Блогер Ліпковіч спрабуе судзіцца з выдавецкім домам «Беларусь сегодня»


Яўген Ліпковіч звярнуўся ў суд па абарону гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. Прычына – артыкул Андрэя Мукавозчыка «Партрэт Дарыяна Грэя», змешчаны выданнем «Беларусь сегодня». Блогер патрабуе абвяржэння, а таксама 1000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.

Першапачаткова суддзя Савецкага раёну Жданко адмовіў у разглядзе справы і прапанаваў канкрэтызаваць, якія сказы артыкулу абражаюць годнасць Яўгена Ліпковіча. Блогер разам з адвакаткаю Марыяй Колесавай-Гудзілінай перакананыя, што абзац пра блогера трэба разглядаць у кантэксце ўсяго артыкулу. І абскарджваюць рашэнне ў гарадскім судзе.

«Я ведаю, якое будзе рашэнне, таму я кладу гэты ліст у канверт», – блогер бярэ паперу і кладзе ў канверт.

Ліпковіч з адвакаткаю настойваюць на тым, што тэкст, апублікаваны на сайце газеты «СБ. Беларусь сегодня», не толькі абразлівы, але і мае прыкметы антысемітызму. У якасці доказу блогер падае высновы Міжнароднага інстытуту даследавання антысемітызму пры Іерусалімскім універсітэце. «Дадзены тэкст утрымлівае антысемітычныя выказванні», – напісана ў заключэнні.

Яўген Ліпковіч. Фота з сацыяльных сетак

Аўтар дзяржаўнай газеты Андрэй Мукавозчык вядомы абразлівымі выказваннямі пра журналістаў незалежных СМІ, актывістаў і проста людзей, што маюць меркаванне, адрознае ад афіцыйнага. Аўтар параўноўвае блогера са скунсам і робіць брыдкія выпады адносна ягонага генафонду.

«Мне дачка з-за мяжы прыслала спасылку на гэты тэкст і спытала: «У мяне сапсаваны генафонд?», – абураецца Ліпковіч.

Гарадскі суд пакінуў рашэнне раённага суда без зменаў, суддзя Пруднікава яшчэ раз прапанавала канкрэтызаваць, якія менавіта звесткі абражаюць годнасць Ліпковіча.

Наста Кахановіч belsat.eu

Стужка навінаў