«Даў так, што запусціў у космас». Чэмпіён свету па кікбоксінгу і тайскім боксе Аляксей Кудзін пра тое, як яго затрымлівалі


Сілавікі стралялі ва ўпор у вядомага спартоўца Аляксея Кудзіна на вачах у ягоных дзяцей і жонкі.

Шматразовы чэмпіён свету па тайскім боксе сярод аматараў, чэмпіён свету па кікбоксінгу сярод аматараў і прафесіяналаў уступіў у бойку з сілавікамі ў Маладзечне 10 жніўня. У выніку трое праваахоўнікаў трапілі ў шпіталь, а наступным ранкам міліцыянты заявіліся дадому да спартоўца, стралялі ў яго ва ўпор на вачах у ягонай жонкі і дваіх малых дзяцей, жорстка збілі ды ў кайданках даставілі ў шпіталь.

Аляксей пайшоў на шпацыр у цэнтр Маладзечна 10 жніўня, каб даведацца штосьці пра сітуацыю ў краіне, бо на той момант інтэрнэт быў заблакаваны. Там на яго накінуліся з дручкамі некалькі амапаўцаў, збілі, а пазней затрымалі.

Аляксей Кудзін.
Фота: старонка ў Facebook

Цяпер Аляксей Кудзін успамінае дэталі таго дня.

– Я падняў рукі, паказаў, што ў мяне далоні чыстыя. Салдат з другой шарэнгі пшыкнуў у мяне газам. Я паспеў адхіліцца ўбок. Мяне ўдарылі дубінкай па галаве з-за шчыта. Пяць разоў мне прыляцела. Як толькі ён мяне ўдарыў, я на аўтамаце развярнуўся да яго, гэта інстынкт самазахавання, я больш за дваццаць гадоў займаюся адзінаборствамі, я разварочваюся, вырываю ў яго шчыт з рук. І тыльным бокам далоні б’ю аплявуху ў скулу. Ён падае наглуха – проста накаўт. У гэтую секунду я адчуваю другі ўдар збоку. Я паспяваю ўхіліцца і добры бакавы наношу яму ў шкло. Потым я даведаўся, што даў яму так, што запусціў у космас. У яго шкло ў шлеме лопнула. Яшчэ аднаму даў у верхнюю сківіцу і пашкодзіў зуб. Толькі я пачаў паварочвацца ўцякаць, адчуў удар у шыю, я павярнуўся, сышоў у правы і ўдарыў сваю «каронку» – левы бакавы. Ён таксама ўшуршаў у аўт. Далей я пачынаю бегчы, мне наперарэз зʼяўляецца яшчэ адзін супрацоўнік, спрабуе ўдарыць мяне, але не атрымалася. Ён упаў пад лаўку.

Урэшце затрымліваць Аляксея Кудзіна прыехаў нарад Спецыяльнага атраду хуткага рэагавання.

Вядома, што Аляксею Кудзіну выставілі абвінавачанне паводле арт. 364 Крымінальнага кодэксу Беларусі – гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў. Пакаранне паводле гэтага артыкулу – арышт, або абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў, або пазбаўленне волі на тэрмін да 6 гадоў.

Hавiны
Затрымалі і збілі чэмпіёна свету па кікбоксінгу і тайскім боксе Аляксея Кудзіна
2020.08.13 18:30

ІК belsat.eu

Стужка навінаў