Брытанцы патрабуюць новы рэферэндум пра «брэкзіт»

Абноўлена

Фота: Simon Dawson / REUTERS / FORUM

У Лондане адбываецца масавая акцыя пратэсту, звязаная з выхадам Вялікай Брытаніі з Еўразвязу. Пратэстоўцы патрабуюць правядзення яшчэ аднаго рэферэндуму, падчас якога мусіць канчаткова вызначыцца дамова пра «брэкзіт».

Паводле падлікаў арганізатараў у агульнай складанасці ў дэманстрацыі прынялі ўдзел каля 500 тысячаў асобаў, паведамляе ВВС. У мітынгу ўдзельнічаў мэр Лондану Садык Хан, прадстаўнікі палітычных партый.

«Няма нічога больш дэмакратычнага, чым даверыць людзям сказаць апошняе слова з нагоды іх будучыні», – заявіў мэр Лондану, які падтрымлівае правядзенне другога рэферэндуму.

Галоўнае патрабаванне пратэстоўцаў – даць слова грамадзянам краіны. На думку мітынгоўцаў, будучыня іх краіны павінна вызначацца людзьмі, а не ў кулуарах парламенту. Брытанцы выказваюць меркаванне, што насамрэч умовы «брэкзіту» апынуліся зусім іншымі і не падобнымі да тых, якія прадставілі палітыкі яшчэ да рэферэндуму. Мітынгоўцы адзначаюць, што калі нехта атрымлівае кантракт, то мае права з ім азнаёміцца, у тым ліку праглядзець і тое, што напісана дробным шрыфтам.

Акцыя пратэсту ў Лондане з’яўляецца працягам чэрвеньскага маршу, які быў прымеркаваны да другой гадавіны рэферэндуму.

У чэрвені 2016 года брытанцы з мінімальнай перавагай – 51.89% супраць 48.11% – прагаласавалі за выхад краіны з ЕЗ. Краіна атрымала два гады на падрыхтоўку да выхаду з Еўразвязу, і ўвесь працэс павінен завершыцца 29 сакавіка 2019 года. Але да гэтага часу канчатковыя ўмовы так і не выпрацаваныя. Таму існуе верагоднасць, што пераходны перыяд будзе працягнуты.

ЕЗ і Брытанія разлічваюць дамовіцца да канца году

СК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары