Белсатаўцаў вучыў аператар, які выжыў пасля абстрэлу ў Іраку


Невядомыя раней архіўныя кадры пра тое, як ствараўся «Белсат», вы ўбачыце ў дакументальным фільме «Дэсант». 10 снежня наш тэлеканал адзначае 11-годдзе працы.

Дзесяць год таму аўтар стужкі Януш Гаўрылюк ездзіў па Беларусі з польскімі тэлеаператарамі. Яны вучылі людзей, якія хацелі здымаць відэа для «Белсату», абыходзіцца з відэакамерай. Адным з настаўнікаў быў Ежы Эрнст, які працаваў у Іраку ў пары з трагічна загінулым там польскім тэлежурналістам Вальдэмарам Мілевічам. У 2004 годзе іх аўтамабіль абстралялі. Ежы быў паранены, але выжыў.

У 2008-м ён быў адным з тых, хто ехаў у Беларусь на чорным «BMW».

«Тэхнікі не хапала. Памятаю, як мы [замест штатываў – рэд.] прычаплялі асвятляльныя лямпы да швабры», – узгадвае Ежы Эрнст.

Ежы Эрнст. Кадр з дакументальнага фільму Януша Гаўрылюка «Дэсант», прысвечанага 11-годдзю «Белсату»

«У Берасці адзін з нашых вучняў пайшоў здымаць «соткі» [кароткія выказванні – рэд.], і аказалася, што замест гуку на відэа чуваць было вецер. Ежы паказаў яму, як запісаць нармальны гук у палявых умовах: загарнуў мікрафон у цэлафанавы пакет, а зверху прыклаў губку», – дадае Януш Гаўрылюк.

У тыя часы таму ніхто і не марыў пра бязвіз і натоўпы замежных турыстаў на вуліцах беларускіх гарадоў. Усяго за два гады да гэтага ў цэнтры Менску быў брутальна разагнаны намётавы гарадок, у якім моладзь пратэставала супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. Якое ўражанне Беларусь рабіла пасля Іраку?

«У Іраку я атрымаў кулю з аўтамата Калашнікава. У параўнанні з гэтым, паездка ў Беларусь – гэта былі канікулы», – гаворыць Ежу Эрнст.

Януш Гаўрылюк. Кадр з дакументальнага фільму «Дэсант», прысвечанага 11-годдзю «Белсату»

Праўда, канікулы крыху нагадвалі прыгоды Джэймса Бонда: побач штораз апыналіся невядомыя, якія намагаліся сачыць за кожным крокам нашых герояў. А звычайныя мінакі, якіх будучыя журналісты ды аператары «Белсату» спрабавалі запісаць для сваіх вучэбных матэрыялаў, пабойваліся адказваць на пытанні. Януш Гаўрылюк запомніў, як кіроўца аўталаўкі адмовіўся выказвацца перад відэакамерай:

«Гэта наш прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч прыгожа прамаўляе. А я вось скажу што – а заўтра ў кайданках апынуся».

«Агулам людзі ў Беларусі – шчырыя і адкрытыя, але спачатку азіраюцца, каб спраўдзіць, ці ніхто не падслухоўвае», – падсумоўвае свае ўражанні Януш Гаўрылюк.

Якой была Беларусь дзесяць год таму і як вучыліся тыя, хто марыў працаваць на «Белсаце», глядзіце ў стужцы «Дэсант» (відэа вышэй).

З Янушам Гаўрылюком і Ежы Эрнстам размаўляў Якуб Бернат.

ІА, belsat.eu

Стужка навінаў