Беражкоў узначаліў дэпартамент федэрацыі футбола па маркетынгу і камунікацыям


Кіраўнік Беларускай федэрацыі футбола (БФФ) распавёў, на якой пасадзе будзе працаваць Уладзімір Беражкоў.

З учорашняга дня ён працуе ў федэрацыі, дзе будзе ўзначальваць дэпартамент па маркетынгу і камунікацыям. Пра гэта распавёў кіраўнік БФФ Сяргей Румас на штомесячным брыфінгу федэрацыі.

Прапанова аб працы для Уладзіміра Беражкова сыходзіла ад Сяргей Румаса.

Цягам траўня Уладзімір Беражкоў працаваў па дамове падраду ў Беларускім клубе біятлону, куды яго запрасілі неўзабаве пасля вызвалення са следчага ізалятару па падпіску пра нявыезд.

Раней Уладзімір Беражкоў зʼяўляўся генменеджарам ХК «Дынама» (Менск).

13 жніўня мінулага года ён быў затрыманы. Разам з былым гендырэктарам ХК «Дынама» (Менск) Максімам Суботкіным генменеджара абвінавацілі ў нанясенні матэрыяльнай шкоды клубу на суму больш 3 млрд рублёў.

У красавіку стала вядома, што хакеісты і трэнеры менскага «Дынама» напісалі ліст Аляксандру Лукашэнку ў падтрымку Уладзіміра Беражкова.

6 красавіка бягучага года мера стрымання Уладзміра Беражкова была змененая з заключэння пад вартай на падпіску пра нявыезд. У Генпракуратуры адзначылі, што пад увагу былі ўзятыя раскаянне Беражкова, садзеянне падчас расследавання і поўная кампенсацыя страты.

НМ, belsat.eu, паводле «Прессбол»

Стужка навінаў