Беларусь справілася з каронавірусам. Пачынаем рыхтавацца да другой хвалі


Кіраўнік краіны знайшоў новыя словы, каб чарговы раз выказаць старую думку пра сітуацыю з каронавірусам:

«Відаць, вірус усё ж такі аслабеў ужо, вірулентнасць яго ўжо не тая… Калі, я часта кажу гэта апошні месяц, і далей так пойдзе, то будзем лічыць, што мы справіліся з Божай дапамогай з гэтым захворваннем».

Але нават паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, сітуацыя лепш не выглядае: колькасць інфікаваных расце (за апошнія содні тэсты выявілі каронавірус у дзевяцісот сарака шасці чалавек), памерлымі ад «Ковіду-19» за содні прызналі пяцёх чалавек, за ўвесь час эпідэміі – 204 асобы.

Найбольш пацярпелы ад каронавіруса Віцебск, паводле Лукашэнкі, ужо «унізе па захваральнасці». Што гэта – цуд беларускай медыцыны ці статыстыкі? Мы запыталі віцяблянаў:

«Вельмі цяжка ўсё гэта, бо з усіх куткоў ад знаёмых, якія хварэюць, якія перахварэлі і якія дагэтуль у шпіталях».

«Я сам перахварэў, я бачыў, як у шпіталі. Не, канечне, сітуацыя ў нас не вельмі добрая».

«Сітуацыя не паляпшаецца, хворых становіцца болей».

«Як усё было, так і засталося».

«Наўрад ці яно памяншаецца. Я думаю, што гэта не цуд, проста заніжаецца статыстыка».

«Калі прэзідэнт сказаў, што выйшлі на плато, значыць, напэўна, так яно і ёсць».

Паляпшаецца сітуацыя, са словаў кіраўніка краіны, і ў Менску, дзе шпіталі, падрыхтаваныя для пацыентаў з каронавірусам, ужо плануюць вяртацца да звычайнай працы. На Меншчыне, як адзначыў Лукашэнка, таксама ёсць пэўнае зніжэнне, някепская сітуацыя і ў Магілёўскай вобласці. Магілёўшчына была згаданая і ў сувязі з «бунтамі» бабруйскіх медыкаў, якім паабяцалі прэміі за працу з каронавіруснымі пацыентамі, але надбаўкі выплацілі не ўсім.

«Ну что там эта бобруйская скорая помощь… Ну 100-120 чалаввек. Если они действительно работают и связаны с этими эпидемическими процессами, так надо поддержать людей. Это копейки для страны», – сказаў сёння Аляксандр Лукашэнка.

Грошы нібы ёсць, вірус адступае, але пры гэтым кіраўнік краіны заклікаў не расслабляцца, а рыхтавацца да другой хвалі каронавіруса.

«Калі, дапусцім, няма месцаў у шпіталі, то як рыхтавацца? Можа, гэта Мінздароўя трэба рыхтавацца?!»

«Рабіць не так, як кажуць, а рабіць усё наадварот. Не слухаць іншых, самі разумееце, каго не слухаць».

«Парады зноў ладзіць трэба! Тады будзе ўсё ў парадку!», – пракаментавалі словы кіраўніка краіны жыхары Віцебску.

Нечакана было разам з сённяшнімі аптымістычнымі заявамі Лукашэнкі пачуць прызнанне, што цяпер самы складаны час за ўвесь прэзідэнцкі перыяд.

Вольга Старасціна, «Белсат»