«Чыноўнікаў плодзім незлічоную колькасць». Лукашэнка абрынуўся з крытыкай на СНД


На пасяджэнні Рады кіраўнікоў дзяржаў СНД у Сочы Аляксандр Лукашэнка заявіў, што запатрабаванасць СНД трэба падмацаваць канкрэтнымі дзеяннямі. «Але мы па-ранейшаму топчамся на месцы», – адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка ў прыватнасці раскрытыкаваў дзейнасць Міжпарламенцкай асамблеі СНД. Паводле яго, дзейнасць гэтага органа не дае патрэбнай аддачы, хаця на яго ўтрыманне выдзяляюцца немалыя грошы. «Калі гэтая структура не працуе, можа быць, і адмовіцца ад яе?», – цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

«Атрымліваецца, што дэпутаты збіраюцца ў Піцеры, быццам бы нешта абмяркоўваюць, кажуць. Але нават мы пра гэта нічога не ведаем, таму што гэта не запатрабавана, – адзначыў ен. – Чыноўнікаў плодзім незлічоную колькасць, а толку мала».

Назарбаеў і Лукашэнка. Аляксандр Лукашэнка. Фота – president.gov.by

Лукашэнка падкрэсліў, што нават на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў разглядаюцца не самыя актуальныя і надзённыя праблемы:

«Шчыра кажучы, мы і самі тут на высокім узроўні прымаем рашэнні і не заўсёды рэалізоўваем іх. Ды і рашэнні, паглядзіце, не нашага ўзроўню: нейкія заявы ды іншае».

На ягоную думку, больш важная праблема гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння і бяспекі. «Пытанні бяспекі – яны ўжо не грукаюцца ў дзверы, яны ўжо ў наш дом уварваліся. Мы іх абыходзім сарамліва: не тое мы баімся паставіць гэтыя пытанні, не тое разумеем, што не можам іх вырашыць», – канстатаваў Лукашэнка.

«Робім выгляд, што ўсё ў нас добра, збіраемся, заявы робім, а па сутнасці эфектыўнасць вельмі нізкая. Можа, нам неяк вызначыць кола спецыялістаў, якія б аб’ектыўна нам прапанавалі сурʼёзную рэформу або структурызацыі ў нашай дзейнасці?» – спытаў ен.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў