Далі тры дні, каб выселіцца з інтэрнату. Праз палітыку інваліда пазбавілі не толькі працы на МТЗ, але і жытла


Мікалаю Курэйчыку 40 гадоў, ён інвалід трэцяй групы. Мужчына працаваў на МТЗ гардэробнікам, жыў у інтэрнаце. Цяпер ён не мае ні працы, ні сталага месца жыхарства.

Мікалай Курэйчык.
Фота: з архіву героя

«Ён працаваў гардэробнікам, жыў у інтэрнаце, мае інваліднасць – не ведаю дакладна якую, але ён маленькі, ціхі, бяскрыўдны чалавек. Верагодна, нешта звязанае з развіццём. Працаваў за мінімалку, займаўся ўборкай тэрыторыі. Падтрымаў пратэст, але з намі не хадзіў. Проста выказаў сваю пазіцыю наколькі я ведаю. Звольнілі, і далі тэрмін вызваліць пакой у інтэрнаце», – такое паведамленне даслалі «Белсату» стачкамаўцы МТЗ.

Мікалай – інвалід з дзяцінства, у яго ёсць некаторыя асаблівасці развіцця. Атрымаў сярэднюю адукацыю, вучыўся ў дапаможным інтэрнаце па псіхічным захворванні. Жыве адзін, свайго жылля і сям’і няма.

– Я інвалід. Быў гардэробнікам на МТЗ, але выконваў усе. І на вуліцы дворнікам быў. 330 рублёў за гэта чыстымі выходзіла, а з іх яшчэ за інтэрнат вылічвалі. Плюс пенсія 250 рублёў. Мяне звольнілі па артыкуле. За прагулы – тры гадзіны не быў на працы.

Hавiны
«Мы таксама людзі, і ў нас ёсць пазіцыя!» Чаму дзяўчына з інваліднасцю бярэ ўдзел у пратэстах?
2020.11.03 14:14

Мікалай трохі блытана распавядае, як на МТЗ у жніўні страйкавалі, у верасні, а таксама 26 кастрычніка, у дзень, калі Святлана Ціханоўская абвесціла агульнанацыянальны страйк.

Потым на фотках, па словах Мікалая, начальства знайшло тых, хто хадзіў пратэставаць.

– Спачатку не чапалі, не чапалі, а потым паціху пачалі ўсіх звальняць па артыкуле. Аформілі, што 26 кастрычніка нас не было на працы, што знаходзіліся не на сваім працоўным месцы. А мы на самай справе на тэрыторыі заводу былі, не выходзілі за тэрыторыю, – распавядае Мікалай.

Мікалая ў выніку звольнілі. «Маленькага, ціхага, бяскрыўднага чалавека», які нічога не скраў, нічым не нашкодзіў, якому некуды ісці, у якога інваліднасць трэцяй групы выкінулі на вуліцу. А ў інтэрнаце далі тры дня, каб выселіцца.

Hавiны
Суддзя прыехала дахаты да інваліда-вазочніка, каб аштрафаваць яго за ўдзел у мітынгу
2020.11.07 17:03

Знаёмыя дапамаглі яму зняць кватэру. Зразумела, часова. Як будзе далей, невядома.

Зараз ён жыве толькі за пенсію. Ніякай працы пакуль няма.

– Я пазбавіўся месца ў інтэрнаце. Буду звяртацца ў суд. Незаконна выселілі інваліда трэцяй групы, – кажа мужчына, які ўсё яшчэ неяк спадзяецца на закон, суд і справядлівасць.

ІК, «Белсат»

Стужка навінаў