ДАІ абвінавачвае менскага траўматолага: сігналіў і стварыў аварыйную сітуацыю. Доктар: у той час я быў на працы


Дзмітрый Іваноў, траўматолаг-артапед. Менск, Беларусь. 1 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Дзмітрый Іваноў, траўматолаг з 6-га менскага шпіталю, атрымаў праз пошту пратакол за тое, што без уважнай прычыны падаваў гукавы сігнал і перашкаджаў руху іншых аўтамабіляў. Доктар сцвярджае, што ягоная машына не выязджала з тэрыторыі шпіталю.

Паводле пратаколу аб адміністратыўным правапарушэнні, Дзмітрый 11 жніўня з 12:00 да 13:00 на скрыжаванні вуліц Даўгабродскай і Уральскай ствараў перашкоды дарожнаму руху, сігналіў, праз што ўтварылася аварыйная сітуацыя. Такім чынам Дзмітрый нібыта парушыў ч. 2 п. 172 ПДР і прыцягваецца да адказнасці паводле ч. 10 арт. 18.14 КоАП Беларусі («Невыкананне Правілаў дарожнага руху»).

Дзмітрый Іваноў, траўматолаг-артапед. Менск, Беларусь. 1 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Дзмітрый кажа, што пратакол, які ён атрымаў праз пошту ў чацвер 27 жніўня, стаў для яго сюрпрызам, бо ДАІ яго не спыняла, пагатоў у пазначаны ў дакуменце час ён быў на працы.

«Скрыжаванне, на якім я нібыта парушыў ПДР, размяшчаецца недалёка ад месца маёй працы, але справа ў тым, што паміж 12-й і 13-й гадзінамі я быў у шпіталі, – аспавядае Дзмітрый. – Я падняў запісы камераў назірання, і я паўсюль там ёсць. Толькі на 19 хвілінаў на адным запісе з кабінета я выпадаю. Але я мог выйсці на перавязку. Таксама ёсць сведкі, мае калегі, што я быў на працы», – кажа лекар.

Дзмітрый прагледзеў запіс з камеры назірання на кантрольна-прапускным пункце і сцвярджае, што ягоная машына ўдзень праз КПП не праязджала.

Менск, Беларусь. 1 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

31 жніўня доктар пайшоў у ДАІ Фрунзенскага раёну, каб высветліць, што ж адбылося. Там ён даведаўся, што ягоная справа яшчэ нават не разглядалася, нягледзячы на ўжо складзены пратакол аб правапарушэнні. Дзмітрыя апыталі. Паводле маладога чалавека, лейтэнантка, якая яго апытвала, апавяла, што ўдзень 11 жніўня ягоная машына трапіла на камеры супрацоўнікаў ДАІ, якія праводзілі відэфіксацыю.

«Я папрасіў паказаць мне тое відэа, на якое трапіла мая машына, але мне сказалі, што ў іх яго няма, – распавядае Дзмітрый. – Таксама я ўказаў на памылку ў пратаколе, які мне даслалі – там у нумары машыны літары НІ, у той час як у мяне – НН. Тады дзяўчына ўзяла арыгінал пратаколу і сказала, што там як раз НН, а ў мяне проста дрэнна аддрукавалася. Я нічога не разумею – ёсць доказы, што я на сваёй машыне нікуды не выязджаў, а адначасова маецца рапарт і пратакол, што я недзе там сігналіў і перашкаджаў руху. Я не здзіўлюся, калі начальнік скажа, што мая машына стаяла за плотам, а я праз яго пераскочыў, каб да яе трапіць, і за тыя 19 хвілін, што мяне не было, паспеў недзе пасігналіць. Я расчараваны цалкам у нашай праваахоўнай сістэме, але застаецца надзея на здаровы сэнс», – кажа суразмоўца «Белсату».

Фота: Белсат

Дзмітрый не ведае, чаго далей чакаць, але яго папярэдзілі, што, імаверна, будзе суд. Тады лекару можа пагражаць штраф ад пяці да дваццаці базавых велічынь з пазбаўленнем пасведчання кіроўцы да двух гадоў ці без пазбаўлення.

  • 6-ы менскі шпіталь, у якім працуе Дзмітрый Іваноў, адным з першых быў цалкам, акрамя цэнтру трансфузіялогіі, перапрафіляваная пад працу з COVID-19. Дзмітрый таксама працаваў з пацыентамі з каронавірусам – траўматалагічны корпус «быў ковідным» з 18 сакавіка да 14 чэрвеня. Дагэтуль з COVID-19 працуе тэрапеўтычны корпус лякарні.
Інтэрв’ю
Былы намеснік начальніка віцебскага ІЧУ Сяргей Каўрыга: Служыць стала зусім невыносна
2020.09.01 09:12

НА belsat.eu

Стужка навінаў