Чыноўніцы, якая на «Мерседэсе» наехала на аператара стала сорамна


Нелюбоў некаторых чыноўнікаў да незалежных журналістаў можа набываць нават фізічныя формы. Бюракраты Нараўлянскага раёну душаць працаўнікоў медыяў у літаральным сэнсе гэтага слова. Намесніца старшыні райвыканкаму на службовым «Мерседэсе» наехала на журналіста, які рабіў рэпартаж пра эканамічную сітуацыю ў раёне.

Журналістыка – часта рызыкоўная прафесія, але што беларускія журналісты рызыкуюць сярод белага дня і ў цэнтры гораду, цяжка сабе ўявіць.

«Практычна з самага пачатку нашага знаходжання ў Нароўлі мы пабачылі пераслед за намі. Гэта былі два аўты «Аўдзі» і Мерседэс». Куды б мы не паварочвалі яны заўсёды следавалі за намі», – узгадвае журналіст Кастусь Жукоўскі.

Журналісты паспрабавалі высветліць, хто за імі сочыць

«Аляксей пайшоў здымаць нумарны знак спераду. У гэты час жанчына завяла аўтамабіль і паехала на Аляксея. Яна выразна бачыла, што ён там знаходзіцца. А пасля гэта аказалася прадстаўніца ўлады мясцовай», – сведчыць Кастусь Жукоўскі.

А дакладней – намесніца старшыні Нараўлянскага райвыканкаму.



На сваёй пасадзе Наталля Коваль адказвае за ідэалагічную працу, ахову здароўя ды сродкі масавай інфармацыі. Прадстаўніка медыяў у свой працоўны час на службовым аўтамабілі яна паспрабавала збіць.

«Намесніца старшыні райвыканкаму наехала, збіла мяне, здзейсніла ДТЗ. Пра што мы адразу паведамілі ў ДАІ і міліцыю, пасля чаго яна паспрабавала скрыцца з месца здарэння», – дзеліцца журналіст Аляксей Атрошчанка.

Чыноўніца наезд на журналіста патлумачыла… выпадковасцю

Наталля Коваль: – Выпадкова.

«Белсат»: – Як выпадкова?

Наталля Коваль: – Ну так выпадкова

«Белсат»: – Вы зʼехалі з гэтага месца. Адчуваеце віну за гэта?

Наталля Коваль: – Ну да. Сорамна стала.

«Белсат»: – Як на працы вашае кіраўніцтва да гэтага паставілася? Вы адказваеце за ідэалогію і такі ўчынак.

Наталля Коваль: – Ну як паставілася – нармальна паставілася.

Гэтак жа «нармальна» паспрабавалі паставіцца да аўтанаезду на чалавека і мясцовыя праваахоўнікі, якія не адразу зрэагавалі на здарэнне.

«Мы яе пераследвалі, паведамляючы працаўнікам ДАІ яе месцазнаходжанне. У выніку працаўнікі ДАІ яе затрымалі. Была напісаная заява і складзены пратакол», – зазначае Аляксей Атрошчанка.

Што далей стала з гэтай справай, нам высветліць не ўдалося. Капітан Паўлючэнка, які прыняў заяву ад пацярпелага журналіста і склаў пратакол, да тэлефона падысці неаднойчы абяцаў, але цэлы дзень яму нешта замінала.



Але журналісты ні гэтай справы, ні пачатага рэпартажу пра жыццё Нараўлянаў не спусцяць на тармазах.



Вольга Старасціна, «Белсат»

Стужка навінаў