Дачка Генрыха Гімлера працавала на выведку ФРГ


Дачка аднаго з кіраўнікоў Трэцяга рэйху, рэйхсфюрэра СС Генрыха Гімлера ў 1960-х гадах працавала ў Федэральнай разведвальнай службе Германіі (BND). Гэтую інфармацыю пацвердзілі выданню Bild у самой спецслужбе.

Апублікаваць гэтую інфармацыю стала магчыма паколькі Гудрун Бурвіц памерла сёлета ў траўні ў Мюнхене ва ўзросце 88 гадоў.

Яе бацька ўваходзіў у найбліжэйшае атачэнне Гітлера і лічыцца галоўным архітэктарам Галакосту. Гімлер здзейсніў самагубства ў 1945 годзе адразу пасля арышту.

Бурвіц была падлеткам, калі скончылася вайна. Яна ўсё жыццё не хавала сваіх нацысцкіх поглядаў і выступала ў абарону свайго бацькі.

Кіраўнік гістарычнага бюро BND Бода Хехельхамер паведаміў, што дачка Гімлера была супрацоўнікам разведслужбы на працягу некалькіх гадоў да 1963 года. Яна працавала пад псеўданімам і была звольнена, калі ўлады ФРГ змянілі стаўленне да супрацоўнікаў, якія раней так ці інакш былі звязаныя з нацыстамі.

Бурвіц працавала сакратаром у штаб-кватэры BND ў прыгарадзе Мюнхена з 1961-ы па 1963 год.

ІІ, belsat.eu, паводле BBC

Стужка навінаў