Данбаскі канфлікт: абмен палоннымі і думкамі

Пераднавагодні абмен усімі выяўленымі палоннымі паміж афіцыйным Кіевам і так званымі ЛДНР, які адбыўся 29 снежня ў выніку Нармандскіх дамоўленасцяў, ужо выклікаў буру асуджэння на адрас адміністрацыі Уладзіміра Зяленскага з боку ягоных апанентаў ва Украіне.

Асабліва спрэчным аказалася пытанне аб перадачы – фактычна не столькі ДНР і ЛНР, колькі Расеі – былых байцоў кіеўскага спецназу «Беркут», якія былі пад судом за абстрэл Еўрамайдану ў студзені – лютым 2014 года. Тут Зяленскаму дасталася на арэхі ад тых ягоных палітычных апанентаў, вынесеных на вяршыню ўлады Майданам. Маўляў, як жа так: забіраем нявінных людзей, а вызваляем ад пакарання крымінальных злачынцаў!

Сваякі і сябры сустракаюць вызваленых ўкраінскіх зняволеных пасля прыбыцця ў міжнародны аэрапорт Барыспаль. Фота Pavlo Gonchar / Zuma Press / Forum

Нагадаем, што справа аб стральбе на Майдане незалежнасці была ўзбуджаная яшчэ да прыходу ў прэзідэнцкія апартаменты Пятра Парашэнкі, падчас выканання абавязкаў прэзідэнта Аляксандрам Турчынавым. Таму за мінулыя пяць з лішнім гадоў у пракуратуры, якая падпарадкоўвалася тагачаснай уладзе не ў меншай ступені, чым гэта адбываецца сёння, была выдатная магчымасць сабраць неабходныя доказы, каб суд вынес адпаведны прысуд. Але следства так і не было завершанае, таму ўсе папрокі на адрас каманды Зяленскага сёння па праве абарочваюцца супраць ягоных папярэднікаў. Маўляў, калегі, што ж вы міргалі, калі віна тых, каго вызваляюць і абменьваюць, «беркутаўцаў», усе гэтыя гады была для вас відавочная? Ішлі б у суд і там бы яе даводзілі!

Тым не менш, адказнымі аказваюцца «ЗЕ/ленскія». Абурэнне пазіцыяй прэзідэнта, здавалася, было бязмежным. Блогеры кідалі грымоты і маланкі. Будынак следчага ізалятару, дзе ўтрымлівалі «беркутаўцаў», быў ачэплены пікетоўцамі, што збіраліся такім чынам не дапусціць іх вывазу для абмену. Аднак абмен адбыўся.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі бярэ ўдзел у цырымоніі прывітання вызваленых ўкраінскіх зняволеных пасля прыбыцця ў міжнародны аэрапорт Барыспаль. Фота Pavlo Gonchar / Zuma Press / Forum

Чаму ён быў гэтак важны для Зяленскага? Прэзідэнт Украіны паслядоўна дэманструе сваім «партнёрам» па «нармандскім фармаце» (нагадаем: Нямеччыне, Францыі і Расеі) сваю дамоўленасць, жаданне стрымаць – хай нават са шкодай для ўласнай рэпутацыі ўнутры краіны – дадзенае слова і працягнуць дыялог. Таму калі б урадавым войскам давялося браць штурмам СІЗА ў цэнтры Кіева, каб гэты абмен адбыўся, хутчэй за ўсё, Зяленскі (абапіраючыся на падтрыманне міністра ўнутраных справаў Арсена Авакава) пайшоў бы і на гэта.

Hавiны
Украіна абмянялася палоннымі з «народнымі рэспублікамі»
2019.12.29 16:13

Але гэты крок быў таксама надзвычай важны і для тых, хто галасаваў за Зяленскага – супраць Парашэнкі. Украінцы стаміліся ад вайны. Так, яны вельмі хочуць цэласнасці і суверэнітэту сваёй краіны, але яшчэ больш яны хочуць міру. Не любым коштам – але міру. І дыялог з нагоды абмену «тых, каго ўтрымліваюць» – для іх таксама своеасаблівы сігнал: улада хоча таго ж, чаго хочам і мы. Яна хоча вяртання палонных да іхных семʼяў.

Сваякі і сябры сустракаюць вызваленых ўкраінскіх зняволеных пасля прыбыцця ў міжнародны аэрапорт Барыспаль. Фота Pavlo Gonchar / Zuma Press / Forum

Уласна кажучы, гэта ўжо другі падобны крок Зяленскага. Першым стала вяртанне дадому экіпажаў караблёў, захопленых Расеяй у выніку інцыдэнту ў Азоўскім моры. Нагадаем, што і гэты інцыдэнт адбыўся ў прэзідэнтуру Пятра Парашэнкі – а вяртанне маракоў стала адным з першых вынікаў уваходжання ва ўладу Уладзіміра Зяленскага. І можна колькі заўгодна казаць аб тым, што такім чынам Крэмль падыгрывае Зяленскаму. Так, падыгрывае, гэта несумненна. Але глядач украінскіх тэлеканалаў бачыць слёзы жонак і маці, якія абдымаюць сваіх мужоў і сыноў, якія доўгі час заставаліся ў палоне. І гэтыя слёзы болю і радасці адначасова значаць сёння для Украіны пэўна больш, чым абурэнне ўсіх блогераў свету, разам узятых.

Менавіта гэтыя абмены дазваляюць Зяленскаму падтрымліваць рэйтынг і ўзровень даверу, які непазбежна падае – як было б і ў любой іншай краіне, якая ваюе. І гэта верная гарантыя таго, што «аперацыя «Вяртанне» будзе адбывацца зноў і зноў пры першай жа магчымасці. А апанентам адрасуюць пытанне жорсткае, як у Карлсана ў адносінах з фрэкен Бок:

– Ты хочаш, каб яны вярнуліся ў семʼі, гэтыя нашы героі? Адказвай выразна: «так» – ці «не»?

Вось і паспрабуйце адказаць «не». А Зяленскі на вас паглядзіць.

Аб’ектыў
Украіна перадала Данбасу беркутаўцаў, якіх вінавацілі ў расстрэле Майдану
2019.12.29 21:48

Аляксандр Федута belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў