Часова павераная ў справах ЗША Джэніфер Мур завяршыла працу ў Беларусі


Джэніфер Мур і Уладзімір Макей.
Фота: МЗС

Часова павераная ў справах ЗША Джэніфер Мур завяршае працу ў Беларусі. Яе пасаду да прыезду амбасадара ЗША ў Беларусь зойме Джэф Джук, распавяла Мур у сваім развітальным відэа.

17 ліпеня часова павераная ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфер Мур з нагоды завяршэння дыпламатычнай місіі ў нашай краіне сустрэлася з Мiнiстрам замежных справаў Уладзімірам Макеем.

Беларускі міністр падзякаваў Джэніфер Мур за яе ўнёсак у развіццё двухбаковай супрацы Беларусі і ЗША і ўручыў амерыканскаму дыпламату нагрудны знак дыпламатычнай службы Беларусі «Партнёрства», паведамляе прэсавая служба МЗС.

Джэніфер Мур таксама запісала развітальнае відэа, у якім распавяла, што намеснік кіраўніка місіі Джэф Джук стане часова павераным ЗША да прыезду амбасадара.

«Мне падабалася назіраць, як элегантныя буслы прыляталі вясной і ляцелі восенню, глядзець на падсвятленне Нацыянальнай бібліятэкі і вечную прыгажосць Каложскай царквы ў Горадні. Куды б я не ехала, я была кранутая вашай дабрынёй і гасціннасцю», – распавяла Джэніфер Мур у сваім відэа.

12 гадоў амерыканская дыпламатычная місія працуе ў скарочаным складзе. Амбасадара ЗША афіцыйныя ўлады Беларусі выслалі ў 2008 годзе, пасля таго як Вашынгтон наклаў на Менск санкцыі за парушэнні правоў чалавека, а беларускі бок абвінаваціў ЗША ва ўмяшанні ў выбары 2006 года.

Летась у верасні Беларусь і ЗША дамовіліся вярнуць амбасадараў. Раней Джэніфер Мур заявіла, што амбасадар ЗША можа прыехаць у Беларусь напрканцы лета бягучага году. У Менску прадстаўляць ЗША прыедзе Джулі Фішэр. Дыпламат стане першым амбасадарам ЗША ў Беларусі з 2008 года.

Hавiны
Амбасадар ЗША прыедзе ў Беларусь летам
2020.06.03 14:40

СК belsat.eu

Стужка навінаў