Канцэрн «Белнафтахім» паведаміў, што 4 студзеня працягваецца праца па афармленню дакументаў на пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь.
«Сёння афармляюцца дакументы з расейскай кампаніяй на перапампоўку першай партыі нафты, якая закупляецца па кошце без прэміі. Аб’ём сыравіны, якая будзе пастаўленая бліжэйшым часам, а таксама назапашаныя рэсурсы дадуць магчымасць забяспечыць няспынную працу айчынных нафтаперапрацоўчых заводаў у студзені 2020 года», – паведамляе прэс-служба канцэрну «Белнафтахім».
У другой палове дня стала вядома, што прапампоўванне нафты з Расеі на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы аднавілася. Першым сыравіну атрымае ААТ «Нафтан», затым – Мазырскі НПЗ. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні «Белнафтахіму» Уладзімір Сізоў, перадае belta.by.
Цягам студзеня канцэрн разлічвае атрымаць з Расеі 650 000 тонаў нафты.
Нагадаем, што ад 1 студзеня Расея спыніла пастаўкі нафты на беларускія НПЗ, а Беларусь была вымушаная спыніць экспарт нафтапрадуктаў, каб эканоміць рэсурсы для ўнутраных патрэбаў.
Прадстаўнікі Літвы і Латвіі выказалі гатоўнасць аказаць Беларусі паслугі па перагрузцы, захоўванню і транспартаванню нафты. З латвійскага боку з адпаведнаю заяваю выступіла Міністэрства транспарту, з боку Літвы пра магчымасць транспартаваць у Беларусь да 3 млн тонаў нафты на год заявілі ў кампаніі LG Cargo, якая зʼяўляецца часткаю Літоўскай чыгункі.
ЮВ belsat.eu