«Білі ад нуды»: як сепаратысты катуюць украінскіх палонных


Вайскоўцы самаабвешчанай ДНР падчас абмену палоннымі каля вёскі Горлаўка ў Данецкай вобласці. Фота – Аляксандр Рэкун / Russian Look / Forum

Што такое «званок Пуціну» і як рыхтуюцца інтэрв’ю палонных украінцаў з расейскімі медыямі? Карэспандэнтка Belsat.eu паразмаўляла з вызваленымі з палону сепаратыстамі – на ўмовах ананімнасці яны распавялі пра перажытае.

30 снежня ў Кіеў прыляцелі 76 чалавек, якіх абмянялі на 127 сепаратыстаў або іх прыхільнікаў, якія знаходзіліся ва ўкраінскіх турмах. Сярод грамадзянаў Украіны, якія вярнуліся на падкантрольную краіне тэрыторыю, былі 12 украінскіх вайскоўцаў. Некаторыя з іх знаходзіліся ў палоне з часоў баёў за Данецкі аэрапорт або бітваў пад Дэбальцава, якія прайшлі ў першыя месяцы 2015 года.

Астатнія вызваленыя – цывільныя, захопленыя сепаратыстамі на тэрыторыях Луганскай і Данецкай вобласцяў, акупаваных так званымі народнымі рэспублікамі.

Мы не можам раскрыць імёны людзей, сведчанні якіх прыводзім, а таксама дэталі, якія палягчаюць іх ідэнтыфікацыю. Ананімнасць неабходная для гарантыі бяспекі ўдзельнікаў тых падзеяў, чальцоў іх сем’яў, якія жывуць на тэрыторыі Данбаса, а таксама палонных, якіх па-ранейшаму ўтрымліваюць ў няволі.

Меркаванні
Данбаскі канфлікт: абмен палоннымі і думкамі
2019.12.30 13:00

Цывільны, у палоне 3 гады

Сігналам хуткага збіцця была гучная музыка, распавядае былы ваеннапалонны. Сепаратысты ўключалі яе падчас папоек.

«Калі яны выпівалі, ім станавілася нудна. Білі гумовай паліцэйскай дубінкай з металічным стрыжнем або прыкладамі ад вінтовак, ножкамі ад сталоў, і ўсім, што траплялася ў рукі. Ад збіцця ламаліся рукі, ногі, пальцы. Шмат разоў пасля збіцця я не мог устаць. Яны зацягвалі мяне ў камеру, і я чакаў, пакуль усё пачнецца спачатку».

Аднак не збіццё было горшым, кажа наш суразмоўца. Тым, каго толькі білі, пашанцавала:

«Чалавеку можна зрабіць нашмат горшыя рэчы. Напрыклад, можна зрабіць «ластаўку» – павесіць за рукі ў кайданках за спіной. Некаторых трымалі ў такім становішчы некалькі дзён. Хлопец, які сядзеў у суседняй камеры, цалкам страціў ад гэтага адчувальнасць у руках».

Жаўнер украінскіх ВС, у палоне 3 гады

Катаванні былі не толькі інструментам атрымання інфармацыі, але спосабам забавы, распавядае вайсковец:

«Праз некаторы час чалавек адказвае на ўсе пытанні, абы яго больш не мучылі. Сепаратысты катуюць часам проста так: нават не для здабычы нейкай інфармацыі, а проста для забавы. Жартам задаюць пытанні без сэнсу».

Мужчына кажа, што, напрыклад, падчас катаванняў прызнаўся ва ўдзеле ў замаху… на Льва Троцкага ў 1940 годзе.

Жаўнер украінскіх ВС, у палоне 3 гады

Паразы электрычным токам былі найбольш распаўсюджаным спосабам катаванняў, распавядае былы ваеннапалонны. Для гэтага выкарыстоўвалі розныя прыстасаванні: электрашокер, два электрычныя дроты, падлучаныя да разеткі, або зарадная прылада для аўтамабільнага акумулятара.

«На пачатку мне замацоўвалі дроты на галаве, але потым мянялі месцы. Справа ў тым, што калі ток б’е шмат разоў у адно месца, то арганізм прывыкае да болю. Нервовая сістэма ўжо не рэагуе. Таму часта змяняюць месца паразы – гэта могуць быць рукі, ногі, або адзін провад на падпаху, а другі на вялікі палец».

Яшчэ адна прылада катаванняў – старыя палявыя савецкія тэлефоны, на якіх усталяваны генератар электраэнергіі:

«Правады прымацоўваюць да вушэй і называюць гэта «званком Пуціну». Яны любяць гэты спосаб, таму што ён не пакідае бачных слядоў».

Прадстаўнікі «народных рэспублік» дастаўляюць палонных грамадзянаў Украіны на КПП пад Горалаўкаю для абмену. 29 снежня 2019 года. Фота – Валянцін Спрынчак / TASS / Forum

Жаўнер ўкраінскіх ВС, у палоне 3 гады

Для катаванняў таксама часта выкарыстоўваюць звычайныя пластыкавыя пакеты.

«Яны нам на галовы нацягваюць пластыкавыя мяшкі і душылі да таго часу, пакуль з роту не пачынала працякаць пена. Чалавек ужо думаў, што памрэ, але ў апошні момант пакет здымалі, давалі званітаваць і падыхаць, а потым зноў адзявалі», – распавядае наш суразмоўца.

Салдат украінскіх ВС, у палоне 5 гадоў

Мужчына лічыць, што здзекі над палоннымі для сепаратыстаў былі формай разрадкі. Ён сам патрапіў да групы добраахвотнікаў з Расеі, якія называюцца, па словах мужчыны, Казацкім саюзам Данскога войска.

«Там было горш за ўсё. Да нас часта прыводзілі сепаратыстаў, якія толькі што вярнуліся з фронту і на нас зрываліся, то бок давалі волю сваёй агрэсіі. Аднойчы прыйшлі ноччу і аблілі мяне ацэтонам – хацелі спаліць мой казацкі чуб, але запальнічка не спрацавала. Тады яны адрэзалі яго нажніцамі».

Паводле вайскоўца, каты таксама аблілі яго аранжавай фарбай і прыляпілі да галавы брудны, разарваны сцяг Украіны. Хадзіць так давялося некалькі дзён.

Hавiны
Украіна абмяняла беларуса-антымайданаўца, які ўдзельнічаў у масавых закалотах у Адэсе
2020.01.03 11:48

Жаўнер украінскіх ВС, у палоне 3 гады

Яшчэ адзін спосаб здзеку над палоннымі – імітацыя пакарання смерцю.

«Выводзяць цябе ў калідор, ставяць да сцяны, чытаюць дакумент, падпісаны так званымі лідарамі народных рэспублік, з рашэннем аб расстрэле. Даюць табе апошняе жаданне, напрыклад, дазваляюць выкурыць цыгарэту. Некалькі сепаратыстаў становіцца ў 10-20 метрах ад цябе, цэляцца з аўтаматаў. Чуеш серыю стрэлаў, думаеш, што ўсё скончана. Але праз некаторы час аказваецца, што стралялі халастымі. Твой кашмар працягваецца».

Мужчына не хавае, што людзі, якія перажылі такое катаванне, часам прасілі расстраляць іх па-сапраўднаму.

Цывільны, у палоне 4 гады

Наступны наш суразмоўца распавёў, што ўзімку яго выганялі на вуліцу без адзежы на мароз:

«Палівалі халоднай вадой, палохалі, што потым мне давядзецца ампутаваць канечнасці».

Жаўнер украінскіх ВС, у палоне 3 гады

Пра ўмовы зняволення, у якіх гадамі яго ўтрымлівалі сепаратысты, нам распавёў былы палонны вайсковец:

«У камеры, дзе мяне трымалі, не было ні туалета, ні крана, толькі металічны ложак і 6-літровая пластыкавая бутэлька, у якую можна было мачыцца. Схадзіць у прыбіральню можна было толькі а 5 раніцы і 9-й вечара. Душ быў раз на тыдзень».

Паводле мужчыны, горшай катаванне была ізаляцыя:

«За ўвесь гэты час я не кантактаваў з вонкавым светам. Мне ні разу не дазвалялі патэлефанаваць ці напісаць ліст родным, я не ведаў, што адбываецца ў свеце».

На месцы абмену палоннымі.
Фота: facebook.com/president.gov.ua

Цывільны, у няволі 2 гады

Наступны суразмоўца «Белсату» правёў увесь час свайго палону ў нары памерам 2 на 3,5 метры, у якой утрымлівалі дваіх зняволеных. Туалетам служыла дзірка ў зямлі. Нягледзячы на ​​тое, што прайшлі 2 тыдні з моманту вызвалення, мужчына ўсцяж прачынаецца ад кожнага шолаху, яму здаецца, што ахоўнікі прыйшлі, каб зацягнуць яго на допыт.

«Не магу прывыкнуць да цемры. Святло ў камерах ніколі не гасла, нават уначы. Спачатку ў мяне балелі вочы і галава, але потым я прывык. Мае вочы прывыклі толькі да рэзкага святла – калі яно нават трохі згасае, я быццам сляпы. Я стараюся не выходзіць са шпіталя пасля 15:00 таму што баюся, што не змагу вярнуцца ў будынак сам».

Жаўнер украінскіх ВС, у палоне 3 гады

Пра тое, як палонных «рыхтавалі» да інтэрв’ю з расейскімі медыямі, распавядае наступны былы палонны, які прайшоў абмен:

«Яны прымушаюць даваць інтэрвʼю. Спачатку даюць тэкст і прымушаюць яго вывучыць. Правяраюць, ці не блытаешся, калі памылішся – бʼюць. З мяшком на галаве прыводзяць у пакой, дзе чакаюць мясцовыя журналісты, якія працуюць на сепаратыстаў, прадстаўнікі сілавых структур, а таксама каманды расейскіх медыяў – такіх, як Расея 1, Расея 24 або НТВ».

Вынікам гэтых «інтэрвʼю» былі матэрыялы, якія зʼяўляюцца ў расейскіх медыях пад загалоўкамі «сведкавыя паказанні ўкраінскіх шпіёнаў» або «споведзь украінскага дыверсанта». Былы палонны сцвярджае, што людзі «прызнаваліся» ва ўсім у страху за жыццё:

«Часам, калі хто-небудзь не згаджаўся, гэтыя так званыя журналісты паслухмяна чакалі, пакуль сепаратысты давядуць яго да стану, у якім ён скажа што заўгодна».

Паводле Службы бяспекі Украіны, на акупаваных тэрыторыях па-ранейшаму знаходзяцца каля 150 украінскіх палонных, яшчэ 400 прапалі без вестак. Большасць затрыманых – гэта жыхары Данбасу, якіх арыштавалі сепаратысты за праўкраінскія погляды ці за падтрымку ўкраінскіх вайскоўцаў.

Сведчанні былых палонных запісала Моніка Андрушэўска для Belsat.eu

Стужка навінаў