Чаго ад Лукашэнкі хочуць Расея ды ЗША?


Аляксандр Лукашэнка працягвае гібрыдную ўнутраную палітыку: з аднаго боку, выпускае з-за кратаў сябраў Каардынацыйнай рады, з другога – узмацняе рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці. І адбываецца ўсё гэта, відавочна, не без вонкавага ціску. Чаго хочуць ад Лукашэнкі Расея ды ЗША і як ён будзе спрабаваць выйсці з цяперашняй сітуацыі?

Лукашэнка зноў за старое: даўно адпрацаваная тактыка гандлю палітычнымі вязнямі зноў у справе. Гэтак выглядае тэлефонная размова дзяржаўнага сакратара ЗША Майка Пампэа з кіраўніком Беларусі, вынікам якой сталася вызваленне Віталя Шклярава – беларуса і грамадзяніна ЗША, вядомага паліттэхнолага, арыштаванага тры месяцы таму.

Каментуе палітолаг Валер Кавалеўскі:

«Я не думаю, што падчас гэтай гутаркі была дасягнутая нейкая здзелка датычна дачыненняў Беларусі і ЗША, але кожны з бакоў дасягнуў сваёй мэты. ЗША дамагліся вызвалення Віталя Шклярава, а беларускі бок атрымаў увагу адной з найбольш высокапастаўленых асобаў у адміністрацыі Трампа».

Асабліва важнаю такая размова выглядае ў святле расейскага ціску на Лукашэнку. Расея вядзе агрэсіўную рыторыку пра Захад, які спансаруе пратэсты ў Беларусі і ўсялякім іншым чынам імкнецца зрынуць рэжым Лукашэнкі. А беларуская дзяржаўная прапаганда гэта радасна паўтарае. Гэтак Крэмль фактычна гуляе на ізаляцыю Лукашэнкі ад Еўропы ды ЗША з мэтаю самому вызначаць далейшы кірунак развіцця падзеяў у Беларусі і весці пра гэта перамовы з Захадам.

Hавiны
Ці Лукашэнка пачаў гандаль палітвязнямі?
2020.10.24 09:35

Гаворыць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:

«Расея мае асабліва моцны ўплыў на беларускі крызіс. І Захад гэта прызнае: і Мэркель, і Макрон, і іншыя тэлефануюць менавіта Пуціну. А Пуцін, я думаю, набівае сабе цану. Публічна заяўляецца, што вы, маўляў, не лезьце ў беларускія справы. Але насамрэч, я думаю, там можа прысутнічаць нейкі момант палітычнага торгу».

І Расея працягвае метадычна выконваць свой план адносна Беларусі. Візіт кіраўніка Службы вонкавай выведкі Расеі Сяргея Нарышкіна. Гэты чалавек – адзіны, хто ў Крамлі пазітыўна ставіцца да Лукашэнкі і мае з ім добрыя асабістыя стасункі. Таму менавіта яму было даручана данесці да Лукашэнкі пазіцыю расейскага кіраўніцтва і высветліць, як цяпер выглядае сітуацыя з транзітам улады ў Менску.

Сяргей Нарышкін, кіраўнік Службы вонкавай выведкі Расеі:

«Дзякую за магчымасць сустрэцца і абмеркаваць з вамі шырокае кола пытанняў, якія датычаць саюзніцкіх дачыненняў паміж нашымі краінамі. У першую чаргу хацеў бы перадаць прывітанне ад Уладзіміра Уладзіміравіча. Я размаўляў з ім перад нашаю з вамі сустрэчаю».

Працягвае Аляксандр Класкоўскі:

«Я думаю, што гэта чэкісцкае прывітанне з падвойным дном. І сэнс у тым, што Масква нагадвае Лукашэнку: трэба выконваць абяцанае. А паабяцаў ён, мусіць, дзейнічаць згодна з планам Крамля што да ўрэгулявання беларускага крызісу. Хоць гэты план для Лукашэнкі дыскамфортны, бо ён прадугледжвае транзіт улады».

З аднаго боку, Пуцін праяўляе своеасаблівую дыктатарскую салідарнасць, не жадаючы перамогі рэвалюцыі ў суседняй краіне. З другога – пераследуе свае абсалютна канкрэтныя інтарэсы, якія зусім не супадаюць з інтарэсамі Лукашэнкі. Кіраўнік Беларусі і надалей жадаў бы заставацца ва ўладзе, атрымліваючы ад Расеі матэрыяльную падтрымку ў абмен на аповеды пра адданасць ідэям гэтак званай саюзнай дзяржавы ды абарону заходняй мяжы ад уяўнай пагрозы.

ВІДЭА
Крэмль у тупіку. Каму Пуцін прадае Лукашэнку?
2020.10.16 13:16

Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас спаткання з Нарышкіным:

«Не сакрэт, што нашая сустрэча выкліча нейкі выбух у СМІ, асабліва ў інтэрнэце. Ды мы і не хаваем: абстаноўка вакол нас няпростая – я маю на ўвазе саюзную дзяржаву Расеі і Беларусі. Дзякую вам за тую інфармацыю, якую вы рэгулярна даводзіце да нашых спецслужбаў і да мяне ў тым ліку. Я вельмі ўдзячны, вельмі сур’ёзна ставімся».

Канечне, для Лукашэнкі цяпер надзвычай важна дэманстраваць ілюзію добрых стасункаў з Расеяй ды падтрымкі з яе боку, тым самым падвышаючы і асабісты імідж. Аднак такая паказная лаяльнасць і пастаянныя мантры пра гэтак званую саюзную дзяржаву выглядаюць вельмі недарэчна ў цяперашняй сітуацыі, калі Лукашэнка сваймі рукамі ўчыніў фактычна дыпламатычную ізаляцыю Беларусі, справакаваўшы ад’езд большасці еўрапейскіх амбасадараў.

Аляксандр Класкоўскі:

«Узровень недаверу паміж Масквой і Захадам вельмі вялікі. Я думаю, што дэ-факта Масква ўсё адно пастараецца сама, не надта зважаючы на Захад, вырашаць і прасоўваць свае інтарэсы ў Беларусі, карыстаючыся вось гэтым глыбокім, вострым унутрыпалітычным крызісам».

Аднак Расея не надта імкнецца абвастраць стасункі на міжнароднай арэне на фоне ўнутранай нестабільнасці і не вельмі вясёлкавых эканамічных перспектываў. А для Захаду Беларусь цяпер мае шмат у чым стратэгічнае значэнне.

Былы беларускі дыпламат Валер Кавалеўскі:

«І Злучаныя Штаты, і Еўрапейскі Звяз зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь заставалася незалежнаю краінай. Я не думаю, што камусьці хацелася б, каб Расея прасунулася наперад і зрабіла з Беларусі вайскова-палітычны плацдарм, з якога магла б пагражаць і Украіне, і краінам Балтыі, і NATO. Разам з тым вядзецца пэўная праца, каб не дапусціць пэўнага ўзмацнення кантролю з боку Расеі над Беларуссю – над беларускай унутранай, абароннай, вонкавай палітыкай».

Такім чынам, Беларусь фактычна зрабілася закладнікам імкнення аднаго чалавека захаваць уладу што б там ні было. А на гэтым фоне ўсё большую ролю пачынаюць адыгрываць інтарэсы моцных рэгіянальных цэнтраў у нашай краіне. І пакуль выглядае на тое, што меркаванне Лукашэнкі цікавіць іх у апошнюю чаргу.

Зміцер Міцкевіч для праграмы «ПраСвет»

Калаж з фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum; Nikolai Petrov / TASS / Forum; POOL / Reuters / Forum

Стужка навінаў