«Было бачна, што феерверкі выкарыстоўваліся». Пачалі разгляд справы аб выбуху салюту на 3 ліпеня

У сталічным Доме правасуддзя 2 красавіка пачалі разглядаць справу аб выбуху салюту на 3 ліпеня 2019 года, падчас якога загінула жанчына, дзясятак людзей атрымалі траўмы, таксама былі пашкоджаныя жылыя дамы і аўтамабілі. Сярод абвінавачаных – тры чалавекі. Гэта працаўнікі кампаніі, што вырабляла феерверкі, і камандзір роты, якая кіравала салютам.

Хто знаходзіцца на лаве падсудных

На ўваходзе ў суд мераюць тэмпературу, просяць апрацаваць рукі антысептыкам. У зале – каля 40 чалавек, большасць з іх – журналісты. Судзіць паседжанне суддзя Святлана Бандарэнка. На лаве падсудных – тры чалавекі.

Фота: Belsat.eu

Двое з іх – грамадзяне Расеі: Канстанцін Дзянісаў і Максімілян Сапронаў. Яны працуюць інжынерам-праграмістам і інжынерам канструктарскага бюро кампаніі «Піра-Рос», якая займаецца вырабам феерверкаў і доўгі час супрацоўнічае з Мінабароны Беларусі. Мужчыны знаходзяцца пад вартай ад 4 ліпеня мінулага году, адразу пасля трагічнага здарэння. Іх абвінавачваюць па ч.2 арт. 299 Крымінальнага кодэксу РБ (парушэнне правілаў абыходжання з піратэхнічнымі вырабамі, якія прывялі да смерці па неасцярожнасці і прычынілі шкоду ў вялікім памеры). Сваю вінаватасць яны не прызнаюць.

https://belsat.eu/news/shosty-dzen-paslya-vybuhu-na-salyutse-krou-dagetul-na-asfaltse/

Беларус Аляксей Круглік, які з 2018 года быў прызначаны на пасаду камандзіра патрульнай роты каменданцкага батальёну ваеннай камендатуры, абвінавачваецца па ч.2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу РБ (парушэнне правілаў абыходжання з прадметамі, якое прывяло да смерці чалавека па неасцярожнасці). Ён не знаходзіцца пад вартай, вінаватасць прызнаў часткова.

Следства па справе няўдалага выбуху салютаў падчас святкавання леташняга Дня незалежнасці ў Менску 3 ліпеня 2019 года скончылася прыкладна месяц таму. Падчас яго высветлілася, што галоўная прычына трагедыі – брак піратэхнікі. Дыяметр закупленых вырабаў быў большы за дыяметр пускавых ствалоў, і яны не мусілі выкарыстоўвацца. Але супрацоўнікі нібыта штучна падганялі іх да патрэбнага памеру.

Фота: Belsat.eu

Праблемы былі яшчэ на 9 траўня

Абвінавачваны Аляксей Круглік, які кіраваў запускам салютаў 3 ліпеня 2020 года, распавёў у судзе, што з 2015 году ён браў удзел ва ўсіх запусках салютаў у Менску. Ён праходзіў некалькі навучанняў па кіраванню салютамі ў Беларусі: у 2016, і 2017 годзе. Тады ж атрымаў пасведчанне кіраўніка салютамі. Пазалетась ён ездзіў на навучанне ў «Піра-Рос», але зазначае, што вучоба была досыць павярхоўнай.

– Мы прабылі там, у Сергіевым Пасадзе, [горад у Маскоўскай вобласці, дзе знаходзіцца завод «Піра-Рос». – Belsat.eu] каля 5 дзён. Бачылі відэа, як вырабляюцца салюты, былі на экскурсіі на прадпрыемстве, глядзелі на іхныя салютныя ўстаноўкі, працавалі з праграмамі, якія паказвалі, як ствараюцца схемы салютаў. Вось і ўсе заняткі, праз якія я атрымаў пасведчанне піратэхніка, – кажа ён.

Канстанцін Дзянісаў і Максімілян Сапронаў. Фота: Belsat.eu

Паводле Кругліка, ужо пасля папярэдняга салюту, якім ён кіраваў 9 траўня 2019 году, было вядома, што ёсць некаторыя феерверкі, якія не падыходзілі пад ствалы. Інжынер «Піра-Рос» Андрэй Інкін параіў іх абрэзаць, нягледзячы на тое, што гэта не прадугледжана тэхнічнай дакументацыяй.

– Я паверыў яму, бо ён там даўно працуе, распрацоўвае гэтыя салютныя ўстаноўкі, – кажа Круглік.

Тады на 9 траўня большасць салютаў нармальна спрацавалі. Але ж было некалькі «нясходаў» – тых, якія не выйшлі са ствала. Паводле правілаў, усе «нясходы» мусяць быць знішчаныя. Але на практыцы часта здаюцца на склад.

– Феерверкі каштуюць дорага, і нам казалі, што без прычыны іх не трэба знішчаць, – тлумачыў у судзе Круглік.

https://belsat.eu/news/kashtounasts-adnago-zhytstsya/

«Некаторыя феерверкі былі з абарванымі этыкеткамі ды абрэзанымі правадамі»

Круглік сцвярджае, што на 3 ліпеня выкарыстоўвалася 480 штук феерверкаў тых жа мадэляў, што і раней. Пасля папярэдняга салюту, ад 9 траўня, прыкладна 11 штук выкарыстаных феерверкаў здалі на склад.

30 чэрвеня 2019 года Сапронаў і Дзянісаў прыехалі ў Менск, каб праверыць стан феерверкаў. Замест іх мусіў прыехаць Андрэй Інкін, але ён захварэў. Яны ж і прывезлі з сабой 135 штук, каб замяніць «нясходы», але гэтай колькасці не хапіла.

Аляксей Круглік. Фота: Belsat.eu

– Тыя феерверкі, што яны прывезлі з сабой, самі нагадвалі «нясходы». На некаторых былі абарваныя этыкеткі, яны былі ў аліве, з абрэзанымі правадамі. Адзін нават быў апалены, – прыгадвае Круглік. – Пра гэта я казаў свайму кіраўніцтву – што яны не новыя. Але яны аніяк не адрэагавалі.

Дзянісаў і Сапронаў правяралі феерверкі і яму нічога не сказалі пра магчымыя пашкоджанні. Але Круглік бачыў, як яны рабілі нейкія маніпуляцыі з імі ўжо 3 ліпеня падчас салюту. Пытанняў у яго не ўзнікла, бо «яны спецыялісты і ведаюць, што мусяць рабіць».

Лукашэнка не выказаў спачуванні сям’і жанчыны, якая загінула ад выбуху 3 ліпеня

***

Летась падчас святкавання Дня незалежнасці ў Менску тры салюты з шасці запушчаных няправільна выбухнулі. У выніку 11 чалавек атрымалі пашкоджанні рознай ступені цяжкасці. Адзін з ашчэпкаў трапіў у шыю жанчыны, якая потым загінула.

У дамах па вуліцах Даўмана і Чарвякова былі выбітыя вокны. Таксама былі пашкоджаныя аўтамабілі, якія знаходзіліся на праспекце Пераможцаў і гандлёвыя шапікі ў Парку Перамогі. Агульная шкода юрыдычным і фізічным асобам складае каля Br 740 тысячаў.

На наступны дзень былі затрыманыя двое супрацоўнікаў кампаніі «Піра-Рос», якая займалася вырабам і пастаўкамі феерверкаў для беларускай Мінабароны на працягу некалькіх гадоў.

Калі адбудзецца наступнае паседжанне, пакуль невядома.

Усё па тэме выбуху салюта можна прачытаць тут.

Ксенія Тарасевіч Belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны