Доктар распавёў, як хаваюць статыстыку пра каронавірус у Беларусі


Доктар хуткай дапамогі з Менску ў размове з «Белсатам» распавёў, якой ён бачыць рэальную статыстыку з COVID-19 у Беларусі, ды раскрытыкаваў неахайнае захаванне людзей падчас пандэміі.

Суразмоўца працуе ў Менску на хуткай дапамозе. На інтэрв’ю ён пагадзіўся на ўмовах ананімнасці.

Доктар лічыць, што афіцыйнай лічбе хворых на каронавірусную інфекцыю ў Беларусі, калі ў дзень прырост складае каля 950 чалавек, у прынцыпе можна верыць.

«Але гэта толькі таму, што прапускная здольнасць нашых лабараторыяў не можа быць большай. Людзі і так працуюць у гэтых лабараторыях круглыя содні», – адзначыў медык.

Hавiны
У Беларусі 38 тыс. захворванняў на каронавірус
2020.05.26 13:11

Пры гэтым, паводле яго, трэба таксама глядзець статыстыку адносна звычайных пнеўманіяў.

Няма і ўнутранай статыстыкі, бо «ўжо даўно на хуткай дапамозе розным чынам шыфруюцца звесткі».

«Напрыклад, звычайнае транспартаванне кадзіруецца Z-75, і пад гэтае Z-75 уваходзяць і інсульты, і сардэчныя парушэнні, і пнеўманіі. Калі раней, ведаючы код доступу, можна было ўвесці J-18 і пабачыць колькасць пнеўманіяў, зараз гэта ўжо немагчыма», – заявіў суразмоўца.

Паводле яго, хаваюцца гэтыя лічбы, бо ёсць такое меркаванне, што «насельніцтва будзе пужацца». Каб пабачыць рэальную сітуацыю, доктар прапануе наведаць могілкі і паглядзець, колькі там новых магілаў. Там будзе шмат свежых магілаў людзей ад 60 гадоў, хаця ад каронавіруса паміраюць і значна маладзейшыя людзі, у тым ліку медыкі, дадаў доктар.

Хварэюць нават дзеці

Суразмоўца падкрэсліў, што каронавірус паражае ўсіх і ўскладняе ўсе хранічныя хваробы. Хварэюць у тым ліку і дзеці, якіх таксама дастаўляюць у больніцы.

«Толькі з нашай падстанцыі ў дзень дастаўляюць 3-5 дзяцей. Паколькі зараз людзі з лёгкімі формамі каронавіруса могуць лекавацца ўдома, то тое, што дзяцей шпіталізуюць, сведчыць, што ім трэба назірацца», – заявіў лекар.

Са сродкамі абароны зараз, дзякуючы, у тым ліку, валанцёрам, у хуткай праблемы няма. Але раней быў перыяд, калі даводзілася карыстацца звычайнымі тонкімі бахіламі на абутак. Цяпер гэтая праблема вырашаная. Разам з тым кіроўцы хуткай не маюць ніякай абароны, апроч тканых масак, падкрэсліў суразмоўца.

Hавiны
У Горадні працаўнікі хуткай кажуць, што не атрымалі абяцаных уладамі грошай
2020.05.24 10:37

«Пасля зваротаў калегаў з іншай падстанцыі да кіраўніцтва па тлумачэнні наконт дадатковых выплатаў, нам таксама паведамілі больш разгорнута і зразумела механізм разліку налічэння надбавак да заробку. Цяпер, калі хаця б траціна зменаў была кавіднай, то і рэшта будзе лічыцца таксама кавіднай [кавідная змена – тая, што працавала з інфікаванымі каронавірусам. То бок тады ўсе змены могуць разлічваць на даплаты. – Belsat.eu]. Час пакажа. У любым разе абяцанні былі», – заявіў доктар.

Суразмоўца адзначыў, што ён і ягоныя калегіі былі вельмі абураны правядзеннем у краіне спартовых ды іншых масавых падзеяў ва ўмовах пандэміі, бо «зразумела, што аніякіх мераў, якія змогуць не дапусціць распаўсюду каронавіруса, на такіх падзеях няма».

На яго думку, застаецца актуальным пытанне аптымізацыі працы так, каб паміж працаўнікамі была захаваная дыстанцыя. Таксама варта абавязаць людзей насіць маскі ў грамадскіх месцах.

«У школах выпускныя вечары адмянілі, а на ўручэнне атэстатаў зноў наб’юць актавыя залі ці збяруць выпускнікоў ды іх бацькоў, настаўнікаў на пляцоўках каля школаў. І я вельмі сумняюся, што на такой масавай падзеі здолеюць захаваць усе захады перасцярогі. Наконт ЦТ у мяне таксама валасы дыбарам», – заявіў суразмоўца.

Аб’ектыў
Беларусь справілася з каронавірусам. Пачынаем рыхтавацца да другой хвалі
2020.05.25 22:53

Раскрытыкаваў ён і людзей, якія ў публічных месцах ходзяць без масак. Ды даў параду, як іх папраўляць, калі на вуліцы, напрыклад, чалавек апусціў яе на бараду – не за тканіну, а асцярожна за шлейкі.

Доктар заклікаў беларусаў думаць хаця б пра сваіх сваякоў, якія могуць захварэць праз іх нядбайныя паводзіны, і пра медыкаў, якія «зараз, у гэты нялёгкі час, змагаюцца за здароўе грамадзянаў».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў