Быў страчаны час. У Магілёве памерла казуля, якую сабакі загналі на плот


Параненую жывёліну сабакі загналі на тэрыторыю каля псіхіятрычнага шпіталю ўдзень 5 лістапада, да вечара казулін лёс вырашалі ды прывезлі яе ў лякарню толькі а 21:00. Не паспелі.

У Магілёве на казулю напалі сабакі, ейны лёс вырашаў намеснік старшыні гарвыканкаму

5 лістапада, каля 13-14 гадзінаў, ахоўнік Любажскай псіхіятрычнай больніцы ў Магілёве заўважыў трох сабак, якія напалі на казулю, загнаўшы тую на плот. У выніку жывёліна параніла бруха, не магла падняцца. Мужчына адагнаў сабак і пачаў тэлефанаваць у дзяржаўныя службы. Але па тэлефоне ніхто дакладна не мог патлумачыць, што рабіць. Вакол перапужанай казулі, якая ляжала на зямлі, сабраліся неабыякавыя людзі, думалі нават самім везці параненую жывёліну ў лякарню. Але з ветстанцыі ператэлефанавалі: ні ў якім разе не вязіце, дачакайцеся спецыялістаў, будзе камісія.

Фота: Belsat.eu

А 20:00 прыехаў ветэрынарны лекар Магілёўскай абласной ветэрынарнай клінікі і выказаў здагадку, што ў казулі пералом шыйнага пазванка, падкалоў антыбіётык. Прыкладна а 21:00 на месца прыехаў намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Андрэй Маскалёў. У гэты час на месцы ўжо працавала камісія. Па словах абаронцы жывёлаў Вольгі Міладоўскай, менавіта чыноўнік паўплываў на рашэнне павезці жывёлу на даследаванне.

Фота: Belsat.eu

Да гадзіны ночы спецыялісты ветэрынарнага цэнтру доктара Базылеўскага змагаліся за жыццё параненай казулі, але ўратаваць яе не змаглі. Па словах спецыялістаў ветклінікі, шанец выратаваць жывёліну быў, калі б яе прывезлі раней. Спрабуючы збегчы ад сабак, казуля засела ў плоце. Калі такое адбываецца, дзікая жывёліна адчувае моцны стрэс, ад чаго страўнік напаўняецца паветрам і пачынае ціснуць на ўсе органы, пагаршаючы кровазварот. Пакуль дзяржаўныя органы вырашалі, хто будзе адказваць за казулю, час быў упушчаны.

Дар’я Чульцова Belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары