Берасцеец забыў у прыбіральні ў Лепелі 3000 долараў


Скрыншот з камеры назірання на АЗС. Крыніца: vitebsk.mvd.gov.by

Мужчына з Берасцейшчыны ехаў з жонкай у Полацк па абсталяванне для сваёй фірмы. Пры ім была гатоўка ў 3000 долараў, паведамляе УУС Віцебскага аблвыканкаму.

Па дарозе пара спынілася ў Лепелі на запраўцы. Адсутнасць сумкі з грашыма спадар высветліў, толькі калі сям’я адʼехала ад АЗС каля 30 кіламетраў. Мужчына зразумеў, што пакінуў рэчы і грошы ў прыбіральні на вешалцы.

Берасцейцы патэлефанавалі на запраўку, каб даведацца, ці засталося на месцы іх майно, а калі аператар паведаміў, што сумкі няма, яны звярнуліся ў міліцыю.

Міліцыя высветліла, што забраў сумку 47-гадовы мянчук.

«Мужчына спачатку энергічна аднекваўся ад крадзяжу, але пад цяжарам доказаў прызнаўся, што грошы забраў менавіта ён. Ён распавёў, што зайшоў у туалет і адразу звярнуў увагу на сумку. А калі знайшоў у ёй 3000 долараў, то вельмі ўзрадаваўся і паспяшаўся зʼехаць з АЗС», – распавялі ў міліцыі.

Мужчына адвёз грошы да маці і аддаў ёй на захоўванне, узяўшы сабе на выдаткі 200 долараў. У дачыненні да падазронага распачата крымінальная справа.

Падчас здарэння на АЗС было шматлюдна і прыбіральню наведвалі розныя людзі, але ніхто іншы не забраў сумку з грашыма.

 

belsat.eu

Стужка навінаў