Дарога Івонкі Сурвілы. Вялікае інтэрв’ю

Сустрэча з Івонкай Сурвілай

«Белсат» адмыслова накіраваўся ў Канаду дзеля сустрэчы са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай. Глядзіце і чытайце ў інтэрв’ю Сяргея Падсасоннага пра гісторыю ейнага жыцця, дзейнасць Фонду дапамогі дзецям Чарнобылю ў Канадзе, пошукі дарогі да Беларусі, а таксама развагі пра сённяшнюю Беларусь: выбары, Астравецкую АЭС, пытанне нацыянальных каштоўнасцяў ды запавет беларусам са словамі надзеі на будучыню.

– Дзякую, што згадзіліся на гэтае інтэрв’ю. Калі я рыхтаваўся, то сустрэў самыя розныя краіны на Вашай жыццёвай дарозе: гэта шлях, які прайшоў з Беларусі, праз цяперашнюю Польшчу, гэта Данія, Францыя, Іспанія і нарэшце Канада. Дарога Івонкі Сурвілы – куды яна вядзе?

– Я заўсёды спадзявалася, што вядзе ў Беларусь, што завядзе калісьці ў Беларусь. Мы фактычна эмігравалі з Даніі ў Францыю, каб быць бліжэй да Беларусі. І гэта зусім выпадкова пазней я выйшла замуж, пераехала ў Іспанію, пасля ў Канаду. Гэта ўсё лёс. Рэчы складаліся неяк, не заўсёды былі планаваныя ці прадбачаныя.

– Калі паглядзець на гэтыя пяць краінаў, то якая з іх самая блізкая, самая дарагая сэрцу? Ці кожная па-свойму?

– Я б сказала, што кожная па-свойму, але ж на першым месцы Беларусь, бо я ж адчуваю сябе беларускаю, дзе б я не была. Таму Беларусь на першым месцы. А пасля на другім месцы я б паставіла Данію. Гэта краіна, якую я пабачыла дзіцём адразу пасля вайны, адразу пасля бамбардаванняў і нашай страшэннай дарогі з Беларусі. Там былі тры гады. У Даніі мне было так прыемна, так цудоўна ставіліся людзі, што да гэтага часу яна вельмі дарагая майму сэрцу.

Лёс эмігрантаў

– Але калі глядзець на ўсе гэтыя краіны – гэта лёс эмігранта. Вельмі часта мы, хто з’ехаў па розных прычынах з Беларусі, чуем, што гэта цукар, добрае жыццё. Ці гэта так?

– Магчыма, гэта ўжо цяпер, калі людзі выязджаюць на ўсё гатовае, едуць на Захад ці іншую краіну, вельмі лёгка знаходзяць працу, добры заробак, адразу набываць хату, абжываюцца. Тады гэта іншае – не як беларусы, а як любы іншы эмігрант з багатай краіны пераносіцца з адной краіны ў другую. Мы былі зусім у іншай сітуацыі.

Мы былі сапраўды ўцекачы. Без нічога. Бедныя як ніхто. На кожным кроку небяспека, што нейкая куля трапіць у нас, небяспека, што патоне карабель. Гэта пачуццё, што жыццё можа скончыцца праз хвіліну.

Гэта была першая і вельмі цяжкая частка майго падарожжа. У Даніі, адразу як прыехалі, было вельмі цяжка, бо ў нас было трое дзяцей у сямʼі, захварэлі і мая сястрычка памерла. Таму гэта быў жах. Але пасля гэтага неяк спатыкала людзей, якія былі вельмі добрыя і цудоўныя. Заўсёды так было. У Даніі столькі прыяцеляў, што яны і цяпер мае сябры. Там я была сапраўды шчаслівая. Нават у лагерах – мы жылі ўвесь час у лагерах для бежанцаў – але заўсёды была ў кантакце з вельмі цудоўнымі людзьмі. Пасля я некалькі разоў ездзіла Ў Данію. Гэта вельмі прыгожы край таксама. Таму я захопленая Даніяй. І таксама захопленая як прыкладам для Беларусі. Я і мой тата заўсёды ўяўлялі гэта, што фактычна людзі працавітыя, разумныя, ветлівыя, гасцінныя, і нічога не маюць апрача пяску і вады, гэта ж пясок – гэтыя выспы, але нягледзячы на гэта адна з самых багатых краінаў у свеце, дзеля сваіх людзей. Маленькая краіна, але жыве, каб як найлепш было народу.

Першыя слёзы ад бальшавікоў

– Вы кажаце, што Вашая дарога ў Беларусь. І дарога пра Беларусь, калі глядзець на тое, што Вы робіце. Але ж адныя з першых успамінаў, звязаныя з Беларуссю, – слёзы, слёзы ад бальшавікоў.

– Слёзы ад бальшавікоў – гэта першае, што памятаю, як арыштавалі майго тату. Мой тата быў інжынерам. Працаваў галоўным інжынерам ці тэхнічным дырэктарам на электрастанцыі ў Баранавічах. Гэта была даволі вялікая электрастанцыя. І пасля пяці месяцаў працы ад яго вымагалі супрацы і пільнаваць людзей палітычна. Тата сказаў: «Я ж не шпіён, я інжынер». Назаўтра прыйшлі, арыштавалі, і дзевяць месяцаў быў у турме. І засудзілі на пяць гадоў Сібіры. І я памятаю, як яны прыйшлі яго арыштоўваць, усю хату перавярнулі. Мой крыжык, які я заўсёды нашу на шыі, вось гэты крыжык, які мне падараваў мой хросны бацька, энкэвэдыст хацеў забраць. І я так білася, так вырывалася ў яго з рук, што яму не ўдалося. І так я да гэтага часу маю гэты крыжык. Ужо восемдзесят гадоў.

– Крыжык з самага дзяцінства, які бароніць таксама.

– З самага дзяцінства, які мне далі, калі мяне хрысцілі. Бароніць. Я думаю, што гэтага было шмат у нашым жыцці.

Трагедыя вайны

Фотаздымкі з асабістага архіву

– Калі прыглядаешся, трагедыя бальшавізму, потым трагедыя фашызму.

– Чула, і мама старалася, каб я не чула, што 150 асобаў павесілі ў Баранавічах. Адзінае, што было страшна падчас нямецкай акупацыі, гэта бамбардаванні. Асабліва апошнім часам. Гэта страшэнны ўспамін з майго дзяцінства. Калі сядзіш у яме маленькі, яме, выкапанай татам, і зубоў не можаш стрымаць, як стукаюць ад страху, як падае бомба і свішча гэтая бомба. І думаеш: «Можа ўпадзе на нас». Гэта было вельмі-вельмі страшна. Гэта былі ўспаміны, пра якія я не хацела нават думаць і праз дваццаць гадоў пасля вайны.

– Але ўсё ж лёс і добрыя людзі, якія, як Вы кажаце, сустракаліся на Вашым шляху, увесь час дапамагалі.

– Заўсёды, так.

– Гэта цікавы момант. Здавалася б, ёсць карабель, які плыве, на які Вы хочаце патрапіць, але не трапілі. І ён узрываецца ня міне. Лёс кудысьці Вас вядзе.

– Гэта сапраўды ёсць. Падчас гэтае дарогі паміж Беларуссю і Даніяй можна налічыць прынамсі дзесяць выпадкаў, калі мы выратаваліся няведама як. Ну, ведама, – можа Бог даў. Але ў такіх абставінах, што мы нармальна мусілі загінуць.

Беларушчына ў Даніі

– У тую ж Данію Вы разам з сабою прывезлі і беларускасць. Гэта мова, гэта культура і гэта той самы танец «Лявоніхі», пра які Вы ўзгадваеце.

– Ну, безумоўна. Усюды. Гэта танец «Лявоніхі» у другім лагеры, як нас завезлі ў такі міжнародны лагер для ўцекачоў. Падаецца, была польская ініцыятыва зрабіць канцэрт вакол лагеру.

І мой тата кажа: «Мы будзем браць удзел. Івонка будзе танцаваць «Лявоніху»». Мама неяк зляпіла мне касцюмчык, не ведама з чаго, што выглядаў на беларускі. І я пратанцавала. І так людзі захапляліся, што малое дзіцё адважылася.

Гэта была мая першая беларуская рэч, сапраўды беларуская. Але беларускага ў Даніі шмат было. Напрыклад, мама і тата жылі ў лагеры з самага пачатку, як усе бежанцы, не працавалі. І тата пачаў вучыць мяне і брата беларускай мове, гісторыі. Мама прынесла ў сваёй торбе на плячах «Гісторыю Беларусі» Найдзюка. Падаецца, гэта была апошняя кніга, якая выйшла, калі мы яшчэ былі ў Беларусі. Такая для іх была каштоўная, што несла на руках дзіцятка, а ў торбе «Гісторыю Беларусі».

– Гэта «Гісторыя Беларусі» прайшла з Вамі ўсё жыццё.

– Да гэтага часу, яшчэ маю.

Доўгая дарога дадому

– Да таго самага моманту, як Вы вярнуліся ў Беларусь праз 48 гадоў упершыню ў 92-м годзе. Якая гэта была Беларусь? Вы баяліся яе не пазнаць, пазналі?

– Пазнала. Але месцы… Хата маіх дзядоў была старэнькая вельмі, там ужо жыў нейкі старэнькі чалавек. Не нашая сямʼя. А гэта была сямейная хата стагоддзямі. І ўспамін мела такой прыгожай хаткі. Здаецца, дзед пабудаваў дзесяць гадоў перад вайною, калі папярэдняя згарэла. Яна была такая прыгожанькая. І за хатаю было поле, і на канцы поля між нашай вёскай Засуллем і Зарэччам была рэчка. І гэта заўсёды былі цудоўныя ўспаміны, як наш тата плаваў па рэчцы, а мы сядзелі ў яго на плячах. Нічога гэтага ўжо не было. На гэтым месцы былі нейкія будынкі калгасныя. Не знайшла таго, што я памятала. Але ўсё роўна мне падалося прыгожым, і зрабіла шмат здымкаў, каб нешта намаляваць з Засулля.

Найбольшае расчараванне было, што ўзарвалі нашую царкву. І мае дзяды мяне заўсёды вадзілі з сабою ў царкву, дзе мне вельмі доўжыўся час на падлозе, гэта я памятаю. Але ж мела такія цудоўныя ўспаміны з таго часу. І гэта ўзарвалі ў 60-х гадах.

Ведаеце, так цяжка было ўспрымаць гэта ўсё, што некаторыя рэчы страчаныя непатрэбна, што здзекаваліся з народу, з беларускасці, узрывалі рэчы, якія ўзрываць не было ніякага сэнсу. Напрыклад, цэрквы ў 60-х гадах і касцёлы. Але наагул я была такая шчаслівая, што вярнулася ў Беларусь, што ўсё было прыгожае.

– Гэта быў Ваш дом?

– Гэта быў мой дом. І як сядаў самалёт на лётнішчы, дык адчула такое велізарнае шчасце, якое адчула толькі раз перад тым, як нарадзіла першае дзіцё.

– Ажно так. Такое велізарнае ўзрушэнне.

– Да такой ступені ўзрушэнне. Такое велізарнае ўзрушэнне.

Знішчэнне нацыянальнага. Боль за мову

Карціны Івонкі Сурвілы

– Але калі пабачылі, як і фашызм, і камуністы раней і пазней прайшліся сваім ботам, знішчалі нашае нацыянальнае, традыцыі, культуру, вартасці. Калі глядзіце на сённяшні дзень, усё працягваецца – знішчэнне нашага, нацыянальнага?

– Абсалютна. І асабліва мова. Мне так баліць сэрца, што нашая цудоўная мова ігнаруецца людзьмі. Людзі выбіраюць расейскую для сваіх дзяцей, каб лягчэй было ў жыцці, каб лягчэй было жыць, каб пайсці ва ўніверсітэт, каб знайсці працу. А ў тым часе мова памірае. Спадзяюся, што не памрэ. Але складаецца такое ўражанне. Вельмі-вельмі гэта цяжка.

– Што мы можам зрабіць для мовы? Кожны з нас. Беларус. Незалежна ад таго, дзе ён – на радзіме ці не?

– Тое, што зрабілі мае бацькі. Бачыце, я 76 гадоў, як выехала з Беларусі. І мая мова родная – беларуская, заўсёды была.

– Вашыя бацькі выключныя абсалютна. Вы гэта ўвесь час таксама падкрэсліваеце, што яны і бабуля таксама казала, што галошнае – гэта адукацыя, адукацыя перад усім.

– Гэта праўда, але гэта для ўсіх беларусаў. Беларускі народ… ведаеце, яшчэ перад вайною людзі высылалі, сяляне высылалі адно дзіцё вучыцца, каштавала гэта ім, магчыма, карову на месяц. Пад Польшчай. Гэта было вельмі-вельмі дорага. Тым больш, што людзі зараблялі вельмі-вельмі мала. І нягледзячы на гэта, рабілі гэты высілак. Так што, беларусы заўсёды паважалі навуку, літаратуру, паэзію і мастацтва, і музыку. Беларускі народ вельмі-вельмі інтэлігентны натуральна.

«Страчанае пакаленне»

– Калі гаварыць пра Вашых бацькоў, то тут кажуць пра «страчанае пакаленне», бо гэта пакаленне вайны і пакаленне, пацярпелае ад камунізму. Ці Вы сябе ўяўляеце таксама страчаным пакаленнем для Беларусі?

– Я сябе не ўяўляю страчанаю, бо не Беларусь мне дала навуку і ўсё тое, што я здабыла ў жыцці. Я гэта пакрышцы брала ў кожнай краіне. Таму я крышку вінная кожнай краіне, дзе я жыла. Мне і навуку далі, і працу, і наагул… Напрыклад, Іспанія дала магчымасць рабіць перадачы на Беларусь. Гэтым займаўся мой муж, але я з ім працавала. Гэта было для нас вялікае шчасце.

– Гэта вялікая колькасць перадач: 2383 радыёэтэры з Мадрыду па-беларуску».

– Ад 8 снежня 1958 года да 30 траўня 1965 года. Мы гэта рабілі з мужам. Спачатку быў яшчэ адзін сябар. Але пасля было недастаткова грошай быць утраіх. Таму трэба было застацца дваім. І мы рабілі гэта, калі і дзеці нарадзіліся. Дык дзеці былі ў калысцы збоку, сядзелі, а мы працавалі.

– То бок, Беларусь можа не страціць сваіх дачок і сыноў, калі гэтыя дочкі і сыны працуюць на карысць Беларусі?

– Абсалютна. І трэба, каб кожная сям’я, кожная маці і кожны бацька зразумелі вартасць мовы, зразумелі вартасць гэтай зямлі, на якой яны жывуць. Гэтая зямля сфармаваная з касцей нашых продкаў. Гэта такое шчасце быць на гэтай зямлі. І людзі гэта ігнаруюць, не здаюць сабе справы. Каб яны жылі на гэтай зямлі як беларусы.

– Але сённяшнія ўлады робяць усё, каб маладое пакаленне, перад усім, з’язджала з краіны. Ці гэта будзе, на Вашую думку, тое самае «страчанае пакаленне»?

– Будзе страчанае пакаленне, таму што яны выязджаюць, якія не дастаткова прыгатаванымі каб быць эмігрантамі, якія выязджаюць, каб бараніць Беларусь. Мы выехалі з Беларусі, не жадаючы, былі цалкам змушаныя, каб бараніць сваё жыццё. Мы выехалі, каб вярнуцца. Дзе б мы не жылі, усюды нашая мара была. 25 Сакавіка заўсёды казалі, што ўсе імперыі развальваюцца і гэтае разваліцца – і мы вернемся ў Беларусь.

Дзень Волі

 

Фота з архіву

– 25 Сакавіка – гэта абсалютна выключны дзень для Вас і Вашай сям’і, праўда?

– І для ўсіх беларусаў маёй хвалі эміграцыі. Збіраліся ўсе. Нават калі былі непаразуменні між рознымі групамі, у гэты дзень збіраліся разам святкаваць 25 Сакавіка.

– А калі сёння глядзіце на святкаванні ў Беларусі, калі таксама прыходзяць тысячы людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі, з Пагонямі ў цэнтр Менску, незалежна ад таго, што іх затрымліваюць, арыштоўваюць, гэта…

– Гэта напаўняе сэрца радасцю. Гэта так, як і ў Вільні, як мы былі на пахаванні паўстанцаў і Кастуся Каліноўскага. Вы таксама там былі. Мы разам былі. І гэта бачыць бел-чырвона-белыя сцягі на вулічках Вільні, мора сцягоў. Я думаю, што ніхто адтуль не выехаў нязменены.

– Што Вы тады адчувалі?

– Такое бясконцае шчасце! І асабліва бясконцае шчасце, што мы дойдзем…

– Да той Беларусі, пра якую Вы марыце ўсё жыццё?

– Так, на якую чакаю ўсё жыццё. Я не ведаю, ці я выжыву да таго часу, але прынамсі ўсё жыццё рабіла ўсё тое, што магчыма, каб дайсці да гэтага».

Збежнасці лёсу

– Магчыма, менавіта таму Вашае жыццё – гэта тое, што лёс уратаваў дзеля гэтай самай Беларусі. Калі гляджу на тое, што Вы робіце для Беларусі, для беларускай справы, то гэта адчуваецца, што лёс патрабаваў такой асобы.

– Магчыма, не мяне. Магчыма, што мой тата быў вельмі працавіты, здольны, уся мая сямʼя была вельмі беларуская. Таму не толькі мяне. Ведаеце, усе тыя беларусы, што выжылі ў першай хвалі эміграцыі, яны выжылі фактычна дзеля нейкага цуду. Таму што перажылі страшэннае. Гэтая эміграцыя ў часе вайны пад бомбамі была нечым, што цяжка ўявіць для людзей, каторыя не ведалі вайны. Напрыклад, мой муж у 18 гадоў быў настаўнікам у Беларусі. І ён выехаў, таму што партызаны спалілі ягоную школу. І тады мама прыгатавала яму клубочак ежы і сказала выязджаць да дзядзькі, які быў палонны ў Нямеччыне. Дзядзька ягоны быў у польскім войску, палонны на ферме. І ён тады ехаў у Нямеччыну да дзядзькі. І канчаткова яго беларусы затрымалі ў Берліне. Ён тамака адпрацаваў у камітэце самадапамогі. Дапамагаў усім. Было хіба 13 тысяч ваеннапалонных. Ім высылалі кнігі, газеты, радзілі, што рабіць. Тады яму 18 гадоў, майму мужу. Гэта яшчэ доўга перад тым, як мы спаткаліся.

Каханне на ўсё жыццё

– Але калі загаварылі пра Вашага мужа, пра сустрэчу, то гэта 48-ы год, гэта Зʼезд беларусаў.

– Так, гэта Зʼезд. Мне тады ўжо было амаль 13, а Янку было 23.

– Адразу заўважылі яго?

– Адразу заўважыла, так. Цікава.

– Як гэта – каханне з першага погляду і на ўсё жыццё?

– Так. Так… Дзіўна гэта. Безумоўна, заўважыла, бо ён паводзіў сябе вельмі шляхетна і вельмі шчодра. Я была ў касцюмчыку каля дзвярэй, прычэплівала беларускія сцяжкі людзям, што ўваходзілі на Зʼезд беларусаў. Гэта быў Сусветны зʼезд беларускай эміграцыі. І мой тата браў удзел у ягонай арганізацыі, разам з Абрамчыкам, з Рыдлеўскім, там уся нашая інтэлігенцыя сабралася была. Ну і я каля дзвярэй чапляла гэтыя сцяжкі, а Янка ў тым часе працаваў на ўсходзе Францыі, дзе выраблялі сталь. Гэта быў вельмі цяжкі час. Ён прыехаў у Францыю, бо яму паабяцалі, што будзе магчымасць працягваць вучыцца, прадаўжаць навуку.

І ён з нагоды зʼезду прыехаў у Парыж, увайшоў у гэтую залу і замест таго, каб пакласці, як кожны, 25 цэнтаў, дык ён паклаў ледзь не месячны заробак на гэтую талерку. Ён такі заўсёды быў Янка – вельмі шляхетны і шчодры.

І я агледзела гэта і пабегла за ім казаць, што Вы памыліліся мусіць. А ён кажа: «Не, не, не памыліўся». То я была адразу захапілася. Гэта з самага пачатку, як чалавек можа, ведаючы, што сярод нашых людзей багатых няма, усе бедныя, усе такія самыя, усе ваенныя ўцекачы, і што ён быў здольны даць гэтыя грошы на залу. Ён адразу стаўся ў маіх вачах вельмі своеасаблівы.

– 37 гадоў разам – гэта нямала.

– Вы ведаеце ўсё… (смяецца)

– Якімі былі гэтыя 37 гадоў?

– Мяркую, што частка з іх была найшчаслівейшая з майго жыцця. Тое шчасце, якое я ведала ў Беларусі ў Засуллі, яно было іншае – гэта дзяціннае нявіннае шчасце. Бабулька рабіла кожны дзень бліны са смятанаю, са мной вельмі добра абыходзіліся – і я была шчаслівая. У Даніі была вельмі шчаслівая з сябрамі. Як я казала, там былі вельмі добрыя людзі і для мяне вельмі шмат зрабілі. У Мадрыдзе, выйшаўшы замуж, гэта было праз 6 гадоў пасля таго, як мы заручыліся.

У Мадрыдзе

– Паехалі за каханнем у Мадрыд?

– Так, толькі.

– Так бы не вырашыліся, не адважыліся? Бо вы ж вучыліся ў Сарбоне…

– Не тое, каб не адважылася, я нават вучылася ў Сарбоне, спяшалася скончыць навуку, бо бацькі сказалі, што толькі ў гэтым выпадку магу выйсці замуж. Яны ўяўлялі сабе, што я буду працягваць. А я ўсё рабіла… Ну, нават такія рэчы: я ніколі не брала французскага грамадзянства, бо там трэба было 10 гадоў жыць у Францыі, каб яго ўзяць; і пасля 10 гадоў мне прапанавалі французы: «Чаму Вы не бярыце?» Я кажу: «Не, я выходжу замуж. Я еду ў Іспанію». І праз 6 гадоў, калі мы вырашылі, што пажэнімся, зрабілі паперы і тыдзень пазней ужо былі ў Мадрыдзе, бо чакалі на Янку, трэба было працаваць.

– Гарачы, спякотны Мадрыд, у які Вы прыязджаеце, у якім Вы жывяце, – гэта горад Вашага такога юнацтва і шчасця?

– І шчасця… У мяне шчасце ніколі не было звязанае з матэрыяльным жыццём. Таму што ў тым часе нам сапраўды жылося цяжка: на шостым паверсе ў гарачым Мадрыдзе, плоскі дах – гэта азначае, што жылі як у печцы, трэба было тры разы за ноч уставаць, каб крышку абліцца вадою, каб вытрымаць гэтую гарачыню. Але мы былі такія шчаслівыя, бо не толькі былі першы раз разам, а таксама рабілі працу, якая была для нас чымсьці надзвычайным. Янка казаў, што найбольшую рэч, што ён зрабіў у жыцці, – гэта гэтыя радыёперадачы. Так што, і задаваленне жыццём і адначасна пачуццё, што робіце нешта вартаснае, нешта для беларускага народу, для Беларусі. Ну і маладыя, нядаўна пажаніліся. Што больш трэба?!.

Беларусы Канады

– Гарачая Іспанія, але ўсё ж такі абіраеце халодную Канаду, чаму так?

– Гэта атрымалася крышку выпадкова. Каб Янка не знайшоў абвесткі, што Канада шукае перакладчыкаў з ангельскай мовы на французскую мову, мы б ніколі не прыехалі ў Канаду.

– Беларусы Канады – хто яны?

– Беларусы Канады – цяжка сказаць, што ўсе беларусы такія самыя. Першая хваля эміграцыі прыехала сюды сапраўды будаваць другую Беларусь, пакуль усе вернемся на Беларусь. Так што, часта маладыя людзі і семʼі адразу ўзяліся за працу, будаваць сваю царкву, свой беларускі дом, які яшчэ да гэтага часу існуе і царква існуе. І гэта ўсё яны рабілі без цэнта.

І нават нікому не прыйшло ў галаву, каб спачатку забяспечыць сваё жыццё, а пасля рабіць нацыянальную працу. Першае, што зрабілі, – купілі дом, складаліся ўсе разам, каб гэты дом аплаціць, жылі там, каб не плаціць у іншым месцы, не выдаткоўваць грошай, праз пэўны час купілі другі дом, большы, і пасля купілі гэты, што ёсць і цяпер, дзе знаходзіцца царква.

Ён не надта такі прэстыжны, але цудоўны для нас, бо ў вельмі добрым месцы ў Таронта. І там ёсць магчымасць і спатыкацца, і танцаваць, і спяваць, і таксама хадзіць на богаслужэнні беларускія.

– Вось гэтая беларуская салідарнасць, пра якую Вы кажаце, што ўсе разам, талакою, стваралі беларускую справу; таксама, калі Вы працавалі ў Іспаніі на радыё і стваралі беларускую праграму, на радыё гэта таксама скідваліся беларусы.

– Абсалютна. Гэтага радыё мы б не мелі, калі б прэзідэнт Абрамчык не дамовіўся з нашымі асяродкамі ў Амерыцы, у Англіі, усюды, дзе былі беларускія асяродкі, каб яны скідваліся, давалі пэўную суму. Вельмі малыя сумы былі – па 20 долараў на месяц ці штосьці такое. Нам, як я прыехала, трэба было мінімум 100 долараў, а пасля цэны павысіліся, і трэба было 200 долараў, каб там пражыць. І гэта для амерыканцаў, і для журналістаў у Мюнхене, і для ўсіх не былі вялікія грошы скласціся, але для нас гэта было абавязковым, каб мы гэта атрымлівалі, бо Іспанія плаціла за ўсю тэхніку, вельмі добрую тэхніку, але сказала, што працаўнікоў будзеце аплочваць вы самі.

– Калі сёння Вы глядзіце на беларусаў і ў замежжы, і ўнутры краіны, ці нам хапае гэтае салідарнасці?

– Абсалютна не. Цяпер ніхто пра салідарнасць не думае. Ніхто не думае, што нашыя ворагі не іншыя беларусы, не суседзі, а нашыя ворагі вельмі сурʼёзныя і вельмі небяспечныя – і супраць іх трэба змагацца. На жаль, сённяшняя эміграцыя толькі часткова мае гэтыя паняцці, а бальшыня жывуць так, як у Беларусі, нармальныя людзі, у вёсках, пасварацца за тое, за тое. Пасля пагодзяцца, зробяць нешта разам. Але ёсць людзі, якія вельмі шмат працуюць на гэта. Асабліва ў Атаве. У Атаве такая вельмі прыемная група. І ў Таронта, дзе пад кіраўніцтвам Віялеты Кавалёвай ёсць такі ансамбль, называецца «Яворавы людзі» – людзі, прыехаўшыя з Беларусі, без ніякай падрыхтоўкі маюць такі цудоўны хор і такія цудоўныя робяць канцэрты, што ўсе іншыя нам зайздросцяць.

Чарнобыльская катастрофа

Фота з архіву

– Вы зрабілі вельмі шмат на ніве беларушчыны: гэта Беларускі інстытут навукі і мастацтваў, гэта этнакультурная рада «Бацькаўшчына», але хіба тут не памылюся, асаблівае месца – гэта Канадскі фонд дапамогі дзецям Чарнобылю?

– Так, гэта была вялікая рэч. Хаця спачатку гэта было некалькі гадоў вялікага няшчасця, вялікай бяды. Таму што, я памятаю, як мы пачулі толькі першы раз пра Чарнобыль, здаецца гэта была субота раніцай, калі не мылюся. І пачулі, што выбухнула ядравая станцыя ў Савецкім саюзе, я так праз сон падумала: «Хаця б каб не ў Беларусі». Я нават не ведала, ці ёсць у Беларусі. І калі сказалі, што гэтая электрастанцыя знаходзіцца на мяжы з Беларуссю, дык свет разваліўся. Свет разваліўся. Для мяне перастала існаваць мастацтва, перастала існаваць усё іншае. Адзінае – што скончыўся свет».

– Вы таксама перасталі маляваць.

– Перастала на 8 гадоў, не малявала, да 94-га года. Не цікавіла, мастацтва выглядала як забаўка.

– Але фонд усё ж такі паўстае. Што было самае цяжкое?

– Ой, Мой Божа! Столькі было цяжкасцяў, што аж страх. Фонд паўстае толькі тры гады пазней. Спачатку нават не мелі ўсёй інфармацыі.

– Не было праўды.

– Не было праўды. Усё Масква казала, што гэта нічога, у Беларусі казалі людзям, каб ішлі на парады. І гэта было тое, што мы ведалі пра Беларусь. І я нават хадзіла ў міністэрства здароўя, дзе я тады працавала, даведацца, там ёсць ядравы аддзел, каб даведацца праўду. І мне сказалі, дырэктар сказаў – гэта не абы-хто, – што нічога там сурʼёзнага не адбылося, бо мы б ведалі, калі б было сурʼёзна. Але ў 89-м годзе аказалася, прынамсі я даведалася ў гэтым годзе, што сталася вельмі шмат. І даведалася праз выставу, якую зрабілі беларускія мастакі. Дзве тысячы карцін, усе яны былі на тэму Чарнобылю. І гэта мне адкрыла вочы.

Я мелася ісці на падвышэнне на працы, але я пайшла да дырэктара сказаць, каб выкраслілі маё прозвішча, я туды не збіраюся, не пайду, таму што паўстала праблема, якая важнейшая для мяне. І мы тады пачалі з мужам размаўляць, гэта ў 89-м годзе летам, пачалі гаварыць, як дапамагчы, што зрабіць, каб дапамагчы. Мы гутарылі пра гэта каля двух месяцаў. За гэты час я даведалася, што ў суседстве з маім офісам ёсць адвакат, які бясплатна дапамагае дабрачынным арганізацыям, дык я выйшла з офісу, пайшла туды, запыталася – аказваецца, што зрабіць гэта зусім не цяжка, але трэба тры подпісы не з адной сямʼі. І потым даволі вялікія крокі, каб атрымаць статут. Прыйшла дадому, кажу мужу – то ён ледзь не паваліўся, кажа: «Што ты…». А я кажу: «Мы ж казалі, што трэба зрабіць арганізацыю». Бо іначай займацца арганізацыяй, дзе будзе праходзіць шмат грошай, бо мы так думалі, што будзе вельмі ўсё гэта вельмі добра, то гэта небяспечна, бо людзі будуць думаць, што мы для сябе збіраем. Таму мы вырашылі, што трэба толькі закласці арганізацыю і тады будзем пачынаць працаваць. Мы атрымалі паперы ад міністэрства ў лістападзе 89-га году, яшчэ заняло 7 месяцаў, каб атрымаць статут дабрачыннасці.

– Колькі ў выніку прайшло дзяцей праз Ваш фонд?

– Было 5 500. З Беларусі прыляцела дзяцей. І за кожнага мы ўсё аплочвалі: і квіткі, і нават канадскія візы мусілі аплочваць самі, збіраць на гэта грошы. Але тут я Вам хачу нешта расказаць, таму што гэта без канадцаў, без канадскага народу і іх добразычлівасці ды іхнага пачуцця дабрыні мы б гэтага ніколі не зрабілі.

Тады, калі мне трэба было падпісаць гэтыя паперы на тры асобы, мы былі тры беларускі – я, Зіна Гімпілевіч, якая зʼяўляецца прафесаркаю ў Ватэрлоа, і трэцяя – беларуска старой эміграцыі, якая нават не ўмела па-беларуску, з Палесся, – Палін Пашкевіч-Сміс, якая далучылася да нас. Гэта тры асобы, якія згадзіліся падпісваць паперы, каб рабіць фонд, бо кожны баяўся: тут грошы, у грошах справа, не будзем падпісвацца, бо хто ведае, што станецца. Баяліся адказнасці. І мы гэтыя трое падпісалі. Янка не мог падпісваць, толькі нам дапамагаў увесь час. І я хацела сказаць, што як мы стварылі арганізацыю, тры месяцы пазней прыехаў з Беларусі Грушавы, які зрабіў арганізацыю ў Беларусі.

– Гэта вельмі важная постаць?

– Вельмі важная. Каб ён сюды не прыехаў, мы б не маглі рабіць гэтае праграмы. Яго запрасіў Рагуля. Ён прыехаў, быў у Лондане ў Антарыё. Мы паехалі па яго на лётнішча, забралі, каб адведаў нас, і я ўжо яму прыгатавала шэраг розных спатканняў з рознымі канадскімі інстытуцыямі: Чырвоным крыжам і міністэрствам аховы здароўя, каб яму даць магчымасць нешта зрабіць у Атаве. І апошняе спатканне, якое мы яму тут прыгатавалі, гэта спатканне з найбуйнейшай атаўскай газетай – «Сітэзэн». І прыйшла жанчына, і ён пачаў распавядаць, ён тады быў з іншым калегам, пачаў расказваць пра дзяцей, колькі дзяцей хворых. І распавёў, што ён стараецца выслаць дзяцей на адпачынак у розныя краіны свету, каб пазбыцца радыяцыі, што іхным целе. То яна пытаецца: «Калі сюды вышліце?». То ён на мяне глядзіць, бо мы тады яшчэ абсалютна не думалі браць дзяцей. Мы думалі дасылаць дапамогу з Канады ў Беларусь. Гэта тады было нашаю мэтай. Лекі ў шпіталі, прадукты, сродкі для мыцця падлогі, усё што заўгодна, але дапамагаць у Беларусь. І калі яна гэта спытала, то ён запытаўся ў мяне, што мае казаць. Я кажу: «Кажыце, што хутка зоймемся гэтым». І гэта яна напісала. На заўтра быў артыкул. І тры дні пазней ужо мне тэлефанавалі людзі з адной школы каля Рычманд каля Атавы, запрашаючы ў школу мяне, каб прадставіць праблему. Калі я туды пайшла, там была поўная зала людзей. Калі не памыляюся, гэта было 11 красавіка. І 20 красавіка ўжо было 70 семʼяў, якія хацелі ўзяць дзіцё ў Канаду.

АЭС у Астраўцы

Астравецкая АЭС

– Мала хто ў Беларусі нават ведае, што Канада далучылася, і вельмі значна. Таксама Вы адпраўлялі ў Беларусь лекі цэлымі самалётамі для беларускіх дзяцей, дапамогу самую разнастайную. Але сёння ў Беларусі пабудавалі Астравецкую АЭС. Што Вы думаеце і адчуваеце, калі бачыце гэта?

– Перад спробамі інтэграцыі я лічыла, што гэта найбольшае злачынства Лукашэнкі. Гэта было абсалютна недапушчальна, каб у Беларусі, дзе пацярпеў цэлы народ ад Чарнобылю, ізноў была небяспека другога Чарнобылю, бо небяспека заўсёды будзе. Астравец – гэта расейская бомба ў Беларусі. Нікому іншаму гэта не зʼяўляецца на руку, апроч Расеі. Расея ўкладае туды грошы, яна зарабляе грошы для сябе, робіць для сябе гэтую інвестыцыю, не для нас, працаўнікі, здаецца, усе расейцы, матэрыялы – расейскія, гэта значыць, што даў Расеі ізноў узяць сабе калонію.

– Астравец зʼяўляецца такім прыкладам, што ўлады ў Беларусі зʼяўляюцца галоўным ворагам свайго народу.

– Абсалютна. І тое самае было цяпер падчас перамоваў пра інтэграцыю. Гэта злачынства. Чалавек, якога народ лічыць за свайго прэзідэнта, зʼяўляецца найбольшым здраднікам гэтага народу. Гатовы яго аддаць – як гэта выглядае, прынамсі, гандляваць ім. І гатовы паставіць у цэнтры Беларусі, у чыстым месцы, пакуль што, амаль чыстым – там была літоўская ядравая электрастанцыя, але я мяркую, што гэтае месца было адным з чысцейшых у Беларусі, паставіць там другую ядравую электрастанцыю.

– То бок, вось тое, што мы казалі сёння ў размове: самыя небяспечныя тыя ворагі, каторыя ўнутры?

– Гэта праўда.

Галоўны вораг беларусаў

– А калі ўзяць вонкавых ворагаў, хто самы небяспечны сёння?

– Безумоўна, што Расея. Да той ступені, што гэта ж усю гісторыю, калі Вы возьмеце ад самых пачаткаў Масковіі, я ўжо казала, каб нашыя князі тады пабудавалі кітайскі мур, магчыма, наш лёс быў бы іншы. Ад таго часу яны хацелі нас захапіць. Заўсёды былі войны. І Іван Жахлівы, і ўсе – адзін за другім нас атакавалі, і мы мусілі бараніцца ад іх. Ну і ў канцы пад эгідай сацыялізму і Савецкага саюзу яны зрабілі фактычна найбольшую шкоду за ўсе гэтыя стагоддзі.

Яны зрабілі найбольш зла для Беларусі, бо яны не толькі забралі Беларусь, але забралі і беларусаў.

Да 1918 году беларускі народ быў яшчэ беларускі, нягледзячы на царскі рэжым, на царскую імперыю, яшчэ не было СМІ, людзі трымаліся ў вёсках, кожная вёска старалася выжыць, гаварылі па-беларуску, культура існавала, нягледзячы на забарону беларускай мовы, усё ж такі былі людзі, якія адважваліся пісаць па-беларуску. Прыкладам – Багушэвіч, Каліноўскі. Каліноўскі ўжо змагаўся за беларускую незалежнасць, ужо змагаўся супраць царскае імперыі. І тады гэта пачалося. А як прыйшлі бальшавікі, дык яны знутры пачалі пераконваць беларусаў, што яны не беларусы, фактычна.

– Увесь час гучыць, што беларуская мова сялянская, што яна не такая вартая, як расейская, што культура гэтая – недакультура і гэтак далей. Мы ўвесь час гэта чуем. Таму змаганне за беларускасць і вяртанне Беларусі, прынамсі ў сімвалічным сэнсе, на мапу свету працягваецца?

– Так, так. Абсалютна. І трэба, каб гэта рабіў беларускі народ, таму што, колькі мы не будзем змагацца, мы тут эміграцыя – голас беларускага народу. Мы нясем голас беларускага народу ў свет.

– Што кажа гэты голас?

– Заслугоўваем на людскі лёс, людскія ўмовы, на правы чалавека, як і ўсе іншыя народы, на сваю культуру, на сваю мову. Цягам 10 стагоддзяў гэта было ў нас. 10 стагоддзяў – і прыйшоў сусед і за 70 гадоў выкараніў і мову, і гісторыю, пачалі фальсіфікаваць, і нашую культуру, пачалі адбіраць нашых кампазітараў, нашых мастакоў – усё тое, што мы мелі.

– Лукашэнка і ягоныя чвэрць стагоддзя кіравання – гэта працяг?

– Гэта працяг, на жаль. Адзінае, што ён, магчыма, бароніць, гэта свой кусок зямлі – сваё прэзідэнцтва. Гэта ён бароніць. Але, калі і бароніць, то не дзеля нас, не дзеля свайго народу, а дзеля сябе.

Галоўнае ў Канадзе

– Вашае галоўнае дасягненне ў Канадзе?

– Галоўнае?.. Даволі шмат ёсць (смяецца). Але асабіста мяркую, што гэта быў Чарнобыльскі фонд. Бо ўсё ж такі, нават калі ў Беларусі пра гэта мала ведаюць, гэта нармальна. Дзеці не цікавіліся, хто іх сюды прывозіў і як яны сюды прыязджалі, і нават некаторыя думалі, што гэта іх сюды Лукашэнка прывозіць ці канадскі ўрад, яны не ведалі, што гэта азначае мець на Захадзе такі фонд і прывозіць столькі дзяцей. Гэта была велізарная праца. І, мне падаецца, мы гэта рабілі яшчэ пяць гадоў, пасля таго як я пакінула пасаду кіраўніка фонду, каб узяць прэзідэнтуру БНР. Мяркую, што праца, якая была зробленая, варта б было напісаць кніжку.

Старшыня Рады БНР

Івонка Сурвіла, 2013 год. Фота – radabnr.org

– Сёння мы з Вамі вельмі часта ўзгадваем такое слова, як «выпадковасць», «збег лёсу», «збег акалічнасцяў», хаця, калі прыглядаешся да Вашага жыцця, то тут, падаецца, выпадковасцяў не бывае: 1997 год – Вы робіцеся сёмай Старшынёй Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Цяжкі для Вас час і пачатак зусім новага. Тры месяцы да гэтага адыходзіць з гэтага свету Ваш муж.

– Я, калі ехала на сесію Рады ў 97-м годзе, дык ехала дзеля майго мужа. Ён перад смерцю сказаў сябрам, якія прыйшлі яго адведваць, што адзінае, аб чым Вас прашу, – гэта бараніце БНР, гэта найбольш каштоўная рэч нашага народу. І калі тры месяцы пазней была сесія, дык я вырашыла паехаць не дзеля гэтага, нават у галаву не прыйшло, каб мяне прадстаўлялі на Старшыню, я паехала, каб усё добра пайшло, каб дагледзіць, як мой муж хацеў бы. І калі прыехала туды, за дзень да гэтага сабралася ўся інтэлігенцыя, усе нашыя вялікія людзі – якраз пра гэта гаварыць. Там быў Пазняк, між іншых, і Кіпель, і Запруднік – пакой, поўны людзей.

Мяне паклікалі, і я тады запісала нейкі дзясятак вымаганняў, якія патрэбныя, каб абавязкова меў Старшыня Рады. І гэта крышку наіўнае, калі падумаеш: першае гэта было, каб бясконца любіў Беларусь (смяецца).

Гэта было першае. І там з дзясятак рэчаў: і мовы, і пэўныя веданні, як функцыянуюць тутака ўрады, як да іх можна дабрацца, – рэчы, якія мне падаваліся, вельмі карыснымі для Старшыні Рады. І я пачала пра гэта крыху гаварыць, што нам патрэбна, як шукаць чалавека. І раптоўна, здаецца, Запруднік сказаў першы: «Івонка, ты ж сябе апісваеш. Ты была б цудоўным Старшынём Рады». Я кажу: «Ні ў якім выпадку. Ты ж ведаеш, што тры месяцы таму памёр Янка, я яшчэ ў жалобе, я яшчэ плачу кожны дзень. Я яшчэ не магу да гэтага прывыкнуць. Ні ў якім выпадку я не здольная гэтага рабіць». І неяк між сабою яны дамовіліся пасля, што на заўтрашняй сесіі ўгаварылі мяне, каб я прадставіла кандыдатуру і мяне прынамсі можна было абіраць. Галасаванне. 56 галасоў за мяне на 58 прысутных (столькі было тады сяброў Рады, якія мелі права голасу, каб абіраць Прэзідэнта). І як гэта абвесцілі, то я падумала, што не магу адмаўляцца (смяецца).

Рада БНР не аддае паўнамоцтвы

– Сёння Беларусь, на жаль, па нейкіх паказніках – адзіная краіна з дыктатурай у Еўропе, адзіная краіна, дзе ёсць смяротнае пакаранне ў Еўропе, і адзіная краіна на постсавецкай прасторы, дзе Рада незалежная не аддала паўнамоцтвы дзеючаму ўраду, дзеючаму кіраўніцтву. Калі той час?

– Гэта было раней, да майго выбару. Усе іншыя краіны, здаецца, ужо мелі выбраныя парламенты, а наш Вярхоўны Савет яшчэ быў савецкі, не было каму перадаваць. Да гэтага не было ні якой гарантыі, што гэты ўрад будзе бараніць незалежнасці Беларусі заўсёды і назаўсёды, навекі, бо, гэта вельмі важна, мы не збіраліся аддаваць да часу, калі будзе два крытэры: каб урад быў дэмакратычна абраны, а другое – каб было нейкім чынам запэўненае, што незалежнасць ніколі не прападзе, не будзе адабраная ў нас.

– Чаму, калі сёння вельмі часта чуеце, што Лукашэнка – гэта нібыта гарант незалежнасці?

– Ён гарант сваёй маёмасці, таго, што ён мае, кавалак зямлі, гэта для яго вельмі выгадна. На жаль, ён нічым не паказаў, што ён гарант незалежнасці. Каб хацеў незалежную краіну, першую рэч, што зрабіў бы, – гэта адрадзіў бы мову, культуру, дазволіў бы людзям быць беларусамі, а гэтага няма.

– Усе беларусы і ўсё беларускае, у тым ліку і Івонка Сурвіла – гэта ворагі хіба, інакш не скажаш?

– Абсалютна. Гэта ворагі народу, як быў мой бацька – вораг народу. Абсалютна. І, я мяркую, што гэтак нашыя ворагі заўсёды трактавалі добрых беларусаў. У Курапатах хто ляжыць? Наш народ ляжыць, найлепшыя нашыя людзі. У Сібіры. Колькі нашых пісьменнікаў, колькі паэтаў забілі, расстралялі ў 1937 годзе?! Яны нішчылі нас увесь час. І ён працягвае. Мы яму не патрэбныя. Нас нішчылі ўвесь час. Нас хацелі знішчыць. Сталін хацеў знішчыць Беларусь.

Значэнне Рады БНР

– Але ўсё ж такі народ захаваўся, мова жывая, традыцыі таксама. Калі глядзець на гэта ўсё, якое сёння значэнне Рады Беларускай Народнай Рэспублікі?

– Мы фактычна зʼяўляемся юрыдычна адзінай легітымнай урадавай структурай Беларусі. Нас абралі людзі ў 1918 годзе.

1820 асобаў, якія былі на Зʼездзе, абралі тады Раду, якая сябе назвала Радай Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада абвесціла Беларусь незалежнай, і, дзякуючы гэтай незалежнасці Беларусі, бальшавікі былі змушаныя стварыць БССР; і, дзякуючы існаванню БССР, была абвешчаная незалежнасць у 1991 годзе.

Гэта значыць, што мы былі на пачатку ўсяго. І мы ўвесь час працавалі на мэты Рады. Увесь час. Быў пэўны перапынак, але толькі ў людзях, але Рада існавала і ў 1943-47 гадах таксама, калі папярэдні прэзідэнт памёр і пакінуў тэстамэнт, прызначаючы наступнага, просячы яго, каб адразу арганізаваў сесію Рады, каб яго абралі прэзідэнтам. Перадаў уладу чалавеку, які яму найбольш падаваўся найбольш здольным захаваць Раду.

Змаганне за Незалежнасць

Урачыстае перапахаванне Кастуся Каліноўскага і ўдзельнікаў паўстання 1863–1864. Калона праходзіць праз Вострую браму. Фота Ірына Арахоўская belsat.eu

– Увесь час мы гаворым у гісторыі Рады пра небяспеку страты незалежнасці з боку Расеі. Вось гэтая пагроза яна існуе. Сёння яна таксама вяртаецца з новай сілай. Ці сённяшнія беларусы, як Вы бачыце, як Вы лічыце, гатовыя адстойваць і змагацца за сваю незалежнасць?»

– Не магу Вам сказаць. Не ведаю. У Вільні я была пэўная, што так.

– Калі гэтае мора бел-чырвона-белых сцягоў пабачылі.

– Пабачыла мора сцягоў і пабачыла гэты энтузіязм. Сапраўды, я была пэўная, што гэта пачатак нашага адраджэння. Сапраўднага адраджэння.

– То бок, у нас не рабская псіхалогія?

– Безумоўна, не! Каб была рабская, нікога не было б у Вільні. Каліноўскага не было б.

– З чаго кожны беларус павінен пачаць свой шлях да Беларусі?

– Найважнейшае, каб наш народ ведаў, што ён існуе, прынамсі 10 стагоддзяў, што пражыў увесь гэты час народам беларускім. Пад рознымі імёнамі, але быў гэты самы народ. І ён, толькі калі здабудзе ізноў незалежнасць і павагу незалежнай краіны, толькі тады яго прызнае свет і толькі тады ён пачне жыць так, як Данія.

– Якая Вашая галоўная мара?

– Галоўная мара – гэта каб Беларусь стала такой краінай, як Данія, – незалежнай, заможнай, шчаслівай. Беларускай, перад усім, – беларускай.

Сённяшнія палітыкі і выбары

– Калі прыглядаецеся да сённяшніх грамадскіх дзеячаў у Беларусі, калі глядзіце на маладых палітыкаў, новае нацыянальнае пакаленне ў Беларусі, хто для Вас зʼяўляецца такой надзеяй?

– Гэта вельмі цяжка казаць.

– Каб не пакрыўдзіць.

– Каб не пакрыўдзіць, бо я маю дзясяткі. Але я вельмі задаволеная, што Севярынец хоча ісці ў прэзідэнты. Ён вельмі шчыры і вельмі адданы хлопец. Ён можа вельмі шмат зрабіць для Беларусі. І гэта, што ў яго ёсць, гэта тая шчырасць, што ён гэта робіць ад сэрца, ад душы, што ён не зменіць ніколі ідэі, думкі.

– Але ці магчыма ў сённяшніх умовах удзельнічаць такіх выбарах?

– Гэта не ведаю, бо і адно дрэннае, і другое дрэннае. Не ўдзельнічаць у выбарах – пакажаце, што беларусы не цікавяцца, хто ў іх прэзідэнт і якая ў іх улада; а ўдзельнічаць – у пэўнай ступені легітыміруецца цяперашні ўрад.

Таму няма выйсця. Мяркую, што не мае рацыі Пазняк, калі кажа, што не ўдзельнічаць ці байкатаваць выбары, не думаю, што гэта было б прынятае добра, прынамсі бачачы, як свет глядзіць на Беларусь. Гэта было б прынята як, свайго роду, ігнараванне беларускасці.

Запавет беларусам

– Калі б Вы маглі сказаць беларусам Ваш запавет для нацыі, для народу, то што гэта будзе?

– Мой Божа! Столькі рэчаў я б хацела сказаць. Каб быць паважанымі ў свеце, каб не трэба было выязджаць за мяжу, каб сабе здабыць хлеба, каб не трэба было ісці ў чужое войска, каб не трэба было б гаварыць чужой мовай, каб Вас не трактавалі як вясковых, таму што вы гаворыце па-беларуску, трэба здабыць незалежнасць! Незалежнасць дзяржавы, беларускай, дзяржавы, падобнай да скандынаўскіх краінаў, дзе пануе дабрабыт, дзе людзі паважаюць адзін другога, дзе кожны стараецца стварыць грамадскасць, дабрабыт для ўсіх.

Гэта мы можам зрабіць, таму што мы працавітыя – гэта ведаю па ўсіх беларусах, усюды ў свеце, дзе беларусы едуць, заўсёды іх паважаюць за гэта – мы ёсць чэсныя людзі, нават нягледзячы на ўсё тое, што зрабіў Савецкі саюз, імкнучыся стварыць хома-савецікус, нягледзячы на гэты мы чэсныя людзі, добрыя людзі, гасцінныя.

І кожны мае дастаткова ініцыятывы, дастаткова працаздольнасці, каб зрэалізаваць тое, што ён хоча. Мы гэта можам зрабіць. Той факт, што Беларусь цяпер мае праблемы з грашыма, гэта нават аж не верыцца. Цяпер у Беларусі, каб былі добрыя арганізатары, маглі б за дзесяць гадоў зрабіць з Беларусі другую Данію.

Жыве Беларусь!

Сяргей Падсасонны з Івонкай Сурвілай. Фота belsat.eu

– Калі ставіць кропку ў нашай размове, пытанне – Беларусь жыве?

– Жыве Беларусь абсалютна! Жыла заўсёды, жыве цяпер і, з вялікай надзеяй і з верай кажу, і будзе жыць!

– То, Жыве Беларусь!

– Жыве!

Гутарыў Сяргей Падсасонны,

Belsat.eu

Глядзі таксама

Hавiны