Добрыя навіны. Што файнага здарылася ў нашых чытачоў у 2020 годзе?


«Белсат» працягвае збіраць файныя гісторыя з няпростага 2020 году ад нашых чытачоў і падпісантаў у сацыяльных сетках. Хтосьці здолеў пазбегнуць затрымання, знайшоў новую працу або нават прыйшоў да беларускай мовы.

Аб’яднанне нацыі

Добрае ў гэтым годзе толькі тое, што беларусы – абʼядналіся. Калі раней было адчуванне, што ты – адзін, то цяпер – нас большасць.

Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

***

Я даведалася, якімі крутымі могуць быць беларусы! Вельмі падабалася шпацыраваць летам і ў першую палову восені па вуліцах нашай сталіцы.

***

Для мяне стала сапраўды самым прыемным, што мы зразумелі, што мы не проста краіна – мы народ, мы беларусы. Я была вельмі шчаслівая, я плакала ад шчасця, калі ішла па праспекце Незалежнасці 16 жніўня, а побач былі дзясяткі тысяч шчаслівых, свабодных людзей, якія былі як адзіны арганізм, які дыхаў, думаў ва ўнісон.

Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Іншыя прыемныя моманты

Мяне не пасадзілі, таму што не было месцаў у ІЧУ падчас майго затрымання.

***

Калі ў храналагічным парадку: выкараскалася з хваробы, купіла ровар каб «ганяць ва ўсю моц», на мітынгах пабывала ў тым грамадстве, у якім хачу жыць!

***

Прайшла курс антыдэпрэсантаў і пазбавілася ад панічных атак.

***

Я абараніла дысертацыю.

***

Падчас пандэміі пераехала ў краіну, у якой заўсёды марыла жыць, ды яшчэ і да любімага чалавека. Тут атрымала любімую працу, жыву ў неверагодна ўтульнай кватэры. І нарэшце адчуваю, нібы я ўдома.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

***

4 студзеня сустрэліся з аднакласнікамі пасля 42 гадоў заканчэння школы. Незабыўныя сустрэчы з аднакласнікамі і любімай настаўніцы.

***

Дзявочнік у Празе за пару дзён да закрыцця свету на замок.

***

Новыя кар’ерныя павароты

Звольнілася з нелюбімай працы і ўладкавалася на новую. І мы нарэшце паставілі скрынку нашай будучай хаты.

***

Я знайшла новую працу, якая мне да спадобы і з файным калектывам!

***

Пачала вучыцца па спецыяльнасці, аб якой марыла з дзяцінства.

***

Звольніўся з МТЗ у знак падтрымкі раней звольненых калег.

Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

***

Вяртанне да беларускамоўнасці

Што добрага адбылося ў 2020? Я пачала размаўляць на мове. 33 гады «говорила» і зараз «кажу». Неверагодныя адчуванні.

***

Напісала першы артыкул на беларускай мове для мабільнага дадатку аднаго з банкаў.

***

Фота: ТК / Белсат

Зразумела, што трэба ўспомніць родную мову і валодаць ёю не горш за рускую.

***

Мы ведаем, што добрыя навіны здараліся і ў вас, нашых гледачоў і чытачоў. Падзяліцеся, калі ласка, чымсьці файным, што адбылося ў вашым жыцці ў 2020 годзе.

Дасылаць навіны можна праз наш бот у Telegram @BelsatBot, у сацсеткі або на пошту belsat.eu@gmail.com. Самыя цікавыя мы апублікуем.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў