, пра тое, як яны заплямілі свой гонар. У яго ў адказ не хапіла аргументаў, ён пачаў пагражаць АМАПам. Гэта мяне не напалохала, ён тады паставіў мяне на расцяжку, ударыў, я стукнуўся галавой аб сцяну. Але прытомнасць не страціў, сінякоў не было. Пагражаў мне, што я сяду».

Суддзя Першамайскага раёну Максім Трусевіч пастанавіў, што віна Ігара Таболіча паводле арт. 23.34 КаАП цалкам даказаная і прызначыў штраф 25 базавых велічыняў.

Доктар зазначыў, што гэта больш за ўсіх, каго судзілі разам з ім у той дзень. Больш за тое, шмат для каго скасавалі пратаколы за непадпарадкаванне працаўнікам міліцыі, а ягоны – адправілі дапрацоўваць. Таму цяпер лекар думае, што яго будуць судзіць яшчэ раз, хоць на працэсе і быў паказаны відэазапіс, з якога відаць, што ніякага супраціву не было.

«Вялізная колькасць смерцяў ад COVID-19 – на руках уладаў»

Доктар Ігар Таболіч. Фота даслаў герой публікацыі

Ігар Таболіч зрабіўся вядомым яшчэ ў ліпені, калі распавёў у медыях, што насамрэч адбываецца з каронавірусам у Беларусі. Тады, паводле доктара, і пачаўся ягоны пратэст супраць уладаў. Хоць яшчэ задоўга да гэтага Ігар зразумеў, «чаго вартая беларуская сістэма».

«Я – былы вайсковец, служыў у сілах адмысловых аперацыяў у Мар’інай Горцы, – распавёў Таболіч. – Мне было відавочна, што гэтая сістэма заганная, неэфектыўная, і мы ў ёй ніхто. Тады я сышоў».

Сітуацыя з COVID-19, паводле Ігара, яшчэ лепш паказала «твар сістэмы».

«Перш за ўсё – адмаўленне захворванняў, – кажа лекар. – Я ўпэўнены, што вялізная колькасць смерцяў, у разы большая за тую, што агучвалі, цалкам на руках гэтых уладаў. Уся статыстыка цалкам недакладная. Наступствы непрыняцця своечасовых пастановаў будуць з намі яшчэ доўга. У тым ліку, у медыцыне, дзе цяпер поўны разлад – дактары вельмі дрэнна ставяцца да кіраўніцтва, да ўладаў, бо іх прымушаюць перапісваць дыягназы, мяняць статыстыку».

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Пасля выбараў прэзідэнта Ігар Таболіч напісаў заяву на звальненне. З аднаго боку, гэта быў ягоны пратэст супраць сітуацыі, з другога – пасля выказванняў у медыях на тэму каронавіруса працаваць на старым месцы было для доктара небяспечна. Публікацыі прывялі да канфлікту з адміністрацыяй. Галоўны лекар называў Таболіча Юдам і патрабаваў сказаць, хто яго купіў. Як кажа Ігар, каб пацвердзіць сваё стаўленне, пасля размовы з ім галоўны лекар уручыў анестэзіёлагу чорны мяшэчак з манетамі ды пайшоў.

«Я не зразумеў, што гэта значыць. Але гэта былі грошы, якія мне перадалі, таму я патэлефанаваў на 102 і сказаў, што мне спрабавалі даць хабар, – распавёў Ігар. – Прыехала следчая група, забралі грошы, галоўнага лекара адвезлі ў АБЭЗ [Аддзел у барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. – «Белсат»]. У мяшэчку было 30 рублёў. Гэта была аналогія з 30 зрэбнікамі, што Юда атрымаў за здраду Ісусу. Пра гэта галоўны лекар распавёў у АБЭЗ. Пасля гэтага калегі мяне папярэджвалі, каб я быў асцярожным».

Суд яшчэ больш зматываваў на барацьбу

Ст. м. Пушкінская, Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Ігар Таболіч дапамагаў пацярпелым падчас пратэстаў каля метро «Пушкінская» і ля стэлы ў першыя дні пасля выбараў прэзідэнта. На «Пушкінскай» лекар сам атрымаў кулю. Паводле Ігара, пацярпелых было шмат.

«Я асабіста бачыў, як у людзей, якія не былі ні для кога пагрозаю, стралялі на блізкай адлегласці, не ў рукі ці ногі, а менавіта ў само тулава, – узгадвае наш суразмоўца. – Я бачыў, як некалькі гранат прыляцелі ў бок дзеўчын, і пасля гэтага іх абстралялі. Выглядала так, нібыта была каманда на як мага больш жорсткае ўжыванне сілы. Агрэсія сілавікоў вельмі здзіўляе, яна абсалютна неадэкватная. Я ўпэўнены, што ўлады баяцца, і таму так дзеюць. Яны думалі, што зноў пройдзе сцэнар 2010 года, калі сілавое здушэнне прагоніць людзей з вуліц, але людзі стаміліся. 26 гадоў – гэта вельмі вялікі тэрмін. Вырасла новае пакаленне, якое не хоча жыць як быдла, як статак, яны хочуць пераменаў. Трэба змагацца, і мы будзем працягваць. Гэты суд, артыкул мяне зусім не спужалі, не збянтэжылі, а нават яшчэ больш зматывавалі на барацьбу».

Паводле Ігара Таболіча, трэба і далей выходзіць на вуліцы. Такія мірныя пратэсты лекар лічыць абсалютна законнымі.

«Свае правы трэба адстойваць. Калі ўлады абсалютна не паважаюць насельніцтва, калі яны могуць напісаць любыя вынікі выбараў, плюнуўшы ў твар людзям, трэба змагацца», – кажа Ігар.

Пакуль Ігар Таболіч гатовы змагацца, але адначасова ў яго ёсць і думкі пра ад’езд з Беларусі, калі зробіцца зусім небяспечна.

Доктар Ігар Таболіч. Фота даслаў герой публікацыі

«Цяпер я хачу дапамагчы грамадзянскай супольнасці тут. Але з маёй будучай жонкай будзем глядзець, як будзе развівацца сітуацыя. Калі будзе нейкая пагроза, то, магчыма, будзем вымушаныя з’ехаць, – кажа лекар. – І магу адназначна сказаць, што адток з Беларусі будзе вельмі значны. Сярод дактароў ён і цяпер вялізны. Нават у маім аддзяленні – рэанімацыі – шмат вакантных месцаў, няма каму закрываць дзяжурствы. Дактары працуюць на знос, па дзве стаўкі – гэта вельмі шмат. Моладзь сыходзіць. За апошні год у нас з аддзялення сышло каля пяці лекараў, а прыйшоў толькі адзін. І ведаю людзей, якія яшчэ збіраюцца сыходзіць. Што будзе з беларускай медыцынай? У мяне няма адказу на гэтае пытанне. Але я бачу, што любы больш-менш здольны інтэрн, які прыходзіць пасля ўніверсітэту, ужо вучыць замежную мову. Часцей за ўсё нямецкую. Людзі адпрацоўваюць два гады, набіраюцца досведу і з’язджаюць».

Ігар Таболіч зазначае, што з задавальненнем застанецца працаваць і ў Беларусі, але не з былым кіраўніцтвам і калі будзе адчуваць сябе ў бяспецы. А пакуль, у суботу 5 верасня, доктар будзе святкаваць сваё вяселле з каханай дзяўчынай Аленай.

НА belsat.eu

Стужка навінаў