Берасцейскіх назіральнікаў у першы дзень датэрміновага галасавання адправілі на вуліцу


Галасаванне ў 26 школе Берасця. Назіральнікі з вуліцы ніяк не могуць пабачыць, што адбываецца ў памяшканні.
Фота: «Белсат»

Большасць берасцейскіх незалежных назіральнікаў у першы дзень датэрміновага галасавання так і не змагла трапіць на выбарчыя ўчасткі.

Даведка

На ўчастку для галасавання ў часе датэрміновага галасавання можа быць не больш за тры назіральнікі, а ў асноўны дзень – не больш за пяць, такую пастанову прыняла ЦВК на сваім паседжанні 22 ліпеня.

– У першы дзень датэрміновага галасавання на выбарах прэзідэнта Беларусі на больш за 90 % участкаў акрэдытаваныя назіральнікі кампаніі «Права выбару» не дапушчаныя да назірання. Адпаведна, на працягу дня намі пададзеныя скаргі ў выбарчыя камісіі і пракуратуру, – распавёў «Белсату» каардынатар кампаніі «Права выбару» па Берасцейскай вобласці Ігар Маслоўскі.

Пусты выбарчы ўчастак у 28-й школе Берасця.
Фота: «Белсат»

Назіральніка Юрыя Жыдовіча з 41-га берасцейскага выбарчага ўчастку вывела міліцыя.

– Я назіральнік з вялікім вопытам, ведаў пра пастанову ЦВК, што будуць дапускаць толькі траіх назіральнікаў, і хоць гэтая пастанова, лічу, не адпавядае дзейнаму заканадаўству, я прыехаў на ўчастак загадзя і быў адзіным назіральнікам, прысутнічаў на апячатванні скрыняў. А потым старшыня камісіі запатрабавала, каб я пакінуў участак, але я сказаў, што яе патрабаванне незаконнае, і больш за гадзіну заставаўся на ім, пасля чаго мяне з участку вывела міліцыя. Натуральна, пасля гэтага я напісаў скаргу, – распавёў Юрый Жыдовіч «Белсату».

Участак для галасавання ў берасцейскім ліцэі №1.
Фота: «Белсат»

Не трапіў на выбарчы ўчастак і іншы назіральнік, Сяргей Мазан.

– 3 жніўня мне ўвечары патэлефанавала старшыня камісіі і сказала, што для назірання яна мне можа вылучыць першую палову дня 5 жніўня. Я сказаў, што гэта парушае закон і ў гэтым удзельнічаць не хачу. Сёння я прыйшоў на ўчастак, але мне на ім назіраць не дазволілі, старшыня камісіі дазволіла сядзець на тэрыторыі школы, але на вуліцы. Мяне такое становішча рэчаў не задаволіла, і я падаў скаргу, – адзначыў Сяргей Мазан.

– Таксама я стаў сведкам, як на выбарчыя ўчасткі прывозілі групы вайскоўцаў, мне вядома мінімум пра два такія выпадкі. Імаверна, салдат прымушаюць галасаваць датэрмінова, – распавёў «Белсату» Сяргей Мазан.

Берасцейскіх назіральнікаў у першы дзень датэрміновага галасавання адправілі на вуліцу.
Фота: «Белсат»

Сяргей Вакуленка дамогся права назіраць толькі ў другой палове першага дня галасавання, а раніцай назіральнік заставаўся за турнікетам берасцейскага ліцэю № 1.

– Я лічу, што мае правы парушаныя, таму падаў скаргу ў раённую выбарчую камісію, – сказаў Сяргей Вакуленка «Белсату».

Назіральнік Сяргей Вакуленка (злева) цудам змог патрапіць на выбарчы ўчастак.
Фота: «Белсат»

Усяго за сёння ў Берасці назіральнікі падалі больш за сто скаргаў. Паводле назіральнікаў, людзей на ўчастках практычна няма.

АС Belsat.eu

Стужка навінаў