Лукашэнка не выказаў спачуванні сям'і жанчыны, якая загінула ад выбуху 3 ліпеня


У ваенным шпіталі застаюцца двое пацярпелых ад выбуху падчас салюту незалежнасці, а сям’я загінулай на беразе Свіслачы – рыхтуецца да пахавання. Ад гаспадара імпрэзы, якая прывяла да трагедыі, пакуль ані слова. Чарговы салют рыхтуюць на Купалле, дакладна не разабраўшыся з памылкамі папярэдняга. Ці гатовыя беларусы да наступнага шоу?

Салют – гэта відовішча, але па сутнасці – зброя, паказала трагедыя ў Дзень Незалежнасці. Заўтра ў сталіцы пахаваюць загінулую ў выніку выбуху феерверкаў жанчыну Наталлю Мікалаеўну. Ейны муж Юрый Іванавіч казаў выданню «Камсамольская праўда»:

«У мяне было нейкае дрэннае прадчуванне, але я тады не звязаў яго з жонкаю. Пра тое, што адбылося, мне паведамілі толькі на наступны дзень».

Паведамілі гэта адпаведныя службы. Але ад кіраўніка дзяржавы – ніякіх афіцыйных выступленняў. Спачуваў ён сёння адно семʼям загінулых у паводцы ў Расеі.

Палітолаг Павел Усаў:

«У дэмакратычнай краіне гэта быў бы скандал і гэта б магло прывесці да таго, што такая асоба б ніколі ў будучыні не была абраная прэзідэнтам».

Здымкі выбухаў феерверкаў разляцеліся па сацыяльных сетках. Меркаванні застаюцца ў каментарах і на вуснах менчукоў:

«Трэба было адразу ж праз тэлебачанне, праз усе дзярж-ТБ прынесці спачуванні ўсім родным пацярпелых і ўсім грамадзянам».

«Прыйшлі людзі святкаваць, а скончылася такой трагедыяй. Гэта дакладна не можа замоўчвацца».

«Гэта другі дзень незалежнасці з надзвычайным выпадкам. Гэта папросту нейкая безадказнасць. Праверкі праверкамі… А тое, што прэзідэнт не выступіў – папросту здзіўляе».

Пасля выбуху на Дзень Незалежнасці ў 2008 годзе ці трагедыі ў Менскім метро трыма гадамі пазней кіраўнік Беларусі маланкава прыходзіў на месцы здарэння. У апошні ж час тактыку змяніў, звяртае ўвагу палітолаг Валер Карбалевіч:

«Ён цягне час, глядзіць на рэакцыю і толькі потым каментуе. Так было і пасля сумнавядомага крыжалому ў Курапатах, калі ён вельмі доўга маўчаў і толькі потым неяк выказаўся. Гэтак было і пасля цыганскага пагрому ў Магілёве».

Пакуль трывае гэтая паўза, кіпіць арганізацыя чарговых шоу, фінальнаю часткаю якіх мае быць салют. Найбліжэйшы – на Купалле ў роднай Лукашэнку Александрыі.

«Паводле нармальнай логікі, варта б было прынамсі на пэўны час спыніць усе салюты, пакуль не павядзецца следства і не ўдасца да канца зразумець, у чым прычына», – кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

Беларусы просяць дзяржаву прыпыніцца і змяніць стаўленне да падрыхтоўкі і правядзення парадаў ды рэспубліканскіх святаў. У сеціве падпісваюць петыцыю аб абароне парадаў цяжкой ваеннай тэхнікі ў гарадах. Замест ваенных, для працы з піратэхнікаю раяць запрашаць адмыслоўцаў.

У гэтым выпадку пытанне – ці адмыслоўцаў, але затрымалі двое маладых мужчын, прадстаўнікоў расейскай фірмы-пастаўляльніцы піратэхнікі. Беларускія чыноўнікі, міністэрства абароны і службы бяспекі на сябе адказнасці не ўзялі.

«Чыноўнікі – гэта фактычныя жыхары неба. Яны ні за што не адказныя, недатыкальныя і не нясуць непасрэднай віны за тое што адбываецца за межамі іхнага каралеўства», – абураецца палітолаг Павел Усаў.

У выбуху на зямлі трох установак з феерверкамі былі таксама параненыя. Двое з дзевяці застаюцца за брамаю галоўнага ваеннага шпіталя краіны. Пакуль не ведаем, ці атрымаюць усе пакрыўджаныя дзяржаўную кампенсацыю.

Юлія Цяльпук, belsat.eu