«ЧаркаШкварка» стала больш даступная за апошнія месяцы


Беларусы цягам апошняга часу багацеюць. Такую выснову зрабілі эксперты даследчага цэнтру BIPART і праекту «Кошт урада», якія прадставілі чарговае даследаванне індэксу «ЧаркаШкварка».

Па выніках трэцяга кварталу бягучага году чарка і скварка працягваюць паступова даражэць, паведамляе TUT.BY. Гэтак 100 грам гарэлкі і столькі ж сала ў цэлым па краіне каштавалі 2,56 рубля.

«Гэта чарговы гістарычны рэкорд, а ўзровень інфляцыі чаркі-шкваркі ў гадавым вымярэнні склаў 8,9 % – прыкладна ў два разы болей, чым у сярэднім па краіне. У трэцім квартале мінулага года сярэдні кошт ЧШ складала 2,35 рубля. Дарэчы, рост кошту ЧШ адбыўся ў асноўным за кошт падаражэння свініны. Гарэлка, была на той час сацыяльна значным таварам, даражэе ледзь не ў пяць разоў павольней», – адзначаюць аўтары даследавання.

Пакупніцкая здольнасць заробкаў беларусаў, выяўленая ў чаркі і скваркі, за апошні год павялічылася на 7 %, дадаюць аўтары даследавання.

«Калі ў трэцім квартале 2017 года сярэднестатыстычны беларус зарабляў 355 ЧШ, то ў трэцім квартале 2018 года разбагацеў да 380 ЧШ. Дарэчы, гэта таксама гістарычны рэкорд – яшчэ ніколі беларусы не мелі магчымасці купляць гарэлку і свініну ў такіх колькасцях», гаворыцца ў даследаванні.

Па-ранейшаму захоўваецца прыкметная розніца паміж рэгіёнамі. Ёсць відавочны лідар – Менск, дзе сярэднестатыстычны работнік можа дазволіць сабе 544 чаркі і шкваркі ў месяц. Аўтсайдэр – Магілёўская вобласць, дзе людзі ў месяц зарабляюць усяго толькі 294 ЧШ.

«У астатніх пяці абласцях сярэдні месячны заробак складае ад 338 да 354 ЧШ. Годам раней «дыяпазон ваганняў» быў куды шырэй. Выбудоўванне абласцей «па адной лініі» можа сведчыць аб тым, што заробкі ў рэгіёнах даводзяцца да планавых паказнікаў адміністрацыйнымі метадамі. Зрэшты, яшчэ лепш пра гэта сведчыць статыстыка: прадукцыйнасць працы ў гэтым годзе дэманструе рост на 4-5 %, у той час як рэальныя заробкі – на 12-13 %», – адзначаюць аўтары даследавання.

У параўнанні з мінулым годам пакупніцкая здольнасць заробкаў у ЧШ вырасла ва ўсіх рэгіёнах, акрамя Менскай вобласці.

«Аднак гэты казус тлумачыцца тым, што там мясцовыя ўлады пачалі ўлічваць пры вызначэнні цэн на гарэлку імпартную прадукцыю, што тут жа прывяло да фармальнага падаражэння ЧШ. Астатнія рэгіёны дэманструюць рост. Лідfрам з’яўляецца Віцебская вобласць, дзе пакупніцкая здольнасць заробкаў вырасла на 14 %, або на 42 ЧШ, а відавочным аўтсайдарам – Магілёўская вобласць, дзе рост склаў усяго 5 % ці 15 ЧШ», – адзначаюць аўтары даследавання.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў