Бульдозеры руйнуюць найвялікшы балотны комплекс Еўропы

ВІДЭА

У верасні праз Альманскія балоты пройдзе новая дарога. 14 кіламетраў грунтовага шляху Палескі лясгас пракладае праз натуральнае балота – гэтымі днямі экскаватары раскопваюць ландшафтны заказнік.

Альманскія балоты – найбуйнейшы ў Еўропе заказнік балотаў, які захаваўся да нашых дзён у некранутым стане. Плошча балотнага масіву – больш за 900 квадратных кіламетраў, ён размяшчаецца на тэрыторыі дзвюх дзяржаваў: Беларусі ды Украіны.

Гэты комплекс балотаў выключны, бо не пацярпеў ад меліярацыі. У савецкія часы тут быў вайсковы палігон і вялося сакрэтнае выпрабаванне зброі.

Тэрыторыя стала галоўным месцам гнездавання самай асцярожнай драпежнай птушкі Беларусі – вялікага арляца, або вялікага падворліка. Агулам на Альманскіх балотах навукоўцы налічылі 151 гатунак птушак, 25 з іх занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. Тут жыве балотная чарапаха, запісаная ў міжнародныя Чырвоныя кнігі

Дарога, якую тут пабудуюць, утворыць дамбу, што парушыць гідралагічны рэжым на балотах.

Адная частка масіву будзе назапашваць ваду і ператварацца ў вадаём, а другая – асушацца.

Адмыслоўцы «Аховы птушак Бацькаўшчыны» заклікаюць прыпыніць будоўлю і перагледзець праект, зрабіўшы экалагічную экспертызу, але ўлады сцвярджаюць, што дарога дакладна не прынясе шкоды.

Відэа – Іван Мураўёў, аўтар блогу bdz.by; фота анонсу – радыё «Свабода»

Глядзі таксама
Каментары