«Была ўся сіняя». Гарадзенку збілі дзве амапаўкі, адну з іх жанчына ўкусіла. Цяпер ёй пагражае 5 гадоў


7 снежня ў судзе Ленінскага раёну Горадні пачаўся суд над Марынай Палікарпавай. 55-гадовую гарадзенку затрымалі 9 жніўня і збілі дзве супрацоўніцы АМАПу, адну з іх падчас збіцця гарадзенка ўкусіла. За гэта цяпер ёй пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Марына Палікарпава ў судзе 7 снежня.
Фота: belsat.eu

Пацярпелымі па справе праходзяць дзве супрацоўніцы міліцыі: прапаршчыцы Дар’я Бандарчук і Марыя Мазуркевіч. Вядзе справу суддзя Руслан Гурын, які вядомы тым, што па палітычных справах не вынес ні аднаго апраўдальнага прысуду.

Што здарылася

Вечарам 9 жніўня Марына Палікарпава гуляла ў цэнтры Горадні. Калі пачалася зачыстка Савецкай плошчы АМАПам, яна знаходзіліся побач, у скверы. Хацела выйсці да тралейбуснага прыпынку, але там яе прыпыніў супрацоўнік без формы і забраў у бус. Гарадзенку адвезлі да помніка Сакалоўскаму, дзе перасадзілі ў іншы бус. Тут яна і сустрэлася з двума дзеўчынамі з гарадзенскага АМАПу. Яны былі ў цывільным адзенні і медыцынскіх масках. Пасля слоўнай перапалкі яны пачалі яе біць. Абараняючыся ад прыёму здушэння, жанчына ўкусіла адну з супрацоўніц міліцыі.

Марына Палікарпава адседзела трое сутак у адзіночнай камеры нібыта за ўдзел у мітынгу. Пакармілі яе толькі на трэці дзень. У жанчыны пасля збіцця кружылася галава, апухла шыя, падскочыў ціск. У РАУСе ёй стала кепска, вызвалі хуткую для абследавання.

Зараз супраць Марыны Палікарпавай узбуджана крымінальная справа па артыкуле 364 КК (Гвалт або пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі). Пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае пазбаўленне волі тэрмінам да 5 гадоў.

Марыя Мазуркевіч. Скрын з відэарэпартажа «Моцная прыгажосць»

Версія абвінавачвання

Згодна з абвінавачваннем, Марына Палікарпава вечарам 9 жніўня актыўна ўдзельнічала ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту.

Пасля затрымання з мэтай збегчы з буса і перашкодзіць законнай дзейнасці супрацоўніц УУС яна наўмысна ўчыніла гвал да іх, укусіла Дарʼю Бандарчук за левую далонь, ударыла па твару Марыю Мазуркевіч.

Палікарпава віны не прызнала.

«Заткні еб***, с***!»

Па словах Марыны Палікарпавай, на плошчы вечарам 9 жніўня яна аказалася выпадкова. Пасля працы ў аптэцы яна пайшла на выбарчы ўчастак прагаласаваць, сустрэла там сяброўку і вырашыла разам з ёй прагуляцца ў цэнтр Горадні. Ад парку Жылібера яны ішлі па вуліцы Савецкай у бок прыпынку грамадскага транспарту. Каля Моладзевага цэнтру жанчыны развіталіся. Тут Марына Палікарпава сустрэла свайго брата, дамовіліся сустрэцца на прыпынку і паехаць дадому разам.

Жанчына пайшла наперад, падышла да плошчы і ўбачыла шмат людзей у чорнай вопратцы. Зразумела, што транспарт перакрыты і адʼехаць не атрымаецца. Адышла ў сквер каля плошчы, каб пачакаць брата і разам вырашыць, што рабіць далей. У гэты час пачалася зачыстка плошчы. Гарадзенка разгубілася, бо апынулася ў такой сітуацыі ўпершыню.

Hавiны
«Я магла там лёгка памерці». Затрыманая доктарка – пра катаванні сілавікоў, якія ведаюць, «што ім нічога не будзе»
2020.11.10 17:10

Побач стаяў міліцыянт. Яна запытала яго, як можна выйсці адсюль. Ён накіраваў яе на прыпынак. Там яе затрымаў чалавек у цывільным. Падчас затрымання ён сказаў падрыхтаваць пашпарт для складання пратаколу. Жанчына так спужалася, што без усякага супраціву села ў бус, думаючы, што яе павязуць у пастарунак для праверкі дакументаў. Калі яе перасадзілі ў бус з амапаўкамі, размова зноў зайшла пра пашпарт, і Палікарпава запытала, ці трэба ёй даваць свой дакумент. На што супрацоўніцы міліцыі адказалі «Заткні еб***, с***».

«Гэта сітуацыя мяне шакавала. Мяне абразілі. Я запытала, як гэта разумець? Якое яны маюць права казаць так? Я – сталая жанчына, гаджуся ім у маці».

Супрацоўніцам гэта не спадабалася і яны пачалі мяне біць, рукамі і нагамі. Спачатку Бандарчук ударыла кулаком у плячо і ў сцягно, каб я ўпала з крэсла. Пасля адзін удар прыйшоўся ў твар, разбілі мне акуляры. У мяне кепскі зрок, я цалкам згубіла арыентацыю ў прасторы«, – узгадвае Марына Палікарпава.

Па яе словах, на просьбу прадставіцца дзяўчыны адказалі: «Я – Маша Лукашэнка, а я – Наста Лукашэнка. Не заткнешся, мы на цябе кайданкі надзенем».

Hавiны
«Я бачыла вочы людзей у балаклавах, яны пустыя»: у Горадні падчас акцыі памяці Бандарэнкі затрымалі лекараў, журналістаў, бізнесоўцаў
2020.11.16 16:30

Жанчына з выклікам працягнула наперад рукі, маўляў, калі яны маюць на гэта права і яна такая небяспечная, то давайце. Кайданкі надзелі, але яны расшпіліліся на левай руцэ.

Марына Палікарпава вазьмі і скажы: «Не можаце нават кайданкі нармальна надзець». Гэта іх раззлавала.

«Яны пачалі ўдваіх мяне біць, куды траплялі, сказалі, што зараз апрануць кайданкі так, як мне спадабаецца. Я старалася левай рукой прыкрыць твар ад удараў, бо я працую ў аптэцы правізарам. Яшчэ думала, як жа я пайду на працу з разбітым тварам? Баялася, што зламаюць мне нос. Правай рукой адмахвалася. Яны абедзве на мяне наваліліся. Адна з амапавак, Бандарчук, хацела прамяніць да мяне ўдушальны прыём. Левай рукой пачала душыць, а правай хацела завярнуць маю руку назад. Я вельмі спужалася, да мяне ніколі не ўжывалі гвалт. Інстынктыўна я ўкусіла Бандарчук за руку», – распавядае Марына Палікарпава.

Дар’я Бандарчук. Скрын з відэарэпартажа «Моцная прыгажосць»

Далучылася Мазуркевіч, жанчыну скруцілі. Пасля гэтага амапаўкі паклікалі супрацоўніка ў міліцэйскай форме, які сядзеў у бусе спераду.

«Тут я адчула моцны ўдар зверху па патыліцы. Некалькі тыдняў я не магла павярнуць шыяй. Да гэтай пары ёсць болі. Мне зашпілілі кайданкі так, што з правай рукі пайшла кроў», – распавядае Марына Мікалаеўна.

Жанчыну даставілі ў Ленінскі РАУС.

«Усё пачалося з таго, што міліцыянткі груба мяне абразілі. Я зрабіла ім заўвагу, і ім гэта не спадабалася. Я да РАУСА нават дакладна не ведала, куды мяне вязуць, хто гэтыя дзяўчыны, толькі здагадвалася, што міліцыянткі. Мне ніхто не тлумачыў, што я затрыманая. Ні ў якіх мітынгах я не ўдзельнічала, не выкрыквала лозунгаў, сімволікі не мела», – распавядае Палікарпава.

Гісторыі
«Падзякуйце, што сына вярнулі цэлым і жывым». Сям’ю затрыманага падлетка прызналі сацыяльна небяспечнаю
2020.11.21 08:58

Па яе словах, падчас вочнай стаўкі з міліцыянткамі на іх пашкоджанняў не было відаць, а сама яна «была ўся сіняя». Яна падала заяву ў праваахоўныя органы, каб узбудзілі крымінальную справу на міліцыянтак за тое, што яе збілі. Але справу так і не ўзбудзілі.

Мазуркевіч: Палікарпава мэтанакіравана ўдарыла мяне і ўкусіла калегу

На судзе амапаўка Мазуркевіч распавяла, што 9 жніўня да іх у службовую машыну пасадзілі Марыну Палікарпаву, каб адвезці яе ў РАУС за ўдзел у мітынгу.

Яна падкрэсліла, што міліцыянткі яе не абражалі, Бандарчук нават падала руку Палікарпавай, каб дапамагчы зайсці ў бус.

«Мы прадставіліся ёй, растлумачылі, што яна затрыманая па адміністрацыйнай справе. Марына Мікалаеўна пачала скандаліць, сказала, што нічога не парушала, што нікуды з намі не паедзе і некалькі разоў спрабавала пакінуць службовы аўтамабіль. Дастала тэлефон і хацела нас здымаць. Мы папярэдзілі, што здымаць нас нельга, і калі яна не супакоіцца, мы будзем вымушаныя прымяніць сілу і спецсродкі – кайданкі», – кажа Мазуркевіч.

Па яе словах, Марына Палікарпава пачала біцца, крычаць, мэтанакіравана ўдарыла яе ў твар, сцягнула з яе маску і падрапала лоб, укусіла Бандарчук за руку.

Беларускі свет
Паставілі чорны крыж, каб збіваць да смерці
2020.11.24 19:30

«Палікарпава спецыяльна ўзяла руку маёй калегі і ўкусіла. Пратрымала так каля хвіліны. Добра памятаю твар Бандарчук, на якім было здзіўленне і боль», – адзначае Мазуркевіч.

Амапаўкі заламілі Марыне Палікарпавай рукі і надзелі кайданкі. Пасля гэтага павезлі ў РАУС.

Падчас пытанняў адвакаткі Мазуркевіч пачала блытацца ў сваіх паказаннях і ў выніку шмат пра што «забыла» і шмат чаго «не бачыла». У судзе завісалі доўгія паўзы, калі амапаўка доўга не магла адказаць на пытанні.

«У той дзень на нас была вельмі вялікая фізічная і маральная нагрузка, таму штосьці магло не зафіксавацца ў памяці», – растлумачыла супярэчнасці Марыя Мазуркевіч.

Такія ж паказанні былі і ў яе калегі.

Міліцыянткі падалі пазоў на кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 5000 рублёў кожная.

Што вядома пра гарадзенскіх амапавак

Марыя Мазуркевіч, 1987 года нараджэння, выпускніца юрыдычнага факультэту Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы. У 2016 годзе завочна скончыла магістратуру, цяпер вучыцца ў аспірантуры, піша кандыдацкую дысертацыю.

У АМАПе служыць з 2010 года. Муж Марыі, Дзяніс, працуе ў патрульна-паставой службе міліцыі Кастрычніцкага РАУС. Раней ён таксама быў АМАПаўцам. Сям’я выхоўвае дваіх дзяцей.

Мaю прaвa
«У мяне быў шок, калі я ўбачыў сваю нагу!» Сілавікі моцна скалечылі маладзёна
2020.11.06 18:35

У сюжэце «Сіла і прыгажосць», які выйшаў у 2019 годзе, дзяўчына расказвае, што яе бацька быў ваенным, і ёй заўсёды хацелася пайсці па яго слядах.

Дар’я Бандарчук служыць у АМАПе 6 гадоў. У 2018 годзе, у гонар 30-гадовага юбілею беларускага АМАПу, яе ўзнагародзілі нагрудным знакам «За самаадданую службу» II ступені. Замужам.

У тым жа рэпартажы «Сіла і прыгажосць» распавядае, што марыла служыць менавіта ў АМАПе, і што «гэта яе ўсё».

Саша Праўдзіна, belsat.eu

Стужка навінаў