Для маці чатырох дзяцей працоўны стаж працягнулі на тры гады

Кіраўнік Беларусі падпісаў Указ «Аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорыяў грамадзянаў». Пра гэта паведамілі ў адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле ўказу, з 1 студзеня 2021 года жанчынам, якія нарадзілі чацвярых дзяцей, будуць залічваць у працоўны стаж для прызначэння пенсіі час знаходжання ў адпачынку па доглядзе за дзіцём працягласцю да 12 гадоў разам (зараз – 9 гадоў). Прызначаць ім працоўныя пенсіі будуць пры наяўнасці стажу працы не менш за 20 гадоў і страхавога стажу не менш за 10 гадоў (цяпер – 17,5 гадоў).

Шматдзетныя маці дагрукаліся да Лукашэнкі. Улады разбяруцца з пенсійным стажам

Таксама інвалідам I і II групы, якія маюць інваліднасць больш за 10 гадоў, знізяць патрабаванні да страхавога стажу для прызначэння пенсіі паводле веку (прапарцыйна часу інваліднасці).

Інвалідам з дзяцінства на 5 гадоў знізяць патрабаванні да працягласці працоўнага стажу для атрымання права на датэрміновую пенсію паводле веку (для жанчын – з 20 да 15 гадоў, для мужчынаў – з 25 да 20 гадоў).

Больш за 90 % беларусаў не вераць у нябедную старасць на пенсіі

Акрамя таго, бацькам дзяцей-інвалідаў з цяжкай ступенню страты здароўя, якія не менш за 20 гадоў даглядаюць за імі, павысяць памер сацыяльнай пенсіі да ўзроўню, супастаўнага з мінімальнай пенсіяй паводле веку (да Br 243,39 супраць цяперашняга Br 123,39).

Працаўнікам з няпоўным страхавым стажам (звыш за 10 гадоў, але менш за мэтавую колькасць), наўзамен сацыяльнай пенсіі прызначаць працоўную пенсію паводле веку пры няпоўным страхавым стажы. Жанчынам такую пенсію будуць прызначаць пры дасягненні 60 гадоў, мужчынам – 65 гадоў.

А шлюбным парам, у якіх век жанчыны не перавышае 40 гадоў, пры наяўнасці медычных паказанняў будуць бясплатна надаваць адну спробу экстракарпаральнага апладнення.

Работнікам сацыяльных арганізацыяў, якія працуюць з COVID-19, дадуць надбаўкі

Акрамя таго, з 1 верасня 2020 году шматдзетным сем’ям павялічаць перыяд надання дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ў выглядзе штомесячнай сацыяльнай дапамогі да 12 месяцаў (цяпер – да 6 месяцаў), а таксама крытэрый патрэбнасці з 100 % да 115 % БПМ у сярэднім на душу насельніцтва для прызначэння такой дапамогі (да Br 283,80 супраць цяперашніх Br 246,78).

МГ belsat.eu

Hавiны