«ДНК» царскай бюракратыі ў супрацьвірусных рытуалах дзейнай улады


У 19-м стагоддзі чалавецтва яшчэ не ведала тэрміну «пандэмія», але хваробы неслі вялізарныя і жахлівыя чалавечыя страты. Аб тым, як нашыя продкі перажывалі тыф і халеру, Belsat.eu распавёў гарадзенскі гісторык Сяргей Токць.

Скан з кнігі «1812 год. Бородинская панорама». Аўтар невядомы.

З эпідэміямі якіх хваробаў сутыкнуліся нашыя продкі ў 19 ст.? Якія былі маштабы гэтых эпідэміяў?

Нашыя продкі ў 19 ст. рэгулярна сутыкаліся з эпідэміямі самых розных заразных хваробаў віруснага і бактэрыйнага паходжання: халеры, чорнай воспы, гарачкі (тыфу), балотнай ліхаманкі, дызентэрыі ды інш. Амаль заўсёды, прыходу эпідэміі папярэднічалі войны, неўраджай і голад. Выбух заразных захворванняў выклікала вайна 1812 г. Пандэмія халеры імкліва распаўсюдзілася па Беларусі ў часе паўстання 1831 г. У выніку чатырох гадоў неўраджаяў голад і эпідэміі апанавалі Беларусь у першай палове 1850-х гадоў. Пасля вызвалення сялянаў ад прыгону ў 1861 г. сітуацыя значна палепшылася, і ў другой палове 19 ст. эпідэміі мелі ўжо пераважна лакальны характар і не прыводзілі да такой вялікай колькасці ахвяраў, як раней.

Скідзель. Дворная. 19 ст.

Колькасць ахвяраў, калі перанесці на нашыя рэаліі, былі вялізарнымі?

Наступствы вайны 1812 г., а таксама голад і эпідэміі ў першай палове 1850-х гадоў прывялі да істотнага змяншэння насельніцтва Беларусі.

У 1852-1855 гг. у адной Гарадзенскай губерні ад заразных хваробаў (халера, тыф, ліхаманка і дызентэрыя) памерлі прыкладна столькі ж людзей, як на сённяшні дзень (06.04.2020) ад каронавірусу ва ўсім свеце. Толькі ў 1854-1855 гг. чалавечыя страты ў гэтай губерні склалі больш за 50 тыс. чалавек. Смяротнасць ад халеры складала 37 %, ад тыфу – 17 %.

І гэта толькі сярод тых, хто звяртаўся да лекараў і таму трапіў у статыстыку. Але большасць насельніцтва да лекараў не звярталася, бо папросту не мела такой магчымасці. Перахварэлі на заразныя хваробы каля 70 % насельніцтва. Хачу падкрэсліць, што пандэміяй лічыцца эпідэмія сусветнага маштабу, калі колькасць захварэлых – большая чым 5 %, для грыпу – 20 %. На сённяшні дзень на каронавірус нават у асобна ўзятых краінах не хварэе нават 1% насельніцтва.

Хваробы забіралі людзей у росквіце жыццёвых сілаў

Скідзель. Базарная плошча. 19 ст.

Людзі з якіз слаёў грамадства і якога ўзросту найбольш цярпелі і чаму?

Ад эпідэміяў пакутавала перадусім сялянства, а таксама гарадская і мястэчкавая бедната. Багатыя землеўладальнікі і заможнае купецтва былі значна лепш абароненыя ад заразы, і людскія страты ў гэтым асяроддзі былі адносна невялікія. Ды і сярод сялянаў асноўнай «групай рызыкі», як мы сёння гэта называем, была вясковая бедната – «агароднікі, “халупнікі”, “кутнікі”. У заможных сем’ях шанцы на выжыванне былі лепшыя.

У сярэдзіне 19 стагоддзя хваробы забіралі пераважна людзей у росквіце жыццёвых сілаў, і ў першую чаргу мужчынаў. Гэта вынікала з той прычыны, што менавіта мужчыны, нягледзячы на голад, рабілі самую цяжкую працу. А яшчэ яны больш падарожнічалі. А вось сярод малых дзяцей і старых узровень смяротнасці амаль не змяніўся.

Праўда, тут трэба ўлічваць той факт, што ў часе голаду і эпідэміі вельмі моцна зніжалася нараджальнасць, і немаўлят, сярод якіх смяротнасць у 19 ст. тады была асабліва высокай, станавілася менш, чым звычайна.

Якія эканамічныя і сацыяльна-палітычныя наступствы былі ў гэтых эпідэміяў?

У той час не падлічвалі ВУП, таму для дзяржавы асноўным паказнікам эканамічных праблемаў быў рэзкі рост запазычанасці насельніцтва ў выплаце падаткаў. Істотна змяншаўся гандаль. Але зазвычай гэта не трывала доўга, гаспадарка даволі хутка аднаўлялася, ішоў рост насельніцтва, узрастала гаспадарчая актыўнасць.

Пазітыўным наступствам эпідэміяў сярэдзіны 19 стагоддзя ў Гарадзенскай губерні было разуменне сялянамі, памешчыкамі і дзяржаўнымі чыноўнікамі, што прыгоннае права зрабілася перажыткам і трэба даваць сялянам волю. Яны па-рознаму, канешне, уяўлялі гэтую волю, але ў цэлым усе пагаджаліся з неабходнасцю рэформаў.

Голад, як галоўная прычына эпідэміяў

Пераправа праз Нёман, 1812 год. Фота Вікіпедыі

Адкуль хваробы да нас прыходзілі?

Хваробы звычайна пераносілі людзі, якія шмат падарожнічалі – купцы, наёмныя работнікі. Адным з галоўных пераносчыкаў было войска. Напрыклад, у 1812 г. праз беларускія землі прайшла велізарная лічба жаўнераў абодвух арміяў, гэта была моцная эпідэміялагічная бомба. Тое ж можна сказаць і пра часы паўстання 1831 г. Тады ў Віцебску памёр ад халеры нават наступнік расейскага прастола цэсарэвіч Канстанцін. Ды і ў мірныя часы вайсковыя аддзелы ўвесь час перамяшчаліся і пераносілі хваробы.

Ці гэтыя эпідэміі былі чаканымі? На якім узроўні была медыцына? Ці існавала нейкая прафілактыка?

Эпідэміі былі такою самаю неад’емнаю часткай тагачаснага жыцця, як сёння – эканамічныя крызісы. Усе тады ведалі, што калі будзе неўраджайны год, дык неўзабаве прыйдзе голад, а з голадам хваробы.

Прафілактыкаю заразных хваробаў павінны былі займацца медычныя ўстановы. Асвета простага насельніцтва ўскладалася на мясцовыя ўлады, памешчыкаў і прыходскае духавенства. Нельга сказаць, што на практыцы нічога не рабілася. Намагаліся прышчэпліваць насельніцтва ад чорнай воспы. Увесь час змагаліся з венерычнымі захворваннямі, якія пагражалі войску, а значыць – дзяржаўным інтарэсам. З гігіенаю пры гэтым было ўсё ў парадку. Вінаваты быў голад, які аслабляў імунітэт. Сітуацыя паступова паляпшалася і ў другой палове 19 ст. ахвяраў эпідэміяў было значна менш.

Ніякіх каранцінаў не ўводзілі

На кім ляжала адказнасць за змаганні з эпідэміямі і голадам?

Агульная адказнасць ляжала на мясцовых дзяржаўных уладах. Памешчыкі адказвалі за здароў’е сваіх прыгонных сялянаў. Але за смерці ад эпідэмічных захворванняў нікога не каралі. Яны ўспрымалася як рэч натуральная. Пакараць маглі за смерць праз галадаванне. Таму чыноўнікі і ў памешчыкі упасведчаннях аб смерці загадвалі пісаць хлусню, што небарака памёр ад сухотаў ці запалення лёгкіх. Калі ў сялянаў не было харчоў, памешчыкі меліся дзяліцца са сваіх запасаў. Звычайна гэта было 2 гарнцы зерня на тыдзень на жывую душу, што складала прыкладна два боханы хлеба. Дапамогу давалі толькі тым, хто хадзіў на паншчыну. Але трэба было адначасна і на ўласнай гаспадарцы працаваць. Тагачасныя эліты любілі перакладваць віну на самых сялянаў і габрэйскую беднату, маўляў, жывуць у брудзе, ядуць абы што, не мыюцца ды г.д. Такі своеасаблівы сацыяльны расізм быў пашыраны ў тэкстах на тэму эпідэміяў.

Ці існавалі ў той час нейкія службовыя злачынствы (карупцыя, прыпіскі, замоўчванне інфармацыі пра ахвяраў эпідэміяў?

Мяне ў свой час уразілі матэрыялы гадавых справаздачаў дзяржаўных установаў Гарадзенскай губерніі, на падставе якіх потым губернатар рабіў агульную справаздачу для імператара. Дык вось за 1854-55 гг. у гэтых матэрыялах няма згадак пра страшэнны голад і эпідэміі, якія забралі больш за 50 тыс. жыццяў. Губернскі ўрачэбны інспектар піша, што ўсё добра, вядзецца паспяховае змаганне з сіфілісам, а таксама прыводзіць дакладныя лічбы падзяжу свойскай жывёлы, колькі здохла кароваў, авечак і г.д. Трэба прыгадаць, што ў той час Расейская імперыя вяла крывавую Крымскую вайну супраць тагачасных еўрапейскіх супердзяржаваў – Брытаніі і Францыі. Імператару Мікалаю І было не да голаду і эпідэміяў дзесьці ў літоўска-беларускіх губернях.

Імперскі цэнтр ніякай дапамогі не аказваў, і мясцовыя ўлады і грамадства маглі лічыць толькі на ўласныя сілы і магчымасці. Ніякіх каранцінаў улады тады не ўводзілі. Наадварот, спрасціліся працэдуры выдачы квіткоў на выезд са сваёй мясцовасці. Аргументавалася гэта тым, што людзі павінныя знайсці працу ў часе голаду. Таксама праводзіліся кірмашы, памешчыкі з усёй губерні збіраліся ў губернскі горад на свой сход.

Пахаванне. 19 ст.

Чалавечыя ахвярапрынашэнні

Час эпідэміяў – гэта час дэпрэсіі і панікі. Якая тады была псіхалогія?

Беларускія сяляне звычайна перажывалі эпідэміі з пасіўнай пакораю. Людзі былі моцна аслабленыя голадам і часта ледзьве маглі хадзіць. Росту злачыннасці не назіралася. Але часам паўставалі калектыўныя псіхозы і фобіі, якія прыводзілі да рэанімацыі паганскіх вераванняў і рытуалаў. Часта выкарыстоўваўся такі рытуал, калі аголеныя жанчыны праводзілі сахой баразну вакол вёскі, каб спужаць злы дух хваробы. Здараліся і чалавечыя ахвярапрынашэнні. Напрыклад, у 1831 г. у вёсцы Кавалевічы Слонімскага павета сяляне жыўцом закапалі ў зямлю маладую жанчыну Параску Шведаву. У пастанове Гарадзенскай судовай палаты па гэтай справе гаварылася:

«Из дела видно, что крестьяне деревни Ковалевичи к зарытию в землю женщины Прасковии Шведовой решились по суеверию, происходившему от древних мирян, и по человеколюбию в надежде спасения от смерти во время существования тогда болезни холеры».

Тым не менш, двое сялян выслалі за гэта на катаргу. Даследнік Гарадзенскай губерні Павел Баброўскі ў сваёй працы ўзгадвае, што ў 1831 г. у вёсцы Любішчы Слонімскага павету сяляне «зарыли девушку с петухом и вороною». Часам у распаўсюджанні эпідэміі сяляне абвінавачвалі габрэяў. У вёсцы Сухая Даліна Гарадзенскага павету габрэйскі вандроўны гандляр адбіваўся камянямі ад сабак і выпадкова трапіў у студню. Вяскоўцы тут жа абвінавацілі яго ў атручванні вады і збіраліся лінчаваць. Небараку выратаваў мясцовы памешчык, які выпадкова праязджаў праз вёску. Габрэйская бедната пакутавала ад эпідэміяў не менш за сялянаў, але іхныя супольнасці здолелі стварыць сістэму медычнай дапамогі, якая ахоплівала і бедных і багатых.

Могілкі ў Гарадзенскай губерні. 19 ст.

Што мяркуеце пра сённяшнюю сітуацыю з каронавірусам, у гістарычным сэнсе?

Тое, што сёння мы называем пандэміяй каронавірусу, у 19 ст. было штодзённасцю. Кожнае пакаленне сустракалася з падобнымі пандэміямі. Амаль штогод ад заразных хваробаў у Беларусі памірала нашмат болей людзей, чым цяпер, напрыклад, памірае ад каронавірусу ў той жа Італіі. Каб у гэтым пераканацца, дастаткова прагледзець метрычныя кнігі любой царкоўнай ці касцельнай парафіі за той перыяд.

Юваль Ной Харары сцвярджае, што чалавецтва з дапамогай навукі назаўсёды перамагло смертаносныя пандэміі і ў стане справіцца з любымі выклікамі. Але сённяшняя сітуацыя паказвае, што страх застаўся. Чалавецтва так моцна рэагуе, бо памятае жахлівыя прыклады з мінулага. Мы выкарыстоўваем таксама пандэмію каронавіруса як нагоду, каб пераасэнсаваць мэты і каштоўнасці сучаснай цывілізацыі.

У тым, як улады нашай краіны рэагуюць на развіццё эпідэміі, бачная і сялянская суворая прагматыка 19 ст. (нашыя чыноўнікі – у большасці нашчадкі сялянаў, якія выжылі ў часе мінулых пандэміяў), і выразныя фрагменты «ДНК» былой царскай бюракратыі, для якой галоўным матывам было не сапсаваць настрой імператару. Бачым і своеасаблівыя «супрацьвірусныя рытуалы», як, напрыклад, гульня ў хакей. Галоўнае , каб не дайшло да ахвярапрынашэнняў (безумоўна, у сімвалічным сэнсе), бо колькі яшчэ патрывае сённяшняя эпідэмія, ніхто цяпер дакладна не скажа.

Аляксандр Лукашэнка падчас гульні ў хакей. Аўтар Mikhail Klimentyev/Russian Presidential Press and Information Office/TASS/Forum
  • Даведка: Cяргей Токць, доктар гістарычных навук. Скончыў Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, у 1997 г. у Інстытуце гісторыі абараніў кандыдацкую дысертацыю, у 2016 г. абараніў у БДУ дысертацыю на ступень доктара гістарычных навук. Напрамкі навуковых даследаванняў: сацыяльная гісторыя Беларусі 19-20 стст., мікрагісторыя.

Алесь Дзянісаў Belsat.eu

 

Стужка навінаў