Дзяржаўная нафтавая кампанія Азербайджана цягам сакавіка паставіць ў Беларусь тры партыі нафты. «Белнафтахім» мае атрымаць каля 250 тысячаў тон сыравіны праз порт Адэсы і нафтаправод «Адэса-Броды», паведамляе Interfax.by.
Першая партыя нафты ў пятніцу 6 сакавіка адпраўленая з порта Джэйхан (Турцыя). На працягу месяца азербайджанская кампанія «Socar Trading» паставіць у порт Адэсы яшчэ два танкеры па 80 тысячаў тонс сыравіны.
«Ёсць дамоўленасці з «Socar Trading» пра пастаўку ў сакавіку трох партыяў нафты агульным аб’ёмам каля 250 тысячаў тон у порт Адэскай вобласці. Далей нафта паступіць па трубаправодзе Адэса-Броды, а потым праз Броды-Мазыр на Мазырскі НПЗ», – адзначаюць у «Белнафтахім».
Раней у лютым канцэрн «Белнафтахім» паведаміў, што набыў 160 тыс. тонаў расейскай нафты ў трэйдараў без прэміі з транзітам праз Літву. Беларуская кампанія па экспарце нафты БНК інфармавала чыгунку Літвы, што танкеры чакаюцца 3-4 сакавіка і 13-15 сакавіка.
Кампанія Lietuvos gelezinkeliai плануе перавозіць з Клайпеды да беларускай мяжы па 100-150 вагонаў з нафтай у содні, а ўвесь груз павінен быць дастаўлены на працягу 10 дзён.