Былы інспектар ДАІ прайграў суд супраць ДАІ


Колішні міліцыянт хацеў спагнаць грошы з інспекцыі за тое, што яны нібыта прымушалі яго выконваць паказнікі адлову аўтапарушальнікаў.

Сёння, 27 жніўня, у судзе Маскоўскага раёну Менска адбылося паседжанне наконт пазову былога супрацоўніка ДАІ Міхаіла Хацкевіча да свайго былога працадаўцы – дзяржаўтаінспекцыі. Былы міліцыянт падаў іскавую заяву на ДАІ, дзе паскардзіўся на перапрацоўку і загады выконваць паказнікі па адлове аўтапарушальнікаў.

«У сваім рашэнні суд спаслаўся не на законы працоўнага права, а на распараджэнне №3 Міністэрства ўнутраных справаў ад 2016 года, – кажа Міхаіл. – Згодна яму аплата за звышурочныя супрацоўнікам УУС часова прыпыненыя на нявызначаны тэрмін. Фактычна, такая норма ставіць супрацоўніка ў бяспраўнае становішча. То бок, працуй, перапрацоўвай, але за гэта ты не маеш права ні на што прэтэндаваць».

Аб’ектыў
Інспектар ДАІ звольніўся і распавёў, да чаго аўтаінспектараў прымушаюць на службе
2019.08.20 21:05

У ДАІ Міхаіл Хацкевіч вымушаны быў працаваць у выходныя, каб выконваць неабходныя для кіраўніцтва паказнікі па колькасці штрафаў.

Судовая справа цягнецца з 2017 года. За гэты час былы міліцыянт, які быў звольнены, паспеў атрымаць іншую кваліфікацыю, знайсці працу, але працягвае адстойваць свае правы. Ён вырашыў надалей абскарджваць рашэнне суда.

Былы супрацоўнік ДАІ Міхаіл Хацкевіч.
Фота: Belsat.eu

«Ні грашовыя страты, ні патрачаны час мяне не спыняюць. Я лічу сваёй галоўнай мэтай – прадставіць доказы таго, што і працоўнае, і прафесійнае права супрацоўнікаў МУС, вайсковых служачых сістэматычна і цынічна парушаецца праз лакальны нарматыўна-прававы акт. Такія дакументы не могуць быць законнымі і мусяць быць адмененыя», – кажа Міхаіл Хацкевіч.

Былы міліцыянт кажа, што ад самага пачатку сябры і калегі скептычна ставіліся да ягонага рашэння судзіцца з працадаўцам, бо самыя неаднаразова сутыкаліся з падобным беззаконнем, і для іх гэта стала нормай. Справядлівасці ніхто не чакае.

Таццяна Уласенка Belsat.eu

Стужка навінаў