Дэпутат Валер Варанецкі: Улада перайшла чырвоны рубікон


У Менскім гарадскім палацы культуры 3 верасня адбылася сустрэча дэпутата Палаты прадстаўнікоў Валерыя Варанецкага са сваімі выбарнікамі – жыхарамі Свіслацкай акругі № 94 Менску.

Сустрэча дэпутата Валера Варанецкага з выбарнікамі. 3 верасня 2020 года.
Фота: Belsat.eu

Дэпутат Валеры Варанецкі – адзін з нямногіх у Палаце прадстаўнікоў, які адгукнуўся на патрабаванні грамадзянаў і прыйшоў на сустрэчу. Як ён сам падкрэсліў – «даўно ня меў такіх сустрэч». Людзі не толькі запоўнілі залю, але і сядзелі ўздоўж сцен ды стаялі ў дзвярах.

Сустрэча дэпутата Валера Варанецкага з выбарнікамі. 3 верасня 2020 года.
Фота: Belsat.eu

Ужо ва ўступным слове дзейны дэпутат вышэйшага заканадаўчага органа краіны зрабіў шэраг важных палітычных заяваў, некаторыя з якіх людзі прывіталі апладысментамі:

– Правы і свабоды – сакраментальныя каштоўнасці, дадзеныя чалавеку богам.

– Трыгерам палітычнага канфлікту ў дзяржаве сталася правядзенне прэзідэнцкіх выбараў, якія не выклікаюць даверу абсалютнай большасці грамадзянаў.

– Заканадаўства аб выбарах павінна быць кардынальна змененае ў адпаведнасці з патрабаваннямі міжнародных нормаў і ў інтарэсах грамадзянаў краіны.

– Грамадзяне маюць права на мірны пратэст.

– Затрыманні студэнтаў і журналістаў, забарона на ўезд у Беларусь мітрапаліту Кандрусевічу – працяг рэпрэсій, якія ствараюць новую напругу.

– Улады перайшлі «чырвоны рубікон», які пераходзіць нельга: Канстытуцыя гарантуе грамадзянам павагу да іх правоў і свабодаў.

 

Сустрэча дэпутата Валера Варанецкага з выбарнікамі. 3 верасня 2020 года.
Фота: Belsat.eu

Бязмежжам Валеры Варанецкі назваў гвалт, які ўлады чынілі і працягваюць чыніць з людзьмі. Менавіта гэтак каментавалі падзеі і іх непасрэдныя ўдзельнікі: некалькі пацярпелых пагадзіліся прылюдна распавесці пра той гвалт і здзекі, які яны зведалі падчас затрымання і зняволення.

Арганізатары таксама падрыхтавалі падборку відэаматэрыялаў для прагляду на сустрэчы, але папярэдзілі пра жорсткасць кадраў для людзей з уражлівай псіхікай. У выніку – некалькі жанчын і дзеці пакінулі залю.

Выбарнікі акругі №94, якія арганізавалі сустрэчу, абмежавалі яе чатырма галоўнымі тэмамі: фальшаванне выбараў, гвалт над грамадзянамі, правасуддзе і выйсце з сітуацыі. Валеры Варанецкі заявіў, што адказнасць за правядзенне выбараў Канстытуцыя ўскладае на Цэнтральную выбарчую камісію. А дзейнае заканадаўства не дае магчымасці апеляцыі аб іх правядзенні і выніках, паколькі ізноў скіроўвае іх у Цэнтрвыбаркам. Але пагадзіўся на патрабаванні прысутных скіраваць сабраныя факты парушэнняў у вышэйшыя дзяржаўныя органы аб распачынанні Крымінальнай справы паводле артыкулу 192 аб фальшаванні.

Сустрэча дэпутата Валера Варанецкага з выбарнікамі. 3 верасня 2020 года.
Фота: Belsat.eu

Дэпутат таксама паведаміў, што створаная міжведамасная камісія па расследаванню фактаў катавання і забойстваў мірных грамадзянаў, але чым менавіта яна займаецца, не ўдакладніў. Не змог таксама дэпутат паведаміць ці дзяржава прыме захады па дапамозе і рэабілітацыі пацярпелых.

Але самую вострую дыскусію выклікала пытанне легітымнасці цяперашняй улады, і асабліва – Аляксандра Лукашэнкі.

«Грамадства поўнасцю страціла давер да любых органаў цяперашняй улады», – хіба адзінае сцвярджэнне, з якім пагадзіліся ўсе прысутныя.

Грамадзяне запатрабавалі ад дэпутата выступіць з ініцыятывай аб імпічменце Аляксандру Лукашэнку, што дазваляе дзейнае заканадаўства аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў. Спадар Варанецкі спаслаўся на адсутнасць фармальных юрыдычных падставаў для падобнай ініцыятывы. Пытанне «што павінны зрабіць грамадзяне для такой ініцыятывы?» – засталося без адказу.

Выбарнікі заявілі, што давяраюць прадстаўляць свае інтарэсы не парламенту і іншым органам улады, а Каардынацыйнай радзе. Але пытанне, як урэгуляваць гэты грамадска-палітычны канфлікт, таксама засталося без адказу.

Сустрэча доўжылася больш за тры гадзіны, але пераважную большасць пытанняў прысутныя нават не паспелі задаць. Некаторыя расчаравана пакідалі сустрэчу да яе заканчэння, а сталыя жанчыны сыходзілі з залі, выгукваючы «Жыве Беларусь».

Галіна Абакунчык Belsat.eu

Стужка навінаў