Чаму дзедаўшчына невынішчальная. Ліст у рэдакцыю


Наш глядач распавядае, як яго ў савецкія часы «саслалі» на мяжу з Манголіяй, бо ён заступіўся за салдата.

«Паверце, гэтая з’ява ў цяперашняй дзяржаве невынішчальная. Проста на гэта няма волі. На дзедаўшчыне трымаецца «парадак» у войску (як і ў дзяржаве з назваю Беларусь) – зверху да нізу, не выключаючы аніводнае звяно. Да таго ж гэта вельмі прыбыткова для «камандзіраў». – піша наш глядач.

Праблему дзедаўшчыны Беларусь атрымала ў спадчыну ад савецкага войска. І дагэтуль выкараніць «не ўстаўныя дачыненні» не атрымалася. Розгалас атрымала справа Коржыча – жаўнера знайшлі павешаным у вайсковай частцы, следчыя мяркуюць, што яго давялі да самазабойства. Маці лічыць, што прычына смерці – забойства.

«Я служыў, калі дзедаўшчына нараджалася – у сярэдзіне 60-х. Маё меркаванне абапіраецца на ўласныя назіранні. За тое, што я на зарадцы заступіўся за салдата, якога збіваў сяржант, пры першай жа магчымасці мяне (сярод іншых сяржантаў Беларускай ваеннай акругі) саслалі ў таварным эшалоне ў забайкальскую стэп, на мяжу з Манголіяй, дзе мы ў голадзе, брудзе, спякоце і холадзе правялі год у армейскіх намётах. На развітанне мне камандзір сказаў: «Добры ты хлопец, але мне патрэбны не ты, а ён» (то-бок упыр, што распускае рукі). Вярхоўны аддае перавагу такім жа. Шкада Радзіму, яе народ, што добраахвотна паклаў галаву на плаху (і не ўсведамляе гэтага і цяпер)».

Пішыце нам лісты і паведамленні, дасылайце свае фота і відэа, якія, на вашую думку, вартыя публікацыі! Гэта магчыма зрабіць з дапамогаю праграмы для мабільных тэлефонаў. Аплікацыя «Белсату» вы знойдзеце ў «Google Play» ды «App Store».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў