Беляшы і белыя стужкі. Як галасуюць зранку ў Віцебску


Алкаголь ніхто не набывае, усе сур’ёзныя.

Фота: Зміцер Казакевіч / Belsat,eu

9 жніўня. Звычайны выбарчы ўчастак №65 у Віцебску. Эмацыйную атмасферу стварае міліцыянт у белай кашулі і беляшы ў буфеце. Прадаюць і гарэлку, і нават віскі. Але ніхто пакуль не куляе. Ніхто і не пасміхаецца. Пануе напружанасць.

Фота: Зміцер Казакевіч / Belsat,eu

Выбарцы кідаюць першы позірк не на вочы, а на рукі: ці ёсць белая стужка? Наш ці не наш? Да мяне падбягае старшыня камісіі, як толькі ўздымаю тэлефон, каб зрабіць фотаздымак. Халодныя вочы. Заўважае стужку. «Фатаграфаваць можна толькі вунь тое месца». Куток з афіцыйным назіральнікам.

Але не паспяваю. Бачу, як маладая сямʼя падводзіць да скрыні галасавання свайго сына каля 8 год, каб ён укінуў бюлетэні. Фатаграфую.

Фота: Зміцер Казакевіч / Belsat,eu

На пытанне, колькі на ўчастку прагаласавала датэрмінова, старшыня камісіі паказвае пальцам у іншы кут. Там пратакол. 2100 бюлетэняў, датэрмінова прагаласавала 779. Сярэдні паказнік на Віцебшчыне. Недзе 30 %.

Фота: Зміцер Казакевіч / Belsat,eu

Калі на выхадзе здымаю на камеру бяляш, падыходзяць яшчэ адна суворая жанчына ў масцы з бэйджыкам «дзяжурная». Папярэджвае, што я знаходжуся на тэрыторыі ўстановы адукацыі і рабіць фота тут забаронена.

Фота: Зміцер Казакевіч / Belsat,eu

 

Віцебская школа №45 – адна з самых вялікіх у горадзе. Тут месціцца аж 5 выбарчых участкаў. Паводле назіральніцы ад «Сумленных людзей», якая лічыла колькасць выбарцаў на ўваходзе школы, агульная іх колькасць мае сягаць тут 10 тысяч. Паводле ейных падлікаў, на 11:00 прагаласавала каля 1200 чалавек. З белымі стужкамі прыйшлі на ўчастак 125 чалавек.

Фота: Зміцер Казакевіч / Belsat,eu

«Мала пакуль, але ж і ранавата яшчэ, мы іх пазней дагонім», – упэўненая назіральніца.

Зміцер Казакевіч Belsat.eu

Стужка навінаў